Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XXXIII, cтудзень 2008 г. / шват 5768 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XXXIII, cтудзень 2008 г. / шват 5768 г.
====================================================
Няясны год
Папраўдзе, “нашыя” вынікі года трэ было б падводзіць увосень, на Рош Ашонэ. Але мы тут ладна асіміляваліся, хоць і не нагэтулькі, каб віншаваць супляменнікаў з “Раждзяством” (адзін “яўрэйскі дзеяч” дазваляе сабе і такое). Дык якім ён быў, 2007-ы?
Супярэчлівым, як заўсёды. Хапала яркіх падзей – а нават і ў рытуальных імпрэзах, накшталт святкавання Ханукі ў сталічным Палацы прафсаюзаў 9 снежня, адчуваўся прысмак сапраўднасці. У цэлым, аднак, беларускія яўрэі так і не вызначыліся, куды ідуць, навошта.
У краіне нагняталася атмасфера жывёльнай фермы а-ля Оруэл. Прыязджаў іранскі фюрэр. Па-ранейшаму ўзмацняліся пазіцыі дзяржапарату, дзе яўрэяў вобмаль, а мільёнам пенсіянераў і дзесяткам тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў дзяржава плюнула ў вочы. Цкаваліся іншадумцы: зноў кінуты за краты Андрэй Клімаў. 22-гадовы Артур Фінькевіч (у 2003 г. арганізатар шэсця ў гонар мінскіх падпольшчыкаў, пакараных 26 кастрычніка 1941 г.) быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за дробныя парушэнні, і нават рахманы лірык Фелікс Баторын падпісаў пратэст у “Народнай волі”. “НВ” не ідэалізуем: гэтая “незалежная” газета, што друкуецца ў Смаленску, умудрылася, вуснамі аналітыка Заікі, параўнаць расійскі ўрад з “хітрым банкірам-яўрэем”. Такія цяпер аналітыкі.
Пасля вядомых кастрычніцкіх тэзісаў Лукашэнкі на яўрэяў абрынуўся паток казённай любові. Асабліва шчыравала “Советская Белоруссия”, а яе рэдактар выправіўся ў Ізраіль з “місіяй” – давесці ізраільцянам, што ім бракуе пачуцця гумару. Давёў-такі. У лістападзе хаўруснік Ахмадзінежада прыняў ізраільскага дзялка Леві Леваева, пасля чаго той сказаў, што беларуская дзяржава зацікаўлена ў развіцці бізнесу. Што ён заспявае праз год?
Хваліў белдзяржаву і кіраўнік хасідскай суполкі, што пад крылом Леваева. Калі верыць каментарыям Шолама Малінкіна, пасланнікам рэбе ў Беларусі працаваць ужо не замінаюць. Мінская сінагога на Крапоткіна, 22 практычна адбудаваная, будынкі вяртаюцца, маца раздаецца…
Тым часам у “Хэсэдзе” скараціліся харчовыя праграмы для пенсіянераў. У Горках ліквідавана яўрэйскае культурна-асветнае таварыства, якім доўга кіраваў Уладзімір Ліўшыц. Ён назваў нам дзве прычыны: пажарнікі адмовілі ва ўзгадненні юрыдычнага адраса; ніхто з горацкіх яўрэяў не хацеў быць старшынёй. Мы б дадалі трэцюю – млявасць кіраўніцтва “галаўной арганізацыі”. Сярэдні ўзрост членаў Савета Саюза бел. яўрэйскіх аб’яднанняў і абшчын, выбраных у ліпені на VIII з’ездзе, перавысіў 60 год. Амаль брэжнеўскае палітбюро, да таго ж з Леанідам на чале.
Тапельцы ратуюцца самі. Найлепш у сучаснай РБ гэта ўдаецца тым суполкам, што маюць прамыя сувязі з за-межнымі мецэнатамі – пінскай, віцебскай... У першым выпадку дапамагае карлін-столінскае карэнне, у другім – аўра Шагалаўшчыны. Віцебскі яўрэйскі абшчынны дом з вясны мае свой сайт veod.by.ru. Там пазначана, што ў бібліятэку на Калгаснай, 6 запісаныя чытачы ад 3 да 84 гадоў. Даем “рацуху”: а) запісваць малых у бібліятэку не з 3 гадоў, а з нараджэння; б) абавязаць усіх прачытаць нятленныя творы землякоў, Давіда Сімановіча і Аркадзя Шульмана. Дарэчы, рэдактар “Мишпохи” пад канец 2007 г. выдаў тоўстую кнігу “Место его уже не узнает никто” пра “свет яўрэйскіх мястэчак”, плануе выдаць яшчэ чатыры.
А вось зборніка ізраільскіх аўтараў у перакладзе на беларускую, паабяцанага Зэевам Бен-Ар’е ў леташнім ін-тэрв’ю БелТА, так пакуль і няма. І кінафэст амбасада Ізраіля адклала на весну 2008 г. Затое 11.12.2007 пан пасол у Ізраільскім цэнтры прэзентаваў першы пераклад твора Васіля Быкава на іўрыт, за які быў прыняты ў ганаровыя сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў.
…Не паспела прасохнуць фарба на № 32 “Мы яшчэ тут!” (9.12.2007), як 13.12.2007 сабраўся аргкамітэт па падрыхтоўцы Дзён памяці, што маюць адзначацца на дзяржаўным узроўні ў кастрычніку 2008 г. Яўрэяў у тым камітэце мала, рэлігійных – зусім няма, але ж плакаць нам пакуль дазваляюць, хіба варта сказаць дзякуй.
Дзякуй і ўсім чытачам, што былі з намі ў мінулым годзе.
==========================================================
МІХОЭЛС І АЗГУР – НАША ЎСЁ?
Амаль супалі дзве даты: 60-годдзе з ночы забойства Cаламона Міхоэлса (13 студзеня) і 100-годдзе з дня нараджэння Заіра Азгура (15 студзеня). Яны землякі: абодва нарадзіліся на Віцебшчыне, толькі Міхоэлс – у той яе частцы, што цяпер належыць Латвіі (Даўгаўпілс) у 1890 г., а Азгур – у Малчанах Сенненскага раёна ў 1908 г. Абодва займаліся справамі, не шанаванымі ў традыцыйным іудзейскім асяроддзі: Міхоэлс – акцёрствам, Азгур – лепкай скульптур (ляпіў і самога Міхоэлса). Абодва ў свой час усхвалялі “вялікага правадыра”, прычым Азгур застаўся сталіністам да скону дзён (памёр у 1995 г.). Абодва прызначаліся “даверанымі яўрэямі”: Міхоэлс – Сталіным, Азгур – Машэравым, пры якім выбіраўся ў Вярхоўны савет. Абодва захоўвалі ў сэрцы яўрэйскасць – “ідышкайт”.
Імя Міхоэлса пасля хрушчоўскай адлігі пачало азначаць для савецкіх яўрэяў, адарваных ад каранёў, Яўрэйскасць як такую. У Мінску замежнікам часта паказваюць лапік на рагу Беларускай і Ульянаўскай, дзе ў студзені 1948 г. былі знойдзены трупы Міхоэлса і яго спадарожніка Голубава. Тое, што забойцы не пакараныя, дадае людзям трывогі. І вось ужо тутэйшы “гісторык і праваабаронца” сцвярджае, што ліквідацыя Міхоэлса была крокам у падрыхтоўцы Трэцяй сусветнай вайны…
Заіру Азгуру пашанцавала выжыць у часы рэпрэсій, а ў канцы 80-х стаць сузаснавальнікам Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка. Яго імем у Мінску названая вуліца, дзе размясціўся мемарыяльны музей, туды ў 1998 г. нават Шымона Перэса вадзілі. Ды мала хто цяпер усур’ёз цікавіцца творчасцю народнага мастака, лаўрэата Дзяржпрэміі СССР.
Аддаючы належнае постацям памерлых творцаў, мы хацелі б развою жывой яўрэйскай культуры ў Беларусі. Каб музеі і помнікі не дамінавалі над школай і навукай, у рэшце рэшт.
===================
Павал Касьцюкевіч

