Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XXVIII, чэрвень 2007 г. / сіван 5767 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XXVIII, чэрвень 2007 г. / сіван 5767 г.
====================================================
МІНУЎ ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ

Дзевятага мая зноў сустракаліся людзі на мінскай «Яме», і было нас амаль тысяча. Хто згадваў ваеннае дзяцінства, хто дзяліўся навінамі… Штампаваныя прамовы аратараў, як і заўжды, не выклікалі вялікай увагі. Калі б мы кіравалі Саюзам бел. яўр. абшчын, парасонавай суполкай, што адказвала за мітынг, то адмовіліся б ад самахвальства («Наша община – как никогда сильная и единая») і не заахвочвалі б недарэчнай прапаганды накшталт «Израиль гарантирует безопасность каждого еврея в мире». Чаму б замест гэтага не вымаўляць з пляцоўкі ля Чорнага абеліска імёны байцоў, што зламілі хрыбет нацыстам? Хаця б на манер Уладзіміра Чарніцкага, які ўспомніў свайго бацьку Леаніда.
«У кропку» трапілі двое запрошаных да мікрафона: Марына Дайнека і Аляксандр Гарадніцкі. Першая (мінчанка) прачытала шчымлівы верш пра вязняў гета, другі (піцерскі) праспяваў песню, тэкст якой прапануем ніжэй. Д-р Гарадніцкі расказаў нам, што ў Ізраілі «Рахіль» ды іншыя ягоныя творы ў перакладзе на іўрыт выконвае вядомая спявачка Ларыса Герштэйн. А карані барда ў Магілёве, і на «Яме» ён ушанаваў памяць сваіх загіблых сваякоў: Гарадніцкіх, Ліпстэраў, Фарфеляў…
Пасля мітынгу прыходзіў да абеліска экс-кандыдат у прэзідэнты РБ Аляксандр Мілінкевіч – з супругай і асістэнтамі. Усклаў кветкі пад пстрычкі фотакамер. Тутсама людзі з атачэння А. Гарадніцкага здымалі фільм з дзіўнаватай назвай «Поминальная идишу». Мы як маглі патлумачылі рэжысерцы-парыжанцы Наташы Каспяровіч, што ідыш у Беларусі адпяваць зарана. Паглядзім, што з таго выйдзе.

Александр Городницкий

РАХИЛЬ (Песня)

Подпирая щеку рукой,
От житейских устав невзгод,
Я на снимок гляжу с тоской,
А на снимке Двадцатый год.
Над местечком клубится пыль,
Облетает вишневый цвет.
Мою маму зовут Рахиль,
Моей маме двенадцать лет.

Под зеленым ковром травы
Моя мама теперь лежит.
Ей защитой не стал, увы,
Ненадежный Давидов щит.
И кого из своих родных
Ненароком ни назову, –
Кто стареет в краях иных,
Кто убитый лежит во рву.

Завершая урочный бег,
Солнце плавится за горой.
Двадцать первый тревожный век
Завершает свой год второй.
Выгорает седой ковыль,
Старый город во мглу одет.
Мою внучку зовут Рахиль,
Моей внучке двенадцать лет.

Пусть поет ей весенний хор,
Пусть минует ее слеза.
И глядят на меня в упор
Юной мамы моей глаза.
Отпусти нам, Господь, грехи
И детей упаси от бед.
Мою внучку зовут Рахиль,
Моей внучке двенадцать лет.


(надрукавана з ласкавай згоды аўтара)
=======================================
Этгар Керэт

Сырэна

Ад перакладніка. Апавяданьне вымагае невялікага тлумачэньня для тых нашых чытачоў, якія не знаёмыя з ізраільскай рэчаіснасьцю. У Ізраілі адзначаюцца дзьве важныя даты: Дзень памяці ахвяраў Галакосту і Дзень Памяці палеглых салдат. Гэтыя даты ідуць адна за адной з інтэрвалам у тыдзень. Як у Дзень Галакосту, так і ў Дзень Памяці палеглых па ўсёй краіне гучыць жалобная сырэна; у час яе гучаньня людзі мусяць спыніцца і ўшанаваць памяць загіблых хвілінай маўчаньня. Неістотна, дзе засьпяваюць людзей першыя гукі сырэны: удома, на дварэ ці ў аўто.

