Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XL, лістапад 2008 г. / хешван 5769 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XL, лістапад 2008 г. / хешван 5769 г.
====================================================

ПАМЯТНЫЯ ПАДЗЕІ
Да Дзён памяці была рэстаўравана Алея ля мінскай «Ямы». У пачатку лістапада на рагу Раманаўскай Слабады і Сухой з’явілася чорная копія мемарыяльнай табліцы, скрадзенай летась і вернутай у Гістарычную майстэрню дбаннем пасольства Германіі ў РБ. «Белпошта» выпусціла марку наміналам 500 рублёў з эмблемай ААН, выявай калючага дроту і надпісамі на беларускай і іўрыце: «Памяці ахвяр Халакоста». 21 змагар-падпольшчык з Мінскага гета пасмяротна атрымаў ад беларускага ўрада медалі «60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Леанід Зубараў выдаў кнігу «Расплата» пра беларускіх яўрэяў-падпольшчыкаў і забойства Кубэ, якая прэзентавалася МОЕКам 2 лістапада на Харужай, 28 (МЕОД).

1КРАНАЛЬНАЕ КІНО
Падначалены Рыгора Кісяля Тэнгіз Думбадзэ прадоўжыў серыю «Подых планеты» фільмам пра былых вязняў Мінскага гета, якія жывуць у Беларусі і Ізраілі, і Праведнікаў народаў свету. Фільм дэманстраваўся на канале ОНТ 2 лістапада. Сярод яго герояў – Валянціна Макарава і Ірына Простак, якія ў вайну яшчэ дзяўчаткамі дапамагалі яўрэям, экс-вязні Абрам Рубенчык, Давід Таубкін, Фелікс Сорын, Іосіф Есілевіч і інш. Паказана вёска Парэчча, дзе жыхары выратавалі многіх яўрэйскіх дзяцей, сказаны добрыя словы пра тых Праведнікаў, каго ўжо няма (праваслаўны святар Слабуха, Кліменцій Лісоўскі). Праўда, і ў гэтай гуманнай стужцы не абышлося без лыжкі… прапаганды: у Беларусі, маўляў, было больш Праведнікаў, чым у суседніх краінах. Каму патрэбнае гэткае самахвальства, да таго ж не падмацаванае фактамі?