ВІДАВОЧЦА

У дзень, калі пачалася вайна, я надумаў выбрацца ў Ерусалім.
Усім падарожным з Тэль-Авіва ў Ерусалім раю ехаць не аўтобусам, а на цягніку. У вагоне вы прабавіцеся гадзіны дзьве (проці сарака хвілін у салёне рэйсавага аўтобуса). Але.
Быў мілотны надвячорак. Пасьля дню, асмужанага сьпякотай і размытага зыркім сонцам, абрысы гор і палескаў пакрыёма набывалі акрэсьленасьць. За вагоннай шыбай клаўся вымаляваны да апошняй рыскі алейны пэйзаж. Само сонца вось-вось мусіла схавацца; вільготнасьць саступіла месца прадусе і празрыстасьці.
Рэйкавая дарога. Залітая промнямі, яна, быццам магма, разьлілася ў пакручастым жорале сярод занебакрайных абшараў, у разоры між ерусалімскіх гор. Летні ветрык, што прабіваўся ў вагон праз фортку, абяцаў няхуткую бязважкую сьмерць. Пра нябожчыкаў, уганараваных мяноўна такой сьмерцю, без ваганьняў кажуць: “пайшоў з жыцьця”. Тэрасы ў гарах, выбітыя арабскімі сялянамі ды засаджаныя аліўнымі садкамі, зьбягалі да горных ручаёў. Прысадзістыя сосны на стромах, прычасаныя ружаю вятроў, хіліліся на ўсход, і тая скарлючанасьць рабіла іх такімі роднымі. А за мяшаным, ялова-эўкаліптавым, лесам, што таперчыўся на горным узвышшы, магутнай, зусім не драпежнай птушкай хавалася ноч.
З блакітнай пустаты адвячоркавага неба нарадзілася шэрая кропка. Яна імкліва расла, не раўнуючы сьвежая гематома, ды абрынулася на зямлю, ператварыўшыся ў “F-16”. За першым самалётам пайшоў другі: трэці, чацьверты... Але паблізу не было ані знаку авіябазы: цягнік праяжджаў паўз кароўнікі ды разлогія кібуцныя павеці. Суседзтва вангогаўскіх палёў дадало раптоўнай, блізу не вэртыкальнай пасадцы, смак даўкай нерэальнасьці. Я забыўся: мы – маленькая краіна. Вельмі. Вельмі-вельмі. Усё па суседзтве, усё побач. Нават авіябазы. Нават нябёсы. Толькі ня гэтым разам, Госпадзе, калі-небудзь потым, але толькі не цяпер.
Пасьля ўцешнага шпацыру па Старым горадзе і ваколіцах, калі голаў мая была па-ўрачыстаму пустой, бы нутро ператворанага ў музэй ветрака Мантэфьёры, я даведаўся – пачалася вайна зь Лібанам. Хутчэй за ўсё тады, у цягніку, я зрабіўся сьведкам першага баявога вылету ізраільскай авіяцыі. І ўмомант прыгадаў словы маладога хасыда, на якога калісьці рабіў…
На працу да таго хасыда мяне ўладкаваў мой знаёмы рабін Рувэн Блайх, амэрыканскі ўраган пятровіч, які, нягледзячы на позьні шлюб, пасьпеў нарадзіць дзесяць дзетак, у іх ліку будучага галоўнага рабіна Ўкраіны Якава Дова Блайха. У родным Нью-Ёрку Блайх-бацька прапагандаваў юдкаштоўнасьці сярод нерэлігійнай моладзі, прычым меў досыць вузкую спэцыялізацыю – намагаўся завесьці на праведны шлях выключна нараджэнцаў СССР. Галоўнай дзядулевай зброяй у змаганьні за габрэйскія сэрцы быў фіфцік. Фіфцікам адзін з Рувэнавых гадаванцаў празваў плястыкавую чарачку на 50 мілілітраў, якую дзядуля заўжды цягаў ва ўнутранай кішэні свайго чорнага халату разам з размаітымі пляшкамі і пляшачкамі, дбайна напоўненымі моцнай алькагольнай прадукцыяй.
Па-расейску Рувэн вывучыў толькі два словаспалучэньні: amerikanski dedushka i obryad obrezaniya, адылі неспатольную смагу постсавецкае душы ведаў дасканала. Дапускаю, што на нашых былых суайчыньнікаў, цяперашніх амэрыканцаў, уплывалі ня так блайхаўскія веды, як прыкрая адсутнасьць у Амэрычцы шырокіх слаёў насельніцтва, гатовых годна падтрымаць сабантуй. Блайхаўскі алгарытм аб’юдэйваньня ня быў заскладаным: Рувэн цягнуў да сябе ў кватэру маладых людзей, вёў зь імі прыязную гутарку за фіфцікамі, не адстаючы ў спажываньні ад савецкіх птушанятаў. І толькі калі ўсе былі на падпітку, Рувэн, цяжка варочаючы языком, пераходзіў на тэалягічныя тэмы: ненавязьліва казаў за рэлігію, выкарыстоўваючы простую і даступную лексіку галівудскіх баевікоў. “Мы, рэлігійныя, – гуд гайз, яны, сьвецкія, – бэд гайз, і мы пераможам. Чаму пераможам? Таму што мы класныя. Чаму класныя? Бо харошыя”. Не выключаю, што хітрамудры dedushka ў сакральным для кожнага савецкага мальца пытаньні “Ты мяне паважаеш?” замяняў слова “мяне” на “Бога”. І, пэўна, назаўтра шмат хто з хлопцаў, пад міжвольным узьдзеяньнем рытарычнага пытаньня, адчуваў пэўныя сантымэнты ня толькі да свайго субутэльніка, а і да Ўсявышняга. Такое сабе NLP па-блайхаўску.
