Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).Выпуск № XX, жнівень 2006 г. / аў 5766 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск № XX, жнівень 2006 г. / аў 5766 г.
====================================================
У вёсцы Багданаўка Лунінецкага раёна шануюць памяць землякоў-яўрэяў, забітых нацыстамі 65 год таму. З ініцыятывы жыхара Багданаўкі Мікалая Ільючыка паўстаў «народны» памятны знак: свечка на шасцікутным пастаменце, да якой прымацавана шыльда з тлумачальным надпісам. Помнік быў урачыста адкрыты 2 жніўня. Дзякуй за клопат, добрыя людзі.
ЮБІЛЕІ, ЮБІЛЕІ…
Падзеі ў Ізраілі і Паўднёвым Ліване прымусілі ўспомніць вядомую прыказку пра гісторыю, якая навучае таму, што нічому не навучае. Гэтак інфантыльна прагучалі тлумачэнні пасла Ізраіля Зэева Бен-Ар’е ў газеце «Авив»: «Мы надеялись, что Ливан сам обеспечит буферную зону, с территории которой не будет вестись огонь по нашим домам». Безадказнасць – найстрашнейшы біч сучаснай дзяржавы Ізраіль. Пакуль ізраільская эліта не кіне перакладаць адказнасць за стан межаў на іншых (сп. пасол пераклаў яе на Ліван, Сірыю і Іран, а хто-ніхто спадзяецца, што «Амерыка нас абароніць»), «мірныя працэсы» і замірэнні будуць адно прэлюдыямі да войнаў.
Зрэшты, «каму вайна, каму маці радна» – асобныя кіраўнікі асобных яўрэйскіх суполак Беларусі скарысталі эскалацыю канфлікту, каб нагадаць, што яны – самыя блізкія сябры Ізраіля. Глядзіш, на які пазачарговы кангрэс запросяць. Хоць з «сябрамі», што не так даўно лілі на ізраільцянаў цэбры бруду ў «Советской Белоруссии», як кажуць, і ворагаў не трэба.
На фоне гібелі людзей, мірных яўрэяў і арабаў, святкаванні адыходзяць на другі план. Нават юбілей архітэктара Леаніда Левіна, якому ў ліпені споўнілася 70, выглядаў блякла. Ліслівыя публікацыі ў «Авиве» і перадачы на беларускай тэлевізіі, урыўкі з летась выдадзенай кнігі «Хатынь» у «Народнай волі»… «Мы яшчэ тут!» упершыню друкуе малавядомы твор дойліда (гл. ніжэй).
Верагодна, сціплым будзе і маштаб урачыстасцей з нагоды 500-годдзя пасялення яўрэяў на Піншчыне. Нагадаем, што дазвол сяліцца даў ім князь Яраслаў 9 жніўня 1506 г., а ўрачыстасці запланаваныя на верасень 2006 г. Ці вернуць Савецкай вуліцы назоў Карлінская, ці надыдуць «Дні яўрэйскай культуры» з вечарамі ідыш-гумару, паэзіі і музыкі, ці не сарвуцца ў школах Піншчыны ўрокі па гісторыі мясцовых яўрэяў? Пажывём – пабачым. Самі ж прэзентуем пінчукам серыю скахаграфічных (выяўленчых) шахматных задач. «Made in Belarus».
“П”: Белыя: Крс7, Фс4, пп: а4, b7, c5. Чорныя: Kpa7, Лa5, Kc6, п. a6. Мат за 2 хады.
“Я”: Белыя: Kpf4, Kg5, п. g7. Чорныя: Kph5, Фh6, Kh7, пп: f6, h4. Кааператыўны мат за 2 хады.
“5”: Белыя: Kpb3, Cc4, Kb5, пa3. Чорныя: Kpa6, Лb7, Ka7, пп: a5, c5, c7. Кааператыўны мат за 2 хады.
“0” уверсе: Белыя: Kpg6, Лf7, Лh7. Чорныя: Kpg8. Як кончыцца гульня?
“0” унізе: Белыя: Kpg3, Kh2. Чорныя: Kpg1, пf2. Каапмат за 3 хады.
Адказы, з Яго помаччу, надрукуем у наступным нумары.
============================
ЮЛІІ КАНЭ – 75!