АБВЯРГАЕМ І ЎДАКЛАДНЯЕМ
У час прамовы на «Яме» 20.10.2008 Аляксандр Лукашэнка сказаў аб партызанах (цытуецца паводле «Советской Белоруссии», 21.10.2008): «Подчеркну, что в оккупированной Восточной Европе национальные еврейские отряды существовали только на территории Беларуси…». Гэтая заява не адпавядае рэчаіснасці.
Яўрэйскія партызанскія атрады дзейнічалі і на Ўкраіне, і ў Літве. На Украіне, напрыклад, – атрад Давіда Мудрыка (змагаўся ў складзе Другой Украінскай партызанскай брыгады ў Вінніцкай вобласці), у Літве – атрад Абы Коўнера «Некама» («Помста» – іўр.) у Рудніцкай пушчы і яшчэ 6 атрадаў, ядром якіх сталі былыя вязні Віленскага і Ковенскага гета.
Дэзінфармаваў сваю аўдыторыю не толькі А. Лукашэнка, але і яго цёзка, тэлежурналіст Ступнікаў, які нядаўна прэзентаваў дакументальную стужку пра сваё бачанне Другой сусветнай вайны: «даже на Западе больше чем за полвека о еврейских партизанах никто ничего не снял» («Народная воля», 23.10.2008). Дастаткова зазірнуць у Інтэрнэт, каб знайсці: «Resistance: Untold Stories of Jewish Partisans. Documentary film directed by Seth Kramer» (2001). Сет Крамер можа ўсцешыцца – ён «ніхто», а яго праца – «нішто». Іншы фільм даступны праз www.jewishpartisans.net. Фільм «Апошні сведка» на тую ж тэму ў 2001 г. зняў кагадзе памерлы мінчанін Фелікс Кучар. Але, падобна, Аляксандру Ступнікаву трэба было набіць сабе цану як «першаадкрывальніку» тэмы…
Цікава, што А. Лукашэнка запісаў у «молодые патриоты» не толькі Машу Брускіну і Валодзю Шчарбацэвіча (слушна), а і Кірыла Труса, мінскага падпольшчыка, якому ў 1941 г. было ўжо за 40. Таксама нагадаем аўтарам «галоўнай газеты краіны», што знакаміты жыхар вёскі Багданаўка Лунінецкага раёна Мікалай Ільючык уваходзіць у Саюз беларускіх пісьменнікаў, а не ў Саюз пісьменнікаў Беларусі («СБ», 16.10.2008), надпісы на «чорным абеліску» у «Яме» зроблены на ідышы і рускай мове, і ні ў водным варыянце няма спалучэння «ахвярам нацызму» («СБ», 21.10.2008), былы вязень гета Леанід Міхайлавіч Рубінштэйн і кіраўнік бабруйскай яўрэйскай суполкі Леанід Аронавіч Рубінштэйн – дзве розныя асобы («СБ», 22.10.2008). Не кожнае выданне за тыдзень дапусціць столькі ляпаў.
============
20 ГОД МІНСКАМУ АБ’ЯДНАННЮ ЯЎРЭЙСКАЙ КУЛЬТУРЫ ІМЯ ІЗІ ХАРЫКА (МОЕК)
Аб стварэнні суполкі было абвешчана ўвосень 1988 г. – тады яна называлася «аб’яднанне аматараў яўрэйскай культуры». Суполка, равесніца БНФ «Адраджэнне», унесла не абы-які ўклад у адраджэнне «яўрэйскай спадчыны» у Беларусі. Цяпер у МОЕКу некалькі тузінаў асоб на чале з Лізай Мальцавай (сярод актывістаў апошніх гадоў вылучым і Эдуарда Самойлава, аўтара паэтычных зборнікаў і малюнкаў, і арганізатарку ідышскага гуртка для пажылых людзей Святлану Трыфсік). Аднак аб поспехах, верагодна, найлепш раскажуць удзельнікі «юбілейнага сходу» на Харужай, 28 (16 лістапада). А мы – з захаваннем стылістыкі і арфаграфіі – друкуем урывак з адкрытага пісьма аднаго з заснавальнікаў МОЕКа, дзе трохі гаворыцца аб «хваробах росту»… Пісьмо датаванае 20.01.1997 г., дублявалася ў 1999 г. Ёсць над чым задумацца:
«Я, Хащеватский Юрий Иосифович, кинорежиссер, член Союза кинематографистов, участвую в еврейском движении Беларуси с 1988 года, когда нам впервые удалось создать еврейское общество. Тогда я вошел в состав его правления (…) Через полтора года после этого я, к моему большому сожалению, убедился, что руководство еврейского общества занимает соглашательскую позицию, о чем свидетельствует и поныне не поднятые вопросы о восстановлении еврейских прав на территории Беларуси.
1. До сих пор не восстановлены исторические названия улиц, связанных с еврейской историей.
2. До сих пор не поднимается вопрос о реституции – возвращении еврейской общинной собственности. Правление еврейских обществ в
Беларуси работает в тесном контакте с государственными (часто антиеврейскими) службами и, фактически, только исполняют их волю.
Все это привело меня к решению выйти из состава правления и отказаться от какого-либо контакта с его руководством, и ограничиться тем, что я в состоянии заняться еврейской темой самостоятельно, как профессионал-кинорежиссер. О том, насколько значительны результаты этой моей деятельности вы можете узнать в дирекции еврейского кинофестиваля в Сан-Франциско, в Хартфорде, а также в Мюнхене, Берлине и Лагове (фильм «Все хорошо»)…»
Нам таксама быў дарагі МОЕК, і шкада, што ў 1990-х і пачатку 2000-х гг. арганізацыю высмакталі знутры шахраі ды нікчэмнасці. Успомнім некаторых сапраўдных работнікаў: педагога Абрама Жаніхоўскага (1923-1999), бібліятэкарку Дзіну Харык (1913-2003), пісьменніка Гірша Рэлеса (1913-2004). Вакалісты МОЕКа Эстэр Блушчынская, Ірына Яхніна, Юрый Ханін цяпер жывуць у Ізраілі, музыканты Міхаіл Клейнер і Леанід Зубараў, інжынер Якаў Гутман – у ЗША. Былыя члены праўлення мастак Зіновій Марголін, паэт Фелікс Хаймовіч і прадпрымальнік Яфім Шымельфарб пакінулі МОЕК прыблізна ў той жа час, што і рэжысёр Юрый Хашчавацкі – «праявіць ім сябе не было ў чым».
…На 10-годдзе суполкі яе кіраўнікі спявалі песеньку “МОЕК, МОЕК… по-прежнему он стоек”.