У Дзень памяці ахвяраў Галакосту ўсіх вучняў павялі ў спартовую залю. У залі ўсталявалі нешта накшталт сцэны, а за ёю на сьценцы віселі аркушы з чорнай паперы, дзе былі напісаныя назвы канцлягероў і прыклееныя карцінкі з выявамі калючага дроту. Калі мы зайшлі ў залю, Сыван папрасіла, каб я заняў ёй месца, і я пасьпяшыў выканаць яе просьбу. Сыван села побач са мной – на лаўках было цеснавата. Я апусьціў локаць на калена і тыльны бок маёй рукі даткнуўся да яе джынсаў. Джынсы былі такія тонкія і так прыемна лашчылі скуру, што мне нават падалося, быццам я дакранаюся да яе самой.
– А дзе Рон? Нешта яго сёньня не відно, – мой голас крыху дрыжэў.
– Рон на адборачных іспытах у спэцаддзяленьне марскіх пехацінцаў, у «камандас», – з гонарам абвесьціла Сыван. – Ён ужо прайшоў амаль усе экзамэны, засталося толькі сумоўе з афіцэрам.
Я ўбачыў, як з другога канца залі да нас набліжаецца Гілад.
Сыван дадала:
– Ведаеш, на выпускным Рон атрымае прыз найлепшага вучня выпуску. Дырэктар ужо падпісаў загад.
– Сыван! – паклікаў яе Гілад, падышоўшы да нас амаль усутыч. – Што ты тут робіш? На гэтых лаўках ня вельмі пасядзіш. Хадзем, я заняў табе месца на крэслах у заднім радзе.
– Іду! – адказала Сыван і ўсьміхнулася мне сарамлівай усьмешкай. – Тут сапраўды зацесна...
І яна пайшла з Гіладам і села на крэсьле. Гілад быў найлепшым сябрам Рона. Яны разам гулялі ў зборнай школы па баскетболе. Я зірнуў на сцэну і глыбока ўздыхнуў. Мая далонь па-ранейшаму пацела. Некалькі трэцяклясьнікаў падняліся на сцэну і цырымонія пачалася.
Пасьля таго як усе прадэклямавалі свае заўсёдныя ўрыўкі, на сцэну падняўся немалады такі мужчына ў бардовым швэдры і распавёў пра Асьвенцым. Ён быў чыйсьці бацька. Мужчына гаворыў нядоўга, хвілін пятнаццаць. Потым мы вярнуліся на заняткі.
Выйшаўшы з клясы, я ўбачыў нашага вахтара Шолэма на прыступках ля мэдкабінэту. Ён плакаў.
– Эй, Шолэм, што здарылася? – занепакоіўся я.
– Той чалавек у залі – я ведаю яго, – сказаў Шолэм, – Я таксама быў у «зондэркаманда»…
– Ты служыў у «камандас»? Калі? – зьдзівіўся я.
Я ня ў стане быў уявіць нашага худога і дробнага Шолэма ні ў водным палку «камандас», але хто там ведае...
Шолэм выцер сьлёзы і ўзьняўся.
– Ат, не бяры да галавы. Давай, давай, ідзі на заняткі – гэта сапраўды няважна.
* * *
Надвячоркам я пайшоў у гандлёвы цэнтар. Ля шапіку з шаўрмой я сустрэў Авіва і Цуры.
– Ты чуў? – прамовіў Цуры з ротам, набітым шаўрмой, – Сёньня Рон прайшоў сумоўе. Па прызыве ў яго будзе невялічкі курс па арыентаваньні, і ён – у «камандас». Ведаеш, што такое трапіць у марпехі? Бяруць аднаго з тысячы...
Авіў пачаў лаяцца, бо ў яго разьляпіўся ніз ляпёшкі і тхіна з салатавым сокам пацякла яму на рукі.
– Мы яго толькі што перастрэлі на футбольным полі. Яны з Гіладам дурэюць да ўсрачкі, сьвяткуюць Ронава залічэньне ў «камандас» – піўцо і ўсё такое...
Цуры зарагатаў ды ледзь не падавіўся, а кавалак памідору са шматком ляпёшкі выляцеў у яго з роту:
– Бачыў бы ты, што яны там вытвараюць зь велікам Шолэма! Як дзеці малыя! Рон такі рады... Мне брат сказаў, што зрэзваюцца найбольш якраз на этапе размовы з афіцэрам.
Я пайшоў на школьны стадыён, але там нікога не было. Веласіпед Шолэма, які заўсёды быў навязаны да трубы побач з мэдкабінэтам, зьнік, а на прыступках валяўся расчэплены ланцуг і навісны замок «Ярдэні».
Калі я вярнуўся на стадыён раніцою, веласіпеда там па-ранейшаму не было. Я счакаў, пакуль усе зойдуць у клясы, а тады пайшоў да дырэктара.
Дырэктар сказаў, што я зрабіў слушна і што пра нашу размову ніхто не даведаецца, ды папрасіў сакратарку, каб яна напісала мне запіску пра спазьненьне для настаўніцы. У той дзень нічога не адбылося і назаўтра таксама, але ў чацьвер дырэктар завітаў у клясу разам з паліцэйскім у форме і сказаў Рону і Гіладу выйсьці зь імі.