Ня ведаю, чаго Рувэну хацелася больш – выпіць або павярнуць чалавека да рэлігіі, але пад канец сэрыі сьпірытычна-сьпірытуозных сэансаў шмат хто з габрэйскіх юнакоў, начапіўшы ярмолку, кіраваўся ў бок ешывэ.
Прыехаўшы ў Ізраіль і высьвяціўшыся на рабіна, Рувэн Блайх сваёй улюбёнкі ня кінуў, а наадварот: зарабіўшы пэнсію (гэты энэрджайзер працаваў яшчэ страхавым агентам), аддаўся богаўгоднаму занятку напоўніцу. Аднак на вялікае яго расчараваньне, паколькі ў Ізраілі выхадцаў з былога СССР больш, чым у Амэрыцы (чытай – выбар субутэльнікаў значна шырэйшы), былыя эсэсэсэрныя хлопцы ня надта вяліся на чаркаваньне з эксцэнтрычным дзядулям, і ў яго цянёты лавілася куды менш сасьмяглых душаў. Калі я распачаў кар’еру ахоўніка ў амэрыканскай ешыве, Рувэн відавочна пакутаваў на жанравую крызу. Пануры, згорблены, зь нядбала завінчанымі пэйсамі, ён ледзьве соўгаўся, а крысьсё чорнага халату целяпалася, бы крылы падбітага крумкача.
Аднак, пачуўшы мой славянскі акцэнт, дзядуля ўвачавідкі перамяніўся. У яго вачох бліснуў гарэзны агеньчык, ён зухавата падміргнуў мне і яго накінутая старэчасьць пайшла дымам. Спрытным рухам абрама-кадабрама Рувэн дастаў з унутранай кішэні халату ледзь пачатую паўлітру гарэлкі “Сьмірноф” і легендарны фіфцік. Не прыняўшы інфантыльных адмоваў, наліў поўную чарачку мне. Потым сабе. Пасьля зноўку мне. З таго вечару мы пасябравалі.
Нягледзячы на высокі градус нашых багаслоўскіх палемік, на шлях рэлігіі Рувэну мяне зацягнуць не ўдалося; я, хіба, зрабіўся яго заўзятым субутэльнікам. Цяпер, калі жыву ў Тэль-Авіве, ніводзін мой наезд у Ерусалім не абыходзіцца без заскокаў у Байт-ва-Ган. Мы абменьваемся дробнымі, але дарэчнымі прыемнасьцямі. Калі мая ахоўная фірма збанкрутавала, Рувэн падарыў мне 50 даляраў (сума фантастычная, як для скупаватых амэрыканцаў). У сваю чаргу, калі Садам у чарговы раз гразіўся скінуць нам хімічную бомбу, я старанна заклейваў Рувэну вокны паперай звычайнай, якой у Беларусі бароняць кватэры ад маразоў і скавышоў. Па радыё аргумэнтавана даводзілі, што ад хімбомбы папера ўратуе. Карэнныя ізраільцы радыё веры не давалі, але асобныя, не зусім карэнныя, трошкі такі верылі. Па гаспадарчых крамах рэха насіла загадкавыя фразы, што абцяжарвалі мазгі прадавачак ня толькі чугунным амэрыканскім акцэнтам, але і туманнасьцю зьместу: “Дайце мне папера супраць Садам Хусэйн”. Рувэн таксама набыў маток процісадамскага сэрпантыну, патэлефанаваў і папрасіў прыехаць да яго, дапамагчы пазаклейваць вокны. “Каб ніякі факінг дыктатар ня змог сунуцца да мяне з маёй дарлінг бабкай”. Калі папера для заклейкі вокнаў скончылася, я падумаў, што такой бяды, падыдзе й газэтная. Рувэн, які пасьпеў недзе ўкінуць пару-тройку фіфцікаў, адно булькнуў на знак згоды.
Амэрыканцы – што дзеці. Усё ў іх проста: супраць гада ёсьць прылада. А супраць Садама, адпаведна, ёсьць праграма. Тэлевізійная, на мінулы тыдзень.
Пасьля таго як я скончыў той паказальны выступ па грамадзянскай абароне для малодшых клясаў, Рувэнава жонка, пабожная бабулька, частавала мяне сваімі рогалах і натхнёна балбатала пра бялыстоцкіх продкаў. Дзядуля, падміргваючы, бы сівое д’ябляня, працягваў кубак, дзе замест гарбаты плёхкалася гаручая сумесь – Элагім яго ведае чаго з чым. Рувэн, Рувэн! Калі ж мы зноў падымем чарку зь пякельным кактэйлем, рэцэпт якога сасьпеў у тваёй затуманенай галаве, і грымнем чарговы "лехаім" за наш нецьвярозы фрэндшып?
Аднойчы Рувэн патэлефанаваў і паведаміў, што знайшоў для мяне часовую працу: месяц трэба было даглядаць інваліда ад нараджэньня, немачнага хлопца-хасыда, катаць яго на інвалідным вазку. “Прыстойныя грошы”, – дадаў ён. Я адказаў “Чаму не?” і надвячоркам ужо сядзеў у кватэры, дзе, акрамя майго новага падапечнага, што прыехаў на сьвяты з Амэрыкі, туліліся яго дзядзькі з тузінам дзяцей, хасыданятаў усіх узроставых груп. Кватэра месьцілася ва ўльтрарэлігійным раёне Мэа Шэарым. Хлопец-інвалід трапіўся рахманы, бавіў час пераважна ў сынагозе, дзе вучыўся і маліўся, так што праца амаль не замінала мне весьці зь ерусалімскімі сябрукамі (улучна з Рувэнам) звыклы нецьвярозы лад жыцьця.
Напачатку з маладым хасыдам клопатаў амаль не было, хіба цяжкасьці перакладу. Роднымі мовамі амэрыканца былі ідыш і ангельская, ведаў ён і іўрыт. Для нашых стасункаў ён выбраў не ангельскую, якую я сяк-так, і ня ідыш, які я, да жалю, зусім не, а менавіта іўрыт, на якім Ёэль (так звалі хасыда) размаўляў першарадна. Але як бы тое сказаць... Гэта быў трохі іншы іўрыт... Я б сказаў, што гэта быў ня людзкі іўрыт.