ЯК СПРАВЫ Ў ВЯДОМЫХ СЯДЗЕЛЬЦАЎ?
Наш прагноз з ліпеньскага выпуску: «Зельцэра мо і выпусцяць, папярэдне выпатрабаваўшы ад вязня прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, Шавельзона – наўрад ці» пакуль што збыўся з дакладнасцю да наадварот. Эмануіл Зельцэр і Ўладлена Функ прадаўжаюць сядзець – Вярхоўны суд РБ пакінуў ім у сіле прыгавор. Амерыканскія праваабаронцы пагражаюць сарваць вылучэнне Беларусі крэдыту ў памеры 2 мільярды долараў, калі хворы Зельцэр не выйдзе на волю. Барыс Беразоўскі – той, наадварот, лічыць, што махляру Зельцэру «мала далі».
А вось Міхаіл Шавельзон, кіраўнік кааператыва «Тэхэнергасервіс» і ганаровы намеснік старшыні Саюза прадпрымальнікаў, які падазраваўся ў хабарніцтве, у кастрычніку выйшаў на волю. Адседзеў М. І. Шавельзон больш за чатыры месяцы. Іншых абвінавачаных па справе пасадзілі на большыя тэрміны.
Усё-такі мяркуем, што выснова з № 37 «МЯТ!»: «Калі «яўрэйская абшчына» у Беларусі дэградавала, дзелавым людзям яўрэйскага паходжання не стала на каго абаперціся, і яны амаль вымушаны рабіць залішне рызыкоўныя крокі» у цэлым слушная. 29 кастрычніка Гомельскі абласны суд зацвердзіў прысуд былому кіраўніку вінаробчага завода фірмы «BST» Феліксу Пекеру. Яму прысудзілі 7 гадоў за крадзёж векселяў. У свой час Ф. Пекер хаваўся ў Расіі, ды быў высланы ў РБ.
========================
Сямён Ляльчук

Сямён Абрамавіч Ляльчук нарадзіўся 25 верасня 1918 г. у м. Калінкавічы Мазырскага павета. Пасля заканчэння школы ў Калінкавічах паступіў у Мінскі педінстытут, у якім вучыўся з 1935 па 1939 г. Увосень 1939 г. прызваны ў армію. Вайсковую службу праходзіў у Прыбалтыйскай ваеннай акрузе (Рыга). У час вайны быў на фронце, прапаў без вестак у ліпені 1941 г.
Першыя творы апублікаваў на старонках газеты «Юнгер ленінец». З 1938 г. друкаваўся ў часопісе «Штэрн». Пісаў на ідыш. У 1940 г. у сааўтарстве з паэтамі І. Баруховічам, Х. Гурэвічам, П. Плоткіным выдаў калектыўны зборнік вершаў. Папка з рукапісамі, якую пісьменнік перадаў сястры, згубілася пры эвакуацыі. Захаваўся рукапіс гумарыстычнай паэмы «Успаміны. К гадавіне нашай разлукі». Вершы С. Лельчука ўключаны ў зборнік «Лира» (Масква, 1985). У перакладзе на беларускую вершы змешчаны ў кнізе «Мы іх не забудзем».