Ім нічога не зрабілі, адно папярэдзілі. Веласіпед яны вярнуць не маглі, бо пакінулі яго немаведама дзе, аднак Ронаў бацька ўсё адно адмыслова прыйшоў у школу і прынес Шолэму новы спартыўны ровар. Сьпярша Шолэм не хацеў яго браць. «Здаравей за ўсё хадзіць пехам», – сказаў ён бацьку Рона. Але Ронаў бацька настояў і Шолэм урэшце пагадзіўся. Было сьмешна назіраць, як Шолэм кіруе спартовым веласіпедам, а я падумаў, што дырэктар меў рацыю, калі сказаў, што я ўсё зрабіў слушна. Ніхто не падазраваў, што пра велік дырэктару сказаў я, прынамсі так я тады меркаваў.
Яшчэ два дні мінула без здарэньняў, але ў панядзелак, калі я прыйшоў у школу, на двары мяне чакала Сыван.
– Элі, слухай, – сказала яна мне. – Рон даведаўся, што гэта ты здаў яго зь велікам, і яны з Гіладам ідуць сюды. Раю табе зрабіць ногі.
Я з усяе моцы ўдаваў, што мне ўсё роўна, бо не хацеў паказваць свайго страху перад Сыван.
– Хутчэй, уцякай! – сказала яна.
І я прысьпешыў хаду.
– Не, не! Тудой! – схапіла яна мяне за руку. Дотык яе далоні быў халаднавата-прыемны. – Яны ж прыйдуць з галоўнага ўваходу, табе лепей вылезьці празь дзірку ў агароджы, за сараямі.
Радасьць, што Сыван так клапоціцца пра мяне, была нават мацнейшая за пачуцьцё страху.
За сараямі мяне чакаў Рон.
– Нават і ня думай! – сказаў ён. – Хрэна з два ты ад нас уцячэш.
Я разьвярнуўся. Ззаду стаяў Гілад.
– Я заўжды ведаў, што ты палахлівы выпаўзень, але ніколі ня думаў, што ты яшчэ і стукачок.
– Навошта ты здаў нас, чмо? – моцна штурхнуў мяне Гілад.
Я паваліўся на Рона, а той адпіхнуў мяне назад.
– А я скажу табе, чаму ён мяне здаў, – сказаў Рон. – Рэч у тым, што наш Элі – зайздросьнік, якіх мала. Ён бачыў, што я вучуся лепш за яго, і лепш за яго гуляю ў баскетбол, і што мая сяброўка – найпрыгажэйшая дзяўчына ў школе, а ён – гаротны цнатлівец, і зайздрасьць гэтая ела нашага Элі поедам.
Рон зьняў скураны пінжак і даў яго Гіладу.
– Малайчынка, Элі, у цябе атрымалася – ты падкусіў мяне як сьлед, – сказаў ён, расшпіліў раменьчык свайго воданепратачальнага гадзіньніка і паклаў яго ў кішэню. – Цяпер бацька лічыць мяне злодзеем. У паліцыі на мяне ледзь не завялі крымінальную справу. Найлепшага вучня я ўжо не атрымаю. Цяпер ты ўсьцешаны?
Я хацеў сказаць яму, што рэч ня ў гэтым, што гэта з-за Шолэма, што Шолэм таксама быў у «камандас», што ў Дзень Галакосту ён румзаў як дзіця. Але замест гэтага я сказаў:
– Рэч зусім ня ў гэтым... Вы не павінны былі красьці ў яго веласіпед, гэта было занадта. Няма ў вас сумленьня!
Калі я казаў гэта, мой голас дрыжэў.
– Не, ну ты чуеш, Гілад, гэты плаксівы штынкер* будзе расказваць нам, што такое сумленьне! Сумленьне – гэта не даносіць на сваіх сяброў, мярзота! – сказаў Рон ды сьцяў руку ў кулак. – І мы з Гіладам зараз навучым цябе быць сумленным, дальбог, навучым!
Я хацеў уцячы, узьняць рукі, каб прыкрыць твар, але страх спаралюшаваў мяне.
Тут раптам зьніадкуль данеслася жалобная сырэна – я зусім забыўся на Дзень Памяці палеглых салдат. Рон і Гілад усталі на «зважай». Я ўбачыў, як яны застылі, акурат манэкены ў вітрыне, і раптам увесь мой страх зьнік начыста. І Гілад, які стаяў навыцяжку, з заплюшчанымі вачмі, ды трымаў Ронаў пінжак у руцэ, падаўся мне павялічанай копіяй вешалкі. А Рон, са сваім лютым позіркам і сьцятымі кулакамі, зрабіўся падобным да маленькага хлопчыка, які сіліцца прыняць эфэктную паставу, пабачаную ў якімсьці баевіку. Я пайшоў да дзіркі ў агароджы ды нясьпешна, амаль бязгучна вылез зь яе. Рон сыкаў мне наўздагон: «Мы яшчэ паквітаемся. Табе гамон!», але ж пры гэтым ён не ссунуўся на мілімэтар. Я крочыў дахаты, мінаючы людзей, што зьнерухомелі на манер васковых фігураў, і сырэна абараняла мяне нябачным шчытом.
*штынкер (на ідышы «смярдзючка», тут – «даносчык, стукач»).
З іўрыту пераклаў Павал Касьцюкевіч
Рэкамендуем наведаць: блог Сяргея Шупы shupa.livejournal.com, дзе месцяцца і яго пераклады на беларускую апавяданняў Этгара Керэта.