Рэч у тым, што хасыд, чэрпаючы моўныя веды з дыялёгаў паміж Абрагамам і арханёламі ды паміж царыцай Саўскай і царом Салямонам, зусім ня ўлічваў, што я спасьцігаў іўрыцкія азы, а рачэй алефы, з наточаных рэплік ерусалімскіх гопнікаў. У вуснах Ёэля нават побытавыя выказваньні і звычайныя просьбы былі сьпічамі біблійных прарокаў. Да прыкладу, яго просьба папіць гучэла прыблізна так: "Ці маюцца ў машне тваёй банкноты Ізраілевы, каб я патрапіў наталіць смагу маю, набыўшы ў гандляра напоямі жбан з "Фантаю"?"
Ці дзіва, што пасьля двух дзён, запоўненымі гэнымі мошнамі ізраілевымі і новымі пакаленьнямі, якія выбіраюць жбанкі з запаветнай запаветнай "пэпсі-колай", я ўрэшце сказаў Ёэлю: "Lets speak English, OK?" Маўляў, "мужчына, не дурыце галавы – гаварыце па-чалавечаскі!".
Да слова, іменна тады, жывучы сярод ерусалімскіх хасыдаў, я на сваёй скуры зьведаў, у чым падабенства ідышу ды беларускай. Адкрыцьцё засьпела мяне акурат на Сукот.
На сьвята Сукот прававерныя цэлы тыдзень ня сьпяць ва ўласным доме, а бавяць ночы ў фанерным ці палатняным будане на двары. У Мэа Шэарым немажліва спаць на падворку – іх там вобмаль: цісканіна неймаверная, дамкі налазяць адзін на адзін. Кемлівыя артадоксы знайшлі выйсьце з гэтай, здавалася б, нявыкруткі. Калі спаць на дварэ ў Сукоту немагчыма, а ўдома – не дазваляюць рэлігійныя законы, дык чаму б не прыстасаваць для сьвяточных салашоў балконы? У сямі, дзе я жыў, таксама аддалі тры гаўбцы пад сьвята. Зрабілі каркас, паклалі на дах пальмавыя галіны і атрымалася стоадсоткавая сука (націск усё ж на другі склад). Ды вось загваздка: дах аднаго з салашоў быў некашэрны. Як вядома, паводле рэлігійных законаў, добрая, кашэрная сука мусіць стаяць на вольным паветры і над ёю нічога быць не павінна, адно чыстае, новае неба. Але ў тым доме будаўнікі прыляпілі невялікі казырок ад дажджоў, неспадзявана зрабіўшы палову балкона непрыдатным для ўсіх будучых салашоў. Карацей, балконаў у кватэры было тры, а жыхароў процьма, таму Ёэля і мяне паклалі спаць у тую суку, што стаяла на тым, ня надта кашэрным балконе. Мой ложак быў цалкам няправільны, дакладненька пад казырком, а Ёэлявы – добры толькі напалову. Зразумела, паклаўшыся спаць, Ёэль ссоўваўся на кашэрны бок ложка. Але, пакруціўшыся ў сьне, часьцяком незнарок перавальваўся на кепскі бок пад казырок. Як чалавек вельмі пабожны, руплівец усіх запаведзяў, Ёэль штовечар прасіў свайго дзядзьку, якога даймала бессань, прыходзіць сярэдначы на балкон і, калі трэба, будзіць пляменьніка, каб той пасунуўся на правільны бок ложка.
У дадатак да ўсёй гэтай мудрагелістай, як самі запаведзі, завязкі, Ёэль быў вельмі старанны вучань. Ён вучыў Тору і камэнтары нават перад сном: чапляў сабе навушнікі, ставіў запісаныя на касэту тлумачэньні якога-небудзь хасыдскага мудраца і засынаў пад яго мернае балбатаньне. З-за гэтых навушнікаў дзядзька мусіў крычаць на ўсе застаўкі, каб пабудзіць пляменьніка. Дзякуючы гэтаму зьбегу акалічнасьцяў я амаль кожную сьвяточную ночку прачынаўся ад пякельных верашчаньняў на чыстым ідышы: "Plimenik, plimenik! Suka, suka! Plimenik, plimenik! Dach, dach! – "Пляменьнік, пляменьнік! Сука, сука! Пляменьнік, пляменьнік! Дах, дах!". Я ўскідваўся з ложку зь яснай думкай, што трапіў у крэўныя разборкі на вуліцах якіх-небудзь Гальшанаў ці Вялейкі. Дах ад таго "дах-даха” ехаў капітальна.
А яшчэ нашы адносіны азмрочылі бясконцыя дыспуты пра перавагу рэлігійнага ці сьвецкага. Амэрыканскі хасыд ня дужа ўпададабаў сэкулярны Ізраіль за тое, што многа хто тут не пільнуецца суботы, жарэ некашэрнае. Пляжыў ён і ўсю сучасную цывілізацыю: “тэлік, назойлівая рэкляма, прапаганда”. Аднойчы, даведзены да шаленства па-хасыдзку грунтоўнымі довадамі Ёэля на карысьць спракаветнага ладу і ганьбаваньнем нас, бязбожнікаў, я выдыхнуў свой апошні довад за жыцьцё сьвецкае і прасьвяшчонае: “А як людзі змаглі б абыходзіцца бяз мэдыяў? Вось як ты даведаўся пра тэракт у вежах-"блізьнюках?"“
І вось тут жыхар Брукліна Ёэль, вытрымаўшы паўзу, адказаў па-пераможніцку, смакуючы кожнае слова:
– А нашто мне твае мэдыі? Я бачыў тую навіну на ўласныя вочы.
* * *