(Паводле «Скрыжаляў памяці», кн. 2. Мінск, 2005).

ВЕРШЫ СЯМЁНА ЛЕЛЬЧУКА

ЖАЎРУК

Ён павіс на нітцы залатой
Паміж небам сінім і зямлёй.

Пачарнелі снежныя шляхі,
Пад страхой сасулькі, як штыхі.

На двары спыніўся чалавек:
Дзесьці песня раскаваных рэк.

Упадзі на шлях і слухай спеў, –
Гэта ён, нябачны, зазвінеў.

Над зямлёй, над шатамі лясоў –
Песня серабрыстая без слоў.

МАЎКЛІВЫЯ СОСНЫ

Сосны! Не маўчыце.
Працягніце
Рукі да мяне
і адкажыце,
Што вам у світальнай цішы сніцца?
І ў адказ пачуў:
– Не лезьце, людзі,
З ботамі ў чужыя таямніцы!

НЕ ПАЗНАЎ

Стаў цягнік.
Пытаюся нясмела:
– Што за горад?
Тут жа гусяй белай
Станцыя мая сядзець павінна…
Ці то ночы, ці мая правіна –
Анічога не пазнаў з вагона…
– Калі ласка! –
мне крычаць з перона.

Пераклады А. Вялюгіна і А. Вольскага
===================================
Слава і забыццё

Творы Лейбы Найдуса некалі ўваходзілі ў школьную праграму. Ён пераклаў на ідыш творы Пушкіна і Бадлера, Лермантава і Гётэ, Міцкевіча i По. Але на працягу 80 гадоў пасля яго смерці было шмат намаганняў, каб памяць пра Найдуса знікла разам з гісторыяй усяго габрэйскага Гродна. Яго вершы спалілі фашысты, а магілу знішчылі камуністы… Сёння прозвішча Найдуса вядома толькі краязнаўцам ды вузкаму колу даследчыкаў габрэйскай літаратуры пачатку мінулага стагоддзя.

Дзіця сваёй эпохі

Лейба Найдус нарадзіўся 6 лістапада 1890 года ў Гродне. Усё яго дзяцінства прайшло ў невялічкай сядзібе Кусцін (сёння вёска Выжгі ў Польшчы), якая знаходзілася ў 23 кіламетрах ад Гродна, побач з Кузніцай Беластоцкай. Сядзіба належала калежскаму саветніку Мікалаю Апехціну і была арандавана бацькам Лейбы Ісаакам Найдусам. У сям’і Ісаака і Рахелі Найдус было сямёра дзяцей. Усе дзеці пачыналі вучобу ў хаце ва ўзросце 3 гадоў. Для гэтага бацькі запрасілі спецыяльнага настаўніка. Толькі экзамены яны экстэрнам здавалі ў гарадзенскай школе. Найдус вучыўся ў Радаме, Беластоку, Коўне... У 1905 г. за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях Лейба Найдус быў выключаны з вучэльні. У 1907 г. у варшаўскім часопісе «Романцайтунг» быў надрукаваны яго першы верш на ідыш. Потым была вучоба ў Вільні, дзе ён распачаў актыўную літаратурную дзейнасць. У 1915 г. пабачыў свет першы зборнік ягоных вершаў пад назвай «Лірыка». Але жыццё паэта было раптоўна абарвана. У 1918 г. Лейба Найдус захварэў на дыфтэрыю і памёр. Ён быў пахаваны на Новых габрэйскіх могілках. Яму было ўсяго 28 год.