ДАЛОЎ БЕЛЫЯ ПЛЯМЫ! / NIDER MIT DY VAJSE PLIAMES! / Ha-buz lektamim levanim! / ДОЛОЙ БЕЛЫЕ ПЯТНА!

АДДАЦЬ НАЛЕЖНАЕ ГАБРЭЯМ

Першая звестка аб габрэях у Лунна (Гродзеншчына, Мастоўскі раён) датуецца 1606 годам, калі «жыд з Луны вёз на гандаль 40 цялячых выраб-леных шкур». Некаторыя навукоўцы лічаць, што габрэі пасяліліся ў тых мясцінах яшчэ ў 1541 годзе.
У «Кур’еры Літоўскім» за 1833 год пададзена аб’ява, што Лунна – маёнтак Чахоўскіх – меў дамоў хрысціянскіх 199, жыдоўскіх 78. У 1866 годзе тут было ўжо 1392 жыхары (з іх 1115 габрэяў), дзей-нічала валасное праўленне, касцёл, сінагога, габрэйскія малітоўныя дамы, багадзельня, 20 лавак, заезджыя двары, 2 харчэўні, лазня, 2 млыны (…)
Як у Лунна, так і ў іншых мясцовасцях, габрэі жылі не аднолькава добра. «Зазірніце ў адну з гэтых скучаных брудных хацін, … і вас уразіць спёртае, злаякаснае паветра, – піша чыноўнік з Гродна. – Натоўп напоўапранутай дзятвы ледзь месціцца ў змрочна-цёмнай хаціне, тры чвэрці якой займае печ, стол і ложак». Але гісторык А. Субоцін сведчыць іншае: «Унутры хаты габрэі захоўваюць больш чысціні, чым вакол сябе: пакоі пабеленыя, чыстыя. У трохі заможных – культурная абстаноўка, асабліва ў параўнанні з сялянамі ці рускімі мяшчанамі. Нават бедныя хаціны грэюцца па-беламу».
Існуе такая легенда: луненскі збяднелы габрэй меў стары воз і такую ж старую худую кабылу. Ездзіў па вёсках і скупляў усё, што ўдавалася згандляваць узамен на іголкі, ніткі, стужкі, пацеркі і іншую дробязь. Аднойчы ён у пятніцу спяшаўся паспець на шабат. Свята распачынаецца з захадам сонца, але старая кабыла не магла цягнуць воз. Габрэй яе паганяў, біў пугай, ішоў наперадзе з пукам травы, каб заахвоціць да руху. За некалькі вёрст да мястэчка кляча стала, не можа варухнуцца з месца. Раз’юшаны гаспадар выпраг кабылу і ўвязаў ззаду воза. Упрогся ў аглоблі і пацягнуў. Цягнучы воз, адварочваўся часам да кабылы і казаў: «Ты, халера! Не хацела ехаць, так ідзі цяпер пешкі!» Жарт, варты любога габрэйскага мястэчка…
«У 4 гадзіны ранку едзеш з бацькам на кірмаш, а ўжо браты Енкі ў кузні, – расказвае жыхар Лунны Рыгор Сырэй. – Хэйла трымаў рэстаран. Па вечарах моладзь ладзіла забавы. Іграў на скрыпцы Іршко – шавец. Краўцы Бэрка і Златаябка былі самымі багатымі, браты Лэйшка і Ёсель – кавалі; багатыя і дарагія строі былі ў Фішэл, прамысловымі таварамі гандляваў Майдэль, Якуб рабіў абутак, банкір – Бараховіч, зерне закупаў. Шулька Каган, Боня і Плахетка рабілі калаўроткі, хамуты ды іншыя прылады, сталярнымі справамі займаўся Цэнаж, Лэмаж рабіў цэглу».
З прыходам немцаў у 1941 годзе ўсе габрэі ад 16 да 60 год былі ўключаны ў сістэму прымусовых прац. 2 лістапада з 12 да 18 гадзін усе габрэі Лунна былі пераселены ў гета … 1 лістапада 1942 года з навакольных вёсак былі сабраны сяляне з вазамі, і 1549 габрэяў пасаджаны на гэтыя вазы і вывезены ў транзітны лагер Калбасіна…
Амаль да гэтага часу нішто не нагадвала ў мястэчку пра ахвяр той вайны: ні памятнага знаку, ні назвы вуліц... Праўда, засталіся яшчэ рэшткі габрэйскіх могілак. Некалькі гадоў таму ў мястэчка прыехала група амерыканскіх валанцёраў, каб упарадкаваць тыя могілкі. Аднак праз год магілы зноў зараслі травою і сталі нікому не патрэбныя.
Толькі напачатку 2006 года, дзякуючы намаганням вясковай грамадскасці, сельсавет устанавіў у Лунна «памятны знак» у гонар сваіх землякоў з надпісам: «Вечная память 1549 жителям местечка Лунно, безвинно убитых в годы ВОВ».
Паводле Лявона Карповіча
і газеты «Новы час» (Мінск), № 4, 2007.
Загаловак «МЯТ!». У «Новым часе» – «Лічыць, што іх не было».
-------------------------------------------------------------
НАДЗЕІ, ШТО НЕ ЗБЫЛІСЯ