А мы ледзь не забыліся пра юбілей гэтай слаўнай кабеты… Дзякуй «Нашай Ніве» – дала караценькую нататку, падказала. Юлія Міхайлаўна нарадзілася 21 жніўня 1931 г. у Маскве, у Мінск пераехала па вайне. Скончыла журфак БДУ, працавала ў газеце «Піянер Беларусі». Удава слыннага літаратуразнаўцы Рыгора Бярозкіна, Ю. Канэ – удумлівы і ўедлівы літаратурны крытык. Асвятляла творчасць Янкі Брыля, прысвяціла Янку не адну манаграфію. Абрабляе і яўрэйскую ніву: напярэдадні ад’езду ў Ізраіль у 1992 г. разам з Гіршам Рэлесам уклала том Шолам-Алейхема для серыі «Скарбы сусветнай літаратуры». Перакладала на беларускую і з рускай мовы, і з ідыш. Цяпер, калі верыць даведніку Саюза рускамоўных пісьменнікаў Ізраіля, жыве ў горадзе Ход ха-Шарон. Час ад часу тэль-авіўскія выданні друкуюць яе допісы.
---------------------------------------------------------------------
Да бамбёжак звыкаеш, як да ранішняй кавы

Андрэй Чухуцін шэсьць гадоў жыве ў Ізраілі, а родам ён з Гомеля. У 2000 годзе вырашыў адведаць сваякоў на зямлі абя-цанай, паглядзець, як там яно на гістарычнай радзіме. І вырашыў застацца. Адслужыў у войску. Паступіў на біямэдычны факультэт Хайфскага ўнівэрсытэту, ён будзе займацца распрацоўкай мэдычнай апаратуры: ультрагукавыя прыстасаваньні, рэнтген, імплянтанты. Андрэй не шкадуе аб выбары, бо лічыць, што рэалізаваць свой патэнцыял у Ізраілі значна прасьцей, чым у Беларусі. (…)
Што думае, як рэагуе на вайну наш зямляк, які апынуўся воляй лёсу ў небясьпечнай зоне?
З прычыны баявых дзеяньняў ва ўнівэрсытэце перанесьлі іспыты на верасень, і Андрэй скарыстаў магчымасьць, каб па турыстычнай візе, коштам у сто даляраў, адведаць бацькоў. Зайшоў і ў «Нашу Ніву».
«Як ні дзіўна, але да бамбёжак пачынаеш прывыкаць, як да штодзённасьці, як да выпітага ранкам кубка кавы, – кажа Андрэй. – Гэта ня так жахліва ўнутры, як падаецца звонку.
Нягледзячы на тое, што лібанскія ракеты падаюць на Хайфу ня першы тыдзень, урад не сьпяшаецца абвяшчаць вайсковае становішча, але ў горадзе не працуюць банкі, крамы, іншыя ўстановы. Нам кажуць, калі завыюць сырэны, то мы павінны хавацца ў бамбасховішчах, але гэта папросту раздражняе, калі па пяць-дзесяць разоў на дзень трэба туды спускацца. Апошнімі разамі я нікуды не ішоў, а спрабаваў схавацца ў глухім кутку».
Андрэй кажа, што жыцьцё ў Ізраілі ў пэўным сэнсе – заўсёды рызыка. «Нават у адносна мірны час ты можаш проста зайсьці ў аўтобус і стаць ахвярай тэракту; трэба быць гатовым да ўсяго».
Для Андрэя жыцьцё ў баявой зоне не ў навіну. Ён служыў у войску ў сэктары Газа. «Звычайна ходзіш цэлы дзень, выглядваеш, кантралюеш нейкую палестынскую вёску, а ўвечары адтуль чуюцца стрэлы. Ты таксама бярэш кулямёт і тупа пачынаеш страляць проста ў той бок. Вельмі сумняюся, што я каго там падстрэліў (…)».
Па прыезьдзе ў жыцьці Ізраілю Андрэя ўразіла тое, што яны ўважаюць сябе за паўнавартасных эўрапейцаў, хоць і жывуць у пустэльні між арабаў. «У нейкім сэнсе яны бліжэйшыя да Эўропы, у нейкім – беларусы. З Ізраілю вельмі проста сесьці на самалёт і быць дзе-небудзь у Бэрліне. Беларусы ж мэнтальна і гістарычна заўсёды былі часткай агульнага эўрапейскага кантэксту». Тое самае пра Ізраіль некалі казаў пісьменьнік Этгар Керэт.
«У Ізраілі зусім мала ведаюць пра Беларусь. Нават падчас сакавіцкіх выбараў па мясцовых каналах амаль не паказвалі Беларусь. Кажу, што краіна знаходзіцца між Польшчай і Расеяй. Польшча – так, ведаем, Расея – так, Беларусь – ня ведаем. Пра Лукашэнку таксама нічога ня чулі. Хоць зь Беларусі паходзіць шмат ідэолягаў сіянізму».