Вуліца Найдуса

Сапраўдную вядомасць Лейба Найдус набыў пасля сваёй смерці. У Варшаве былі выдадзены 5 тамоў ягоных твораў: «Кніга паэм», «Лірыка», «Літоўскія арабескі», «Свет Парнаса» і «Руская паэзія». Сябры паэта стварылі адмысловы Камітэт і Фонд імя Лейбы Найдуса. Галоўнай мэтай гэтых арганізацыяў было ўшанаванне памяці паэта. У Гродне адна з вуліцаў была названая імем Лейбы Найдуса. Варшаўскі скульптар Абрам Астжэга зрабіў помнік паэту ў выглядзе анёла, са складзенымі белымі крыламі і апушчанай галавой. У 1925 г. гэты помнік быў урачыста ўсталяваны на яго магіле.
– Я памятаю гэты белы помнік, ён быў нетыповым для габрэйскіх могілкаў і таму вылучаўся, – успамінае Іна Анатольеўна Карпюк.
У паэта засталося шмат ненадрукаваных рукапісаў. Сябра Лейбы Абрам Зак і сястра Рахель рыхтавалі іх да друку, а калі фінансавае становішча не дазволіла гэтага зрабіць, яны перадалі рукапісную спадчыну Найдуса ў Габрэйскі навуковы інстытут у Вільні. Гэтыя творы, разам з усімі экспанатамі інстытуту, былі знішчаны фашыстамі падчас акупацыі.

Іншы Гродна

Вайна і Халакост цалкам змянілі аблічча і нацыянальны склад Гарадзеншчыны. З 30 тысячаў гарадзенскіх габрэяў выжыла не больш за 200 чалавек. Назаўжды зніклі габрэйскія крамы, якімі быў вядомы Гродна, савецкім кіраўнікам горада не даспадобы прыйшліся назвы вуліцаў Ерозолімская, Хаўмэйстра, Перэца... Невялічкая вуліца Найдуса, як лічаць краязнаўцы, захавала свою назву толькі таму, што гарадзенскія чыноўнікі не ведалі, хто гэта такі...
Сёння ў Гродне з творчасцю Лейбы Найдуса знаёмыя толькі адзінкі.
– Цяпер іншы час... Моладзь не вельмі любіць чытаць... – гаворыць Рыгор Хасід…
...На месцы, дзе быў пахаваны Лейба Найдус, адбываюцца спартыўныя спаборніцтвы.

Андрэй АДЛЯНІЦКІ
(паводле pahonia.promedia.by. Скарочана)
=====================================
Як уварвацца ў Гарадок