Паўгода таму ў Мінску памёр выбітны шахматыст XX ст. Давід Бранштэйн (1924-2006). Яго жыццё, акрамя апошніх гадоў, мала было звязанае з Беларуссю, аднак адзін эпізод варта згадаць. У канцы 30-х шахматная каманда Кіеўскага Палаца піянераў, лідэрам якой быў Д. Бранштэйн, прыязджала ў сталіцу БССР для сустрэчы з мінскімі калегамі. Сустрэча завяршылася перамогай гасцей пасля звышупартай барацьбы, а сустрэча лідэраў на 1-й дошцы скончылася ўнічыю. Супернікам будучага прэтэндэнта на сусветнае першынство быў шахматыст першай катэгорыі Раман Фрадкін (ёсць версія, што яго звалі Рувім). Яго імя цяпер мала вядомае нават сярод тых, хто цікавіцца гісторыя шахмат. Вось жа, гэта быў выключна таленавіты юнак.
Нарадзіўся Р. Фрадкін у 1922 г. у Віцебску, у Мінск разам з сям’ёй пераехаў у 1936 г., вучыўся ў школе № 10. Школу скончыў улетку 1940 г. як круглы выдатнік. Шахматны гурток Мінскага палаца піянераў пачаў наведваць неўзабаве пасля пераезду ў сталіцу. Першае выступленне ў чэмпіянаце Мінска 1936-37 гг. было не вельмі паспяховае: з 14 удзельнікаў Раман аказаўся толькі 10-м, аднак вызначыўся сваёй перамогай над чэмпіёнам, Ю. Насцюшонкам.
Улетку 1938 г. Р. Фрадкін стаў пераможцам чэмпіянату БССР сярод юнакоў, а праз год ён быў ужо сярод лідэраў «дарослага» чэмпіянату Мінска і заваяваў права на ўдзел у фінале першынства рэспублікі. Чэмпіянат БССР 1939 г., які ладзіўся ў суворым снежні, у час савецка-фінскай вайны, сабраў практычна ўсю тагачасную шахматную эліту… Змагаючыся з трыма майстрамі і іншымі дасведчанымі турнірнымі байцамі, Р. Фрадкін здолеў выйсці ў лік прызёраў, падзяліўшы 3-5-я месцы (з 14). Асабліва запомнілася гледачам нічыйная баталія з вядучым майстрам Г. Верасавым. Пасля чэмпіянату Раман гуляў за зборную Мінска ў матчы з камандай Беластока (люты 1940 г.), а ўлетку, пасля заканчэння школы, атрымаў перамогу ў рэспубліканскім турніры шахматыстаў I катэгорыі. Пазней яго імя ў беларускіх газетах не згадваецца; відаць, таму, што пасля заканчэння школы ён паехаў вучыцца ў Маскву, дзе паступіў у энергетычны інстытут (паводле іншых звестак – ва ўніверсітэт імя Баўмана). Верагодна, навучанне забірала ўвесь час…
Чэрвень 1941 г. Беларускі студэнт спецыяльна дабіваецца права здаць сесію датэрмінова, каб вярнуцца дахаты… Што было далей, можна толькі ўявіць. Вайна заспела Фрадкіна ў Мінску, эвакуіравацца ён не паспеў і загінуў у гета.
Здольнасці Р. Фрадкіна не абмяжоўваліся шахматамі: ён добра ведаў фізіку, а асабліва любіў матэматыку. Настолькі знаўся на ёй, што настаўнікі, калі ім было цяжка рашыць матэматычную задачу, звярталіся да яго па дапамогу. Успамінае яго былы аднакласнік Быкаў: «Часта выдатнікі жывуць сваім асобным жыццём, але ў Рамана не было нічога падобнага. Ён ніколі не выстаўляў напаказ свае шахматныя поспехі, матэматычныя здольнасці, паводзіў сябе вельмі сціпла, не цураўся кампаніі аднакласнікаў. Разам з усімі ішоў гуляць у футбол, займаўся фізічнай працай у час школьных мерапрыемстваў. Цяжка сказаць, як бы раскрыўся яго талент, каб не трагічная смерць у гета». Калега Р. Фрадкіна па шахматным гуртку А. І. Шагаловіч пазней атрымаў званні майстра спорту і заслужанага трэнера БССР; Раман мог бы стаць выдатным шахматыстам або навукоўцам, або сумясціць гэтыя якасці на манер М. М. Батвінніка. Цяпер мы можам толькі шкадаваць, што сярод ахвяр нацызму было і імя Р. Фрадкіна, чалавека, чые таленты не раскрыліся напоўніцу.
Юрый Тэпер

Рэд. Р. Фрадкін паў адной са шматлікіх ахвяр ідэалогіі чалавеканенавісніцтва, якую за 60 з гакам гадоў так і не ўдалося задушыць. На нашу думку, трэба як найхутчэй выпусціць мемарыяльны фаліянт пра шашыстаў і шахматыстаў, якія загінулі ў вайну, а лепш дзве асобныя кнігі: расказаць пра Іллю Гардона, Якава Гордзіна, Уладзіслава Сіліча… Вопыт падобнага выдання ёсць: «Скрыжалі памяці» пад рэдакцыяй Алеся Бельскага (Мн.: Беларускі кнігазбор, 2005), дзе прафесар Бельскі сабраў звесткі пра 46 загіблых літаратараў. Ініцыятыва кандыдата ў майстры Ю. Тэпера, які надрукаваў ужо нямала артыкулаў, прысвечаных падзабытым ігракам даваеннага часу (гл., напр.: «Мишпоха», № 5, 1999, «Шахматы-плюс», № 1, 2003), заслугоўвае падтрымкі калег і спонсараў.
-----------------------
П Е Р Ш Ы Б Л І Н…

Пра беларускіх яўрэяў-спартсменаў большасць з нас ведае недастаткова: мала хто чытаў нарыс «Ня толькі шахматысты» у «ARCHE» («габрэйскі» № 3, 2000). У хуткім часе пасля з’яўлення нарыса, рупліва падрыхтаванага Анатолем Прасаловічам, усюдыісны мінчук Сямён Ліякумовіч стаў актыўна асвойваць «спартыўную» дзялку. Яго кніга «Евреи Белоруссии в большом спорте» (Мн.: Энциклопедикс, 2007. 336 с. 400 экз.) – першая ў сваім родзе. Складаецца з 2-х асноўных частак: сухаваты агляд дасягненняў нашых суайчыннікаў у боксе, валейболе, баскетболе і г.д. са «спісамі караблёў», і больш мастацкія, з лірычнымі адступленнямі і показкамі, «Эцюды пра спартсменаў», прысвечаныя Лазару Шапіру, братам Коганам... Навошта кніга заяўлена як «справочное издание», не зусім зразумела. Нават 1-я частка далёкая ад добрага даведніка; прабелы прабеламі, аднак у 12-старонкавым раздзеле пра шахматы маецца больш за 20 элементарных памылак. Не ладзіліся чэмпіянаты БССР штогод «за исключением военных лет», не пісаў Ісак Раманаў з Горак «первую в СССР книгу по истории шахмат»…
Кніга даволі добра ілюстраваная, прадмова падпісана Міхаілам Цэйціным. Прэзентаваў навінку аўтар у Абшчынным доме 27 мая; у той дзень яна каш-тавала 15000 рублёў. Дальбог, дарагавата.
=============================================================
ЛУКАШЭНКА ШАНУЕ ЯЎРЭЙСКІЯ ТРАДЫЦЫІ?
Выказаўшыся з нагоды «упарадкавання» (г.зн. скасавання) льгот у Беларусі, А. Лукашэнка заявіў: «Нельга ў сярэдзіне жыцця сыходзіць на пенсію і яшчэ льготы атрымліваць». Паколькі большасць працоўных Беларусі ідзе на пенсію ў 60 гадоў, можна зрабіць выснову, што працягласць жыцця вызначана ў 120 – рыхтык паводле іудзейскіх канонаў!
Аднак юдафобам рана біць у званы, а юдафілам – пляскаць у ладкі. Відавочна, «пажаданае» у чарговы раз выдадзена за сапраўднае. Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі складае каля 69 гадоў (63 у мужчын, 75 у жанчын). Першы прэзідэнт увогуле вольна абыходзіцца з катэгорыямі ўзросту. Цытата 1997 г.: «Мне 40 гадоў, а яму [Ельцыну] 80». Амаль даслоўна паўтарыў персанажа п’есы Бертольта Брэхта «Кар’ера Артура Уі…», праўда, той яшчэ дадаў: «Я Вас перажыву». Дарэчы, сёлета Барыс Ельцын памёр у 76 год.
Адначасна з апраўданнем адмены пенсіянерскіх ільгот, што балюча закране многіх яўрэяў (наша этнаканфесійная група самая «старая» ў Беларусі), А. Лукашэнка прыняў іранскага фюрэра М. Ахмадынежада, які назваў гаспадара пляцоўкі «лепшым сябрам». Што пераважыць: пратакольнае шанаванне іудаізму як «традыцыйнай рэлігіі» Беларусі або памкненне набіць кішэні? Хай кожны сам адкажа на гэтае нескладанае пытанне.
А ШТО Ж ПАСОЛ ІЗРАІЛЯ?