У Хайфе няма з кім падтрымліваць сувязі па-беларуску, перакінуцца парачкай словаў. «Паступова натуральна пачынаеш нешта забываць. Часам лягчэй сказаць слова па-габрэйску, чым па-беларуску. У маім унівэрсытэце ёсьць некалькі выхадцаў зь Беларусі, але яны заселі ў ізраільскіх рэаліях нашмат крапчэй за мяне», – кажа Андрэй.
Ён ня можа ўцямна адказаць на пытаньне: кім па нацыянальнасьці ён сябе лічыць. (…) Яго разьдзіраюць між сабой дзьве Радзімы. Але беларуская мова ў Андрэя бездакорная.
Блог Андрэя Чухуціна: end_product.livejournal.com
Зьміцер Панкавец, www.nn.by
(“Наша Ніва”, № 29/2006)

Двое выходцев из Беларуси – военнослужащих армии Израиля погибли 9 августа в Ливане. Это 25-летний Давид Шамидов и 26-летний Игорь Ковалик. В их танк попала «своя» ракета…
========================================================================
Эфраім Кішон

Ну, а сам ты як?
Гэтае насланнё ахапіла ўсю нацыю. Яно абрынаецца на нас у грамадзкіх месцах тады, калі звычайны ізраільцянін на дробку хвілі спыняецца на вуліцы, каб перакінуцца словам-другім з кім бы там ні было, ды гутарка паступова скочваецца да тэмаў кшталту: кінь дурное, ім усім на цябе напляваць, і зіма сёлета на рэдкасьць, і вецер такі, і палітычнае становішча, і дарагоўля, і наплыў турыстаў, і ўплыў дарагоўлі на настрой, і ой не кажы, і як справы дома, і чаму вы ў госьці не заходзіце, і паціху-патроху, і я табе шчыра скажу, і без праблем, і Ёська, і не пытайся, і я ж ня шыла зь перцам, і да рабіна няма чаго хадзіць… Гэтак доўжыцца датуль, пакуль мы не абмяркуем усіх праблемаў, якія точаць нас на прыватным і грамадзкім узроўнях, знутры і звонку, па вэртыкалі і па гарызанталі. Тады мы нарэшце працягваем руку і, ледзь варочаючы языком, кажам, што варта неяк сустрэцца і пагаманіць, і прывітаньне ўсім вашым, і стэлефануемся ў пятніцу, і ўжо з чыстым сумленьнем зьбіраемся сыходзіць, і тут гэты хто-б-там-ні-быў кажа, амаль адпусьціўшы нашу руку:
– Ну, а сам ты як?
Так, так, бессаромна прамаўляе гэтыя словы сваім уласным ротам:
– Ну, а сам ты як?
Тут, на гэтым этапе, практычна на фінішы, мы зазнаем татальную паразу. Проста ня ведаем, што вымавіць. Га? Да таго ж, сэнс пачутага застаецца ня надта зразуметым нашай сьвядомасьцю. Мы ж толькі што ліхаманкава прыкідвалі, што б адказаць на значна прасьцейшае пытаньне «Як ваша здароўечка?» Дык якім, да халеры, будзе наша здароўечка, калі, акрамя пытаньняў пра самаадчуваньне, мы яшчэ павінны ламаць галаву, як жа ж там мы самі?! І што, сыны Ізраіля, наагул азначаюць гэтыя словы?
Ну, а чытач наш як?
Карацей кажучы, сэнс у тым, што пытаньня гэтага не пазбыцца і ўжо немагчыма разьбегчыся на ўсе чатыры бакі. Даводзіцца таптацца на месцы і мармытаць нешта ў адказ, безупынна ўсьміхаючыся і мардуючы руку суразмоўцы доўгатрывалымі поціскамі. Але што, што можна адказаць?
«Кумсі-кумса»? Надта ўжо банальна. «Нармуль»? Так адказваюць слабахарактарныя. «Паціху-патроху» было вышэй, дык што, літасцівы божа, трэба казаць?
Бадай найлепшы варыянт – гэта працадзіць праз зубы: «Нічога ня ведаю, нікуды не хаджу, ні з кім не бачыўся». Аднак на гэта наш суразмоўца заўсёды мае на запас: «А што чуваць у Гіёры?» І барацьба пачынаецца з новай сілай. То бок, Гіёра маецца кепска, наагул у паганым стане з-за таго ганебнага скандалу, кажуць, што іх адвакаты сустракаліся ўжо двойчы, але тая раптам перадумала, бо ўся гэтая