Паміж Ракавам і Маладзечнам ляжыць былое мястэчка, цяпер – вёска з сельсаветам. Яна сустракае валунамі з памятнай табліцай у гонар маладых байцоў, што паляглі ў чэрвені 1919 г., і чырвонай будынінай млына XIX ст. Калі залезці ўнутр, то наткнешся на зубчастыя колы і жарон.
Пра яўрэяў у Гарадку нагадваюць могілкі – яшчэ больш занядбаныя, чым у Дукоры, хаця пахаванні таксама датуюцца канцом XIX – пачаткам XX cт. Аднак у Дукоры могілкі – на сухім плато, абсаджаным соснамі, дзе растуць суравежкі ды танканогія апенькі. У Гарадку пахілыя надмагіллі раскіданыя па вільготным касагоры сярод бяроз і хмызняку, і буяюць між імі грыбы сур’ёзныя – грузды.
«Прыязджалі замежнікі, дык адна дзяўчынка плакала», – кажа неафіцыйны вартаўнік могілак Міхаіл Сілко (праз яго двор на вул. Першамайскай ямчэй за ўсё дайсці да кладоў). Сп. Сілко гаруе, што вяскоўцы расцягнулі агароджу і нямала помнікаў – «нават з трактарам выкопвалі». Паказаў нам пару падноўленых надпісаў на камянях – гэта наведнікі ўшанавалі сваіх продкаў. А ўвогуле-то пасля вайны ў Гарадку жылі два яўрэі – Янкель ды Гірш. Цяпер аніводнага.
У цэнтры мястэчка, там, дзе цяпер крамкі і помнік салдатам Вялікай айчыннай, некалі шумеў кірмаш. Уся вуліца яшчэ лічыцца «яўрэйскай» – там было гета, хаты стаяць на падмурках былых яўрэйскіх хат, спаленых у вайну. Нам пра гэта расказалі некалькі бабулек… зрэшты, мы б і самі здагадаліся, бо Алесь Астравух адцеміў, што ганкі тых дамоў выходзяць не ў двор, а на вуліцу.
У цэнтры і будынак музея. На шыльдачцы – прозвішчы Аксельрода, Козела, Купалы, Семаш-кевіча. Аднак экспазіцыі, прысвечанай гэтым славутым нараджэнцам Маладзечаншчыны – таму ж ідышскаму паэту Зэліку Аксельроду – мы ўнутры ўжо не знайшлі. Да 2007 г. установа была філіялам літаратурнага музея ў Мінску, а потым разумнікі з «Чырвонага дома» (не млын) перадалі яе ў раённае падпарадкаванне. У маладзечанцаў не было грошай, каб забяспечыць працу музея, і цяпер ён найчасцей зачынены. Экспанаты зваленыя ў кучу.
Побач з музеем – будынак сінагогі, дзе таксама гармідар. Некалі было праўленне калгасу і банк, зараз – невядома што. На першым паверсе сельгасначальнікі пішуць сабе ідэалагічныя абавязацельствы, на другім – пустэча. Але дзякуй, што хоць стаіць пакуль тая сінагога. Суседнюю ж дабурылі летась.
Спачын вязняў гета – не ў вёсцы, а па дарозе на Выдрычы, за ляском. Забілі гарадоцкіх яўрэяў у ліпені 1942 г. Спярша немцы паздзекаваліся, колькі разоў выціскалі грошы-«выкуп». На жалобным месцы – помнік канца 1990-х з надпісамі на іўрыце і рускай. Агароджаны, узяты пад ахову міністэрствам культуры.
«Уварвацца ў Гарадок» добра з Ракава, Валожына ці Радашковіч. У вёску ходзяць аўтобусы, аднак на іх лепш не спадзявацца, а ісці пехатою або ехаць на сваіх колах. Акрамя мясцін, звязаных з яўрэйствам, паглядзець можна замчышча XI ст. – велічныя насыпы ўразяць кожнага.
В. Р.

Shike Driz (1971–1908)

Mizl-majzl

Ci emes, ci nejn –
Kon ikh nit shvern,
Nor mir hot dercejlt
An alter lamtern,
Az reb Mizele-majzl
Farmogt hot in keshene
Efsher a drithalbn
Groshelekh meshene.
Fundestvegn hot er
Bashtymt farakhtogn
Afile dem vajb
Un dy kinder nit zogn,
Farzecn dy shykh
Un a borveser lojfn
Zikh terkishe vonces
In Stambul cu kojfn.
Nor Stambul iz, nebekh,
Geshtanen farshlosn –
A terkisher regn
Hot dortn gegosn.

Аўсей Дрыз (1908-1971)

Пан Мышаня

Ці праўда, ці не –
Ты дарма не пытай.
Але мне расказваў
Старэнькі ліхтар,

Што Пан Мышаня,
Яго сябар харошы,
Знайшоў у кішэні
Абгрызены грошык.

І вось скора будзе
Ужо цэлы месяц,
Як ён, не сказаўшы
Ні жонцы, ні дзецям,

Пакінуўшы боты,
Адзін, без прымусу,
Пабег у Стамбул
Па турэцкія вусы.

Ды горад замкнёны
Стаяў пад дажджом,
І грошык дагрызены
Быў бедаком.

Пераклаў з ідыша В. Р.

* * *
У адказ на шматлікія запыты чытачоў рэдакцыя «МЯТ!» паведамляе, што не займаецца распаўсюдам вялікага ідыш-беларускага слоўніка. У Мінску адшукаць яго можна ў БНФ, ТБМ, НВЦ і «Акадэмкнізе». Жыхарам іншых мясцін раім звяртацца непасрэдна да ўкладальніка (маб. т. 8-029-5549-649).
===============================
НАВІНКІ ЯЎРЭЙСКА-БЕЛАРУСКА-ЯЎРЭЙСКАГА СЛОЎНІКА