Пасол рыхтуецца да фестываля ізраільскага кіно, які мае адбыцца ўвосень. Мо нават Этгара Керэта, чый фільм «Медузы» атрымаў прэмію ў Канах, прывязе ў Мінск. А ў сакавіку г.г. Зэеў Бен-Ар’е прыняў «дэмлідэра» Аляксандра Мілінкевіча і, калі верыць прэс-службе апошняга, заявіў, што Ізраіль падтрымлівае ўсе ініцыятывы Еўрапейскага Саюза адносна Беларусі (файныя прагнастычныя здольнасці ў пасольскіх работнікаў – не мінула і трох месяцаў, як А. Мілінкевіч нават фармальна перастаў быць «лідэрам беларускай апазіцыі»). Мы вырашылі ўдакладніць у сп. Бен-Ар’е, ці забаронены ўезд у Ізраіль тром тузінам беларускіх чыноўнікаў, як тое для сябе ў 2006 г. вырашыў ЕС? Пан пасол не адказаў на гэтае пытанне, і яго маўчанне досыць красамоўнае. Гэтаксама як і майскі візіт у Ізраіль рэктара БДУ Васіля Стражава, ускосна датычнага да пасадкі Аляксандра Казуліна…
============================================
ЮБІЛЕЙНЫ КВАРТАЛ

У апошнія тыдні нямала вядомых людзей, устаноў і адносін адзначалі памятныя даты. Так, 1 мая споўнілася 60 гадоў старшыні Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі Міхаілу Альшанскаму. Яго карані – у мястэчку Шчадрын пад Бабруйскам, у Ізраілі жыве з 1975 г. Шмат гадоў працаваў у тэлефоннай кампаніі «Бэзэк» на адказных пасадах. Ваяваў у першай ліванскай вайне, мае медаль. У кіраўніцтве беларускага зямляцтва – з 1991 г., калі памёр яго бацька Навум. Журналіст Міхаіл Рынскі напісаў да юбілея нарыс «Дынастыя Альшанскіх» (гл. souz.co.il/belzem), дзе падкрэсліў «цудоўныя добразычлівыя стасункі Аб’яднання з Пасольствам Рэспублікі Беларусь».
Сёмага мая споўнілася 80 Міхаілу Трэйстэру, старшыні Асацыяцыі яўрэяў – былых вязняў гета і канцлагераў. Ён сам быў вязнем мінскага гета, потым падлеткам сышоў у партызаны. Напісаў успаміны, выдадзеныя асобнай кніжкай. Яшчэ ён аўтар дасціпных «Матрэек», што некалі ўпрыгожвалі газету «Авив».
Дванаццатага чэрвеня – 75-гадовы юбілей Рамана Бурштэйна, ён жа Раман Сабур. Адзін з рэдкіх у XXI ст. беларускіх яўрэяў, хто піша на ідышы (мініяцюры Р. С. шукайце ў «МЯТ!» № 12, 15). Сп. Раман імкнецца захаваць памяць пра бацьку, забітага ў гады сталіншчыны: «А» і «Б» не дапамаглі, затое «агульнабеларуская» газета «СНплюс» (№ 10, 2007) выдрукавала вялікі артыкул пра Саламона Бурштэйна.
Пятнаццаць гадоў таму ўсталяваліся дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Ізраілем. Найбольш прадукцыйнымі, на нашу думку, яны былі ў першыя гады, калі ізраільскую дыпмісію ўзначальваў Эліяhу Валк, а беларускую – Міхаіл Фарфель, які ўрэшце рэшт застаўся ў Ізраілі дзеля «яднання сем’яў». Не абышлося без канфлікту з МЗС РБ, дзе асобныя неадэкватныя службоўцы называлі яго «здраднікам». У выніку сп. Фарфель не наведаў урачыстую імпрэзу ў Іерусалімскім Абшчынным доме 24 мая. Пачаставацца бульбай з селядцом прыйшлі Э. Валк, пасол РБ Ігар Ляшчэня, старшынька парламенцкага лобі «Ізраіль-Беларусь» Марына Салодкіна, начальнік упраўлення абсорбцыі мэрыі Іерусаліма Піні Глінкевіч і інш. Паэтка Рына Левінзон прачытала ўласны верш «Мы родом из шагаловских местечек».
Пятнаццаць бомкнула і мінскаму «Авиву» – вядома, не «галоўнай яўрэйскай газеце» (як на манер бэтэшнікаў назваў яе кар. расійскага інфармагенцтва), але патрэбнаму ў пэўных колах выданню. Cёмага мая ў MEODe прайшла «чытацкая канферэнцыя». Выступоўцы хвалілі сябе, перакладалі адказнасць за злыбеды газеты на Якава Гутмана, што судзіўся з імі… гадоў 5 або 7 назад. А цяперашні рэдактар, былы бірабіджанец Віктар Ляскоўскі, прызнаўся нам наконадні, што не валодае ідышам.
Сорак год, як Ізраіль перамог (?) у Шасцідзённай вайне, 10 год, як паўстаў мінскі «Гілель»…
Пяцігодку завяршыў нерэгістраваны «Карлин». У газеце – каляровыя здымкі, цікавыя весткі пра яўрэяў Пінска. Сямён Шапіра адрэдагаваў 63 нумары (пераважна здвоеныя-строеныя).
ГАЗЕТА ЦІ РЭКЛАМНЫ ПЛАКАТ?