ПАВАЛ КАСЬЦЮКЕВІЧ: “ГЛЕДЗЯЧЫ ЗЬ ІЗРАІЛЮ, БЕЛАРУСЬ – ВЯЛІКАЯ КРАІНА”
Павал Касьцюкевіч нарадзіўся ў Менску, аднак ужо 10 гадоў жыве ў Ізраілі. Перакладзеная ім кніга апавяданьняў Этгара Керэта стала першай ластаўкай у ізраільска-беларускім літаратурным сумоўі. Зборнік кароткай прозы Керэта (выдавецтва “Логвінаў”) не заляжаўся ў беларускіх кнігарнях, ён прыхільна ўспрыняты чытачамі і аўтарам, які нават зьбіраецца наведаць Беларусь. А пакуль тое – у Менск прыехаў перакладчык, зь якім сустрэўся Міхась Скобла.
М. Скобла: “Павал, як адчувае сябе – чыста геаграфічна – чалавек зь Беларусі ў Ізраілі? Мой аднаклясьнік працуе там машыністам цеплавозу, дык гаварыў – толькі разгонісься, а краіна закончылася”.
П. Касьцюкевіч: “Так, сапраўды, у беларускай школе нас заўсёды вучылі, што Беларусь – маленькая краіна, што нас мала. Толькі прыехаўшы ў Ізраіль, я адчуў, што Беларусь – вялікая краіна. Асабліва калі прылятаеш у аэрапорт Менск-2, едзеш па дарозе на Менск і адчуваеш гэтыя занебакрайныя абшары, красу беларускай прыроды... Веліч Беларусі я зразумеў толькі на зямлі абяцанай. Можа быць, я гляджу на Беларусь праз ружовыя акуляры, але зямлёй абяцанай, у сэнсе – нязнанай, для мяне зьяўляецца хутчэй Беларусь. Бо Ізраіль – гэта для мяне краіна штодзённага жыцьця”.
Скобла: “Вы пераклалі на беларускую мову кнігу апавяданьняў сучаснага ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам”. Раскажыце пра гэтага аўтара: хто ён, наколькі ён папулярны ў сябе на радзіме?”
Касьцюкевіч: “Керэт – вельмі папулярны аўтар. Калі я дзесяць гадоў таму прыехаў у Ізраіль, моладзь парасьпісвала ўсе сьцены ў Тэль-Авіве назвай кнігі Керэта “Мая туга па Кісінджэры”. Я такога нідзе ня бачыў, каб літаратурным творам гэтак захаплялася моладзь. Звычайна, пішуць назвы рок-гуртоў... А тут ня рок-гурт, а пісьменьнік! Гэта мяне надзвычай уразіла. Дарэчы, я нядаўна быў у гасьцях у бацькоў Керэта, і высьветлілася, што ягоны бацька нарадзіўся ў Баранавічах, быў там у гета. І, самае цікавае, сапраўднае прозьвішча Керэта (прынамсі, ягонага бацькі) – Крутавіцкі. Бацька з радасьцю прыняў кніжку сына па-беларуску, прачытаў…”
Скобла: “Вы вызначаеце новае пакаленьне ізраільскай літаратуры трыма імёнамі: Керэт, Орлі Кастэль-Блюм і Узі Вайль. І дадаеце – пачну з Керэта. А чыімі творамі мяркуеце прадоўжыць беларуска-ізраільскае літаратурнае сумоўе?”
Касьцюкевіч: “Натуральна – Узі Вайлем, кніжку якога я нядаўна пераклаў. Гэты пісьменьнік мне найбольш да душы… Апавяданьні Узі Вайля можна пачытаць на самоце, паразважаць. Я цяпер шукаю выдаўца для Узі Вайля па-беларуску”.
Скобла: “Усе мовы на сьвеце ўзаемапранікальныя. Адны – больш, другія – менш, трэція – на ўзроўні адзінкавых выпадкаў. Ці шмат пазычаньняў зь іўрыту ў беларускай мове, і – наадварот?”
Касьцюкевіч: “Вядома, шмат. У беларускай і іўрыту ёсьць агульная мова – ідыш. Ідыш шмат узяў зь іўрыту, а беларуская – зь ідышу, ці наадварот. Напрыклад, слова “хаўрус” паходзіць ад старажытна-габрэйскага “хаврут” (“сяброўства”). У ідышы “т” замяняецца на “с”, і ўжо з ідышу слова трапіла ў беларускую мову. Слова “хевра” па старажытна-габрэйску азначае “грамада”. Адсюль беларускае “хеўра”. Праўда, у беларускай мове гэтае слова набыло нэгатыўнае адценьне і стала азначаць шайку, банду. А слова “батлейка” (ад слова “Бэтлехем”, “Бэтлеем”) трапіла ў беларускую без пасярэдніцтва ідышу, гэта наўпроставае пазычаньне зь іўрыту”.
(Паводле “Радыё Свабода”, www.svaboda.org, 19.11.2007)
МЫ И ЛУНА
(сказка в переводе с идиша)