Выехаць з козамі на торг – павезці на аўкцыён палотны Пэна й Шагала;
Зваліцца ў яму – упасці за борт судна, што курсіруе па Мінскім моры (yam);
Карлік – нараджэнец яўрэйскага прадмесця г. Пінска (Karlin);
Кіпень – 1) той, хто шые кіпы; 2) будаўнік купалоў (kipa);
Ковы – ізраільскія галаўныя ўборы (kova)
Корань – 1) марозны вецер; 2) халадзільнік фірмы «Амкор» (kor);
Ліўні над Беларуссю – прылёт у «Мінск-2» будучай прэм’ер-міністаркі Ізраіля (Livni);
Маніць – сыпаць на галовы іудзеяў салодкую крупу (man);
Мацавацца – есці мацу (maca);
Сучка – салашык на восеньскае свята буданоў (suka);
Хам’ё – спёка ў Дзяржаве Ізраіль (kham);
Хорам – зала для ізраільскага народнага танца (hora);
Шарык – юны пяюн у Ізраілі (shar)…

Раўль Бен-Шэкель, г. Мінерусалім

І ЯШЧЭ АДНА НАВІНКА САЎРЫМЕННАЙ МОВЫ
У кастрычніку 2008 г. дбаннем Леаніда Левіна і Максіма Петруля на разбураных могілках у Мінску (вул. Калектарная/Сухая) адкрыўся новы помнік вязням гета. Металічны расколаты стол і прытуленае да яго крываногае крэсла выклікалі неадназначную рэакцыю. Л. М. Левін, натуральна, адстойваў права майстра на ўласную трактоўку мінуўшчыны (гл.: «Культура», № 43, 2008).
Нас жа захапіў подпіс: «На гэтым месцы у 1941-43 г.г. фашыстамі і іх пасобнікамі было знішчана звыш 5000 яурэяу вечная памяць бязвінным ахвярам нацызму». О, якая творчая жылка тоіцца ў гэтым чалавеку, які ў свой час пісаў на мемарыяльным знаку «яўляецца» і «Дзюссельдорф» з дзвюма літарамі «с» (гл.: «ЛіМ», 30.10.1998), смела ўвёў у беларускую мову літару «щ» (помнік у Слоніме, гл.: «Мы яшчэ тут!», № 2, 2003)! Цяпер во – слова «пасобнікі». Нехта б занурыўся ў слоўнік і, не знайшоўшы такой лексемы, замяніў яе на «памагатыя», «прыслугачы» – дык то прафаны! Куды ім зразумець і глыбокі сэнс перакуленага дагары нагамі іўрыцкага слова, і недахоп знакаў прыпынку…
Просім лічыць гэтую нататку зваротам у Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук РБ, які ўзначальвае другі вядомы словатворца, д-р Лукашанец (уважае «вокладку» за «абложку» – гл.: «Наша Ніва», 19.03.2004). Каб сп-ру Левіну была ўручана пачотная грамата імя тав. Дземянцея і выдана дзеняжная прэмія за атлічнае ўладзеніе языком. Дальбог, заслужыў!

НОВЫЯ КНІГІ

Путеводитель по Еврейскому кладбищу г. Бобруйска / cост. Л. А. Рубинштейн, М. С. Петлях. Мн: Медисонт, 2008. – 152 с. 200 экз. Кароткая гістарычная даведка, план могілак на вул. Мінскай, спіс 7550 пахаваных.
Симанович Давид. Ашкелонский дневник. Мн.: Медисонт, 2008. – 112 c. 500 экз. «Творчы аччот» віцебскага паэта аб наведванні Эрэц-Ісраэль у верасні 2007 г. Рыфмаваная проза пажылога мараліста.
========================================
Яшчэ ў гэтым выпуску “Мы яшчэ тут!” (папяровая версія): крыжаванкі на беларускай, іўрыце, рускай, ідышы і французскай; рысункі беларускіх сінагог, выкананыя ў 2006-2007 гг. знаным мастаком Сяргеем Верамейчыкам.

=====================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 11.11.2008. Тыраж 201 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і інш. краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья».
=====================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il