У красавіку сімвалічным накладам 299 ас. выйшаў № 1 газеты «Бэяхад», заснаванай мінскай суполкай «ХаБаДу». Шыкоўнае афармленне (8 палос мелаванай паперы) кантрастуе з адносна бедным зместам. Значнае месца займае (сама)рэклама і перадрукі з замежных крыніц, для праблемных артыкулаў месца – на жаль! – не знайшлося. Нумар раздаваўся задарма, у тым ліку на «Яме» 9 мая.
Зычым калегам поспеху, хоць адчуваем, што іх «поспех» азначае нешта іншае, чым наш. У прынцыпе, пакуль Машыях марудзіць, карпаратыўнае выданне таксама рэч неблагая…
=======================
ЦІКАВЫ РЭЦЭПТ АД АЛЕСЯ Б.
Бараніна, тушаная з часныком (габрэйская страва)

1 кг мяса, 1 кг морквы, 2 цыбуліны, 80 г сырога курынага тлушчу, соль, ляўровае лісьце.

Падрыхтаваную бараніну нарэзаць невялікімі кавалкамі (разам з косткамі), хутка абсмажыць, пакласьці на бляху з надранай на буйной тарцы морквай і нарэзанай цыбуляй. Дадаць курыны тлушч, уліць вады або курынага булёну і тушыць, пакуль сок зь мяса, як яго праткнуць відэльцам, ня зробіцца з чырвонага жаўтаватым. У канцы тушэньня пакласьці ляўровы ліст і дробна пасечаны часнык. Падаваць з рассыпістым рысам.
(Паводле Алеся Белага, «Наша Ніва», 23.02.2007)

ЭХ, ГІНЗБУРГ, ГІНЗБУРГ…

18 лютага [1940] нарсуд 3-га ўчастка горада Мінска разглядзеў справу па абвінавачванню гр. Гінзбурга. Абвінавачваемы на судзе прызнаўся, што ён штодзённа ўсёй сваёй сям’ёй закупляў у магазінах печаны хлеб, якім карміў каня і авечку (відаць, хацеў пакаштаваць тушанай бараніны – «МЯТ!»).
Суд, кіруючыся 152 артыкулам КК БССР, прыгаварыў Гінзбурга да пазбаўлення волі, без паражэння ў правах, тэрмінам на 1 год.
(Паводле «Звязды», 21.02.1940)
* * *
І яшчэ пра ежу. «БелГазета» паведаміла, што ў Мінску знікла апошняе кафэ яўрэйскай кухні – «Ле Рутман» на Макаёнка, 12. Сумна. Можа, калі б размяшчала ў «Мы яшчэ тут!» рэкламу, працавала б дагэтуль.
* * *
Dovid Bromberg
Dy tsajt
Dy tsajt iz a mil, un zi di milshtejner nit bajt,
Zi tsemolt dy jorn punkt vi vejts un korn,
Un mir, vi arbeter in der mil, mit der tsajt
Farporoshet vajs mir vern fun dy jorn…
(“Dy jidyshe gas”, № 3, 1996)
* * *
ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ
Спасибо за стихи Гриши Трестмана [из «МЯТ!» № 27], с которым был близко знаком и на минских скамейках часами слушал его тогда не опубликованные поэмы. Словно встретились. Стихи – поэзия.
Наум Ципис, г. Бремен (Германия)

Рэд. Некаторыя нашы чытачы не зразумелі сп. Трэстмана, які напісаў пра сябе: «умер в 2031 г.» Дзякуй Б-гу, экс-мінчанін жывы і піша новыя творы.