Полночь. Шёл человек по городу и вдруг остановился, увидев золотой диск луны. Подошёл к нему другой человек.
– Чему вы улыбаетесь? – спросил он первого.
– Да вот, любуюсь луной.
– Чем любуетесь?
– Луной, – человек показал на луну пальцем, но его собеседник даже не поднял головы.
– Какой луной? – спросил он.
– Да вот же она, – удивился человек, – прямо перед вами, золотая такая.
– Золотая?! О Б-же. Надо кому-нибудь рассказать.
Через полчаса вокруг человека собралась толпа.
– Учитель, расскажи нам о луне, – робко спрашивают из толпы.
– Что тут рассказывать? – молвил учитель. – Поднимите головы и всё увидите сами.
Кто-то, не отрывая глаз от учителя, торопливо пишет в своем блокноте: “Стоит лишь поднять голову и взору откроется луна, золотой круг на фоне ночного неба”.
– Ты чего там пишешь? – настороженно спрашивает учитель.
– Кто-то должен сохранить учение для будущих поколений, а если не я, то кто?
– Разве это учение? Это истина. Когда вы читаете большие буквы «БАРУХ АТА…» вы не задумываетесь, что через полмесяца этот месяц станет луной. А в суматохе дней не замечаешь, что светит луна. Ты просто обрати свой взор к небу и увидишь скрытое от глаз твоих!
“Поднять голову просто…” – вновь записывает новоиспечённый магид…
Прошли года, десятилетия, века, сменились эпохи и их правители, исчезли страны с карт. Но стоят два человека и вновь говорят:
– …Стоит лишь поднять голову и взору откроется луна, золотой круг на фоне ночного неба… – говорит один.
– …Поднять голову просто… – вторит ему другой. Но оба не удосуживаются поднять головы и посмотреть в небо…
Я вот о чём… Часто человек принимает на веру то, что скажут другие, не удосуживаясь проверить самому. Не лучше ли было бы поднять голову и посмотреть в небо, а?
Ицик Мейерс (Александр Солдатов)
Паводле www.jewniverse.ru

НОВЫЯ КНIГI
Паказальна, што пра беларускіх яўрэяў усё больш пішуць замежнікі. Книга Клер Ле Фоль “Витебская художественная школа (1897–1923)” (Минск: Пропилеи, 2007. 240 с. 300 экз.) перакладзена з французскай. Аўтарка напісала яе яшчэ ў канцы XX ст.; сёе-тое састарэла, хапае ў тэксце і памылак, аднак у цэлым вывады парыжскай даследчыцы заслугоўваюць увагі. Яна лічыць віцебскую школу, упрыгожаную імёнамі трох вялікіх мастакоў (Пэн, Шагал, Малевіч) “народнай руска-яўрэйскай”, слушна атэстуючы Шагала як пасрэднага адміністратара.
Калі выдадзены з помаччу “Джойнта” і французскага пасольства опус мае хутчэй асветніцкі, чым навуковы характар, то кніга ізраільцяніна Аркадзя Зельцэра (Зельцер Аркадий. Евреи советской провинции: Витебск и местечки 1917–1941. – М.: РОССПЭН, 2006. 478 с. 1500 экз.) – грунтоўнае, усебаковае даследаванне. На думку экс-віцьбіча, яўрэйскае мястэчка як соцыякультурная зява знікла толькі ў гады Халакоста. Думка падмацавана спасылкамі на архіўныя ды іншыя крыніцы, у якіх паказанае жыццё “простага яўрэя” у раннесавецкі перыяд. З хасідскай душою праца!

ПАЭЗIЯ

Ilya Zlotnik
* * *
Tsehakt mikh af shtiklekh,
Vet jetvider glikh
Betn un monen:
Zingt mir a jidishe lid…

PAROL
Nit kajn grenetsn un nit kajn drot,
Nit kajn ejzerner fargang – im tsojmen.
Ot dos vareme, mamishe vort
Blajbt in undz, vi di goldene trojmen…

In Niu-Jork, Tel-Aviv un in Prog,
In Tashkent un in der Ukraine…
Im gedenkt majn tseshliterte folk
In grojse un klejne medines.