======================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 08.06.2007. Тыраж 150 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
Гэты нумар «Мы яшчэ тут!» выйшаў дзякуючы падтрымцы д-ра Ю. Гарбінскага (г. Варшава, Польшча).
======================================================================================

ЯШЧЭ АДНА КРЫЖАВАНКА (“МЯТ!”, № 28)

1 2 3 4 5 6
7 8
9 10
11 12
13
14 15
16 17 18
19 20
21 22 23

24 25
26 27 28 29
30 31 32
33 34
35 36 37
38 39
40
41 42


Па гарызанталі: 7. Шашыст, пяціразовы чэмпіён Беларусі. 8. Паэма І. Харыка. 9. «На кожны … ёсць рэха на зямлі». 11. «Амаль геніяльны паэт», чыё імя атрымалі «яўрэйскія класы» мінскай школы № 132. 12. Непапраўная … была нанесена Катастрофай беларускаму яўрэйству. 13. Расійскі спявак, яго продкі з Гомеля. Не раз гастраляваў па Беларусі. 16. Радзіма Мендэле. 17. Тэатральная зала, дзе прайшоў мінскі зъезд сіяністаў 1902 г. 18. Прадмесце Пінска, аплот хасідызму. 21. Тэатральны мастак (1898-1980), працаваў з Міхоэлсам. 22. Натан … з Рагачова, аўтар «Радыёрамана» (1932). 24. Мастак «Беларусьфільма» Яўген … (1922-1996), у юнацтве складаў вершы на ідышы. 25. Яна часта ўпрыгожвае скрутак Торы. 30. Навука, у якой бліснулі Я. Зельдовіч, Т. Перэльман... 31. Аўтар «МЯТ!» Раман …, піша на ідышы, рускай, беларускай. Выдаў кнігу «З сувояў памяці» (2004). 32. Ідышысцкі драматург з Магілёва, жыў у Віцебску, Варшаве, Хайфе. 36. Гісторык, аўтар кніг «Черта оседлости» (1998), «Евреи Белорусской губернии» (2002) і інш., звольнены з Інстытута гісторыі НАН РБ з «палітычных меркаванняў». 38. Яўрэйскае імя, пайшло ад нашага прабацькі-патрыярха. 39. Мастак Роберт ... (1886-1958). У Віцебску на рубяжы 1920-х маляваў «каляровыя плямы». 40. Яўрэйскі аналаг КВЗ у Беларусі 1990-х гг. 41. Прадпрымальнік з «Гешэр Аліі», з 1991 г. жыве ў Ізраілі, мае зборнік паэзіі «Перешедший реку» (1996). 42. Ідышыст у БССР 1920-30-х, аўтар лінгвістычнага атласа (Мн., 1931).
Па вертыкалі: 1. У ізраільцянаў ён вылічваўся згодна з фазамі Месяца. 2. Амерыканская пісьменніца родам з Полацка; у кнізе «Зямля абяцаная» апісвала побыт тутэйшых яўрэяў у канцы XIX ст. 3. Генерал, экс-дэпутат, якога Л. Левін у 2003 г. абазваў антысемітам, а потым адрокся ад сваіх слоў. 4. Выдатны гарадзенскі паэт (1890-1918), пісаў на ідышы. 5. Біблійная маці Іцхака і Эйсава. 6. Сучасны беларускі філосаф, тэзіс якога «на вайне ўсе забойцы» аспрэчваўся «Авивам». 9. Скульптар, народны мастак БССР (1955); ляпіў Даватара, Скарыну і інш. 10. І горад, і прозвішча яўрэйскага драматурга з Віцебска. 14. Падпалкоўнік, змагар за выезд з БССР 1970-х; яго сын – шэф аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі (з 2004 г.). 15. Гісторык, шмат пісаў пра абарону яўрэямі гарадоў ВКЛ. 19. Псеўданім мінскага паэта Валта (1872-1938, памёр у ЗША). 20. Прафесар гісторыі з Гродна Якаў … (1917-1990); яму прысвечана кніга Марата Батвінніка. 21. Амерыканская газета на ідышы, дзе працаваў наш зямеля Ш. Нігер. 23. Імя беларуска-яўрэйскай актывісткі Райчонак (в. Германавічы). 26. Дзеяч шахклуба «Вяснянка», выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі шахмат з 2004 г. 27. Дзіцячы паэт у СССР; у маленстве жыў у Віцебску. 28. Класік беларускай паэзіі, аўтар верша «Жыды!..» (1919), балады «Дзевяць асінавых колляў» (1942). 29. Рэдактар «Бірабіджанер штэрн» (СССР) у 1980-я гг.; у Ізраілі рэдагаваў «Еврейский камертон», у ЗША – «Форвертс». 33. Артылерыйскі ... быў зброяй Героя Савецкага Саюза Ізраіля Бескіна (1895-1964). 34. Пераносны храм нашых продкаў. 35. Ураджэнец Гродна, мастак Лявон … (Розенберг, 1866-1924). 37. Псеўданім Іегуды Валавельскага, паэта з Пінска (1884-1949), які ў 1921 г. перабраўся ў Палестыну. Пісаў на іўрыце.

Склаў Вольф Рубінчык
Адказы на крыжаванку.
Па гарызанталі: 7. Файнберг. 8. «Катрынка». 9. Гук. 11. Бялік. 12. Шкода. 13. Розенбаум. 16. Капыль. 17. «Парыж». 18. Карлін. 21. Тышлер. 22. Забара. 24. Ганкін. 25. Карона. 30. Фізіка. 31. Сабур. 32. Пінскі. 36. Анішчанка. 38. Абрам. 39. Фальк. 40. «КВА». 41. Трэстман. 42. Віленкін.
Па вертыкалі: 1. Каляндар. 2. Энцін. 3. Фралоў. 4. Найдус. 5. Рыўка. 6. Акудовіч. 9. Глебаў. 10. Кобрын. 14. Альшанскі. 15. Сагановіч. 19. Лесін. 20. Мараш. 21. «Тог». 23. Ада. 26. Гінзбург. 27. Маршак. 28. Купала. 29. Школьнік. 33. Снарад. 34. Скінія. 35. Бакст. 37. Карні.




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il