Faran ejn parol, ejn magnit,
Vos tsit un farejnikt tsuzamen –
Dos umshterblekhe vort funem lid,
Velkhe s’hot undz gezungen dy mame.

Ілля Злотнік
* * *
На кавалкі парэжце –
Ажыву, уваскрэсну –
Варта толькі пачуць мне
Дзе яўрэйскую песню.

ПАРОЛЬ
Не ўтрымаюць ні межаў драты,
Ні жалезная нават заслона
Летуценны агонь залаты,
Што нас грэе – матчына слова.

На Ўкраіне, ў Літве, пасярод
Тэль-Авіва, Масквы мнагалюднай –
Раскіданы па свеце народ
Яго помніць і любіць паўсюдна.

Ёсць адзіны пароль і магніт,
Што злучае, яднае нас цесна,
Што не гіне ў вадзе і агні –
Гэта мамаю спетая песня.

Пераклаў з ідыша Фелікс Баторын
------------------------------------------------------------------------
МЕНСКІЯ ЖАРСЬЦІ

Мухалоў і мухалоўка
Ловяць мушак дужа лоўка,
Але самі не ядуць,
і ў гняздэчка іх нясуць.
А ў гняздэчку пяць галовак –
Гэта дзеткі мухаловак.

Гебраіст і гебраістка
З сынагогі – цап харыста!
Ды адразу не зьядуць,
Ў маразілку запіхнуць.
А там ё ўжо пяць харыстаў:
Ўсе – ахвяры гебраістаў.

Шаўль Бэн-Шэлед

ЧЫМ ЦЕШЫЛІСЯ НАСЕЛЬНІКІ МЯСТЭЧКА ПАРЫЧЫ Ў 1920-Я ГГ.

ЛІЧЫЛКА
A grine patshejle fun grine vol
Hobn mir gegangen tsu altn rov,
Der altn rov hot gehat a zun,
Hobn mir gegesn khale un hun
Khale un hun hobn mir gegesn
Bentshn un davnen nit fargesn
Frejd zikh, frejd zikh, junge lajt
Az Meshiekh vet kumen un der gikher tsajt!

“Зеленый платок из зеленой шерсти,
у старого ребе мы были все вместе.
У старого ребе есть сын и дочь,
курицу с халой мы ели всю ночь.
Всю ночь мы ели курицу с халой,
молитв не забыв ни большой, ни малой.
Радуйся, радуйся, вся молодежь! –
Машиах, ты скоро к нам придешь!”

ПЕСЕНЬКІ
Es vet zajn shejn un fajn
Az Meshiekh vet kumen tsu forn,
In di gliklekhe tsajtn
S’vet kumen tsu rajtn,
Kumen vet Meshiekh.

“Настанет счастливое время, когда придет Мессия, и тогда хоть из бумаги, но мы построим мост, по которому вернемся в свою землю. И там мы будем петь и танцевать, и каждый еврей станет сам себе хозяин.”
* * *
Tsi vejst du ver hot mir gelernt
Tsu zingen a lid mit gefil?
Der vald vos er rojsht lebn tajkhl,
Dy tajkh vos zi brunt lebn mil.

“Ты знаешь ли, кто меня петь научил,
И петь эту песнь всей душой?
Тот солнечный лес, что к реке выходил,
И речка с прозрачной водой.”

Гэтыя і іншыя файныя вершыкі – з кнігі ўспамінаў Генадзя і Хаіма Гарэлікаў «Лэхаим! или Хаим на коне» (http://ggorelik.narod.ru). Кнігу раім прачытаць.
---------------------------------------
P.S. “МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”

Эрнсту Л. з Мюнхена. Лепей дашліце сваю рэпліку на сайт souz.co.il/belzem або ў “Мишпоху”. Ды ці варта шукаць непрыяцеляў там, дзе іх няма?
Йігаэлю Й. з Кір’ят-Гата. Прыемна, што пішаце па-беларуску. Ваша ўсхваленне ладу РБ базіруецца больш на эмоцыях, чым на фактах. У “МЯТ!” перавага аддаецца аналітычным або мастацкім тэкстам, не агіткам.
Якаву Г. з Нью-Йорка. З прапановамі адносна Дзён памяці ў 2008 г. звярніцеся ў аргкамітэт, склад якога зацверджаны намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі. Ці зрабіце нешта самастойна.
Адаму М. з Мінска. Дзякуй за віншавальную паштоўку і добрыя словы на адрас бюлетэня. Да “Голасу Радзімы” ставімся асцярожна, як і да любога заангажаванага выдання.
Ірыне П., Ліне К. з Мінска. Цеплыня вашых пасланняў дае нам сілы працаваць далей.

=====================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 17.01.2008. Тыраж 150 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і інш. краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=====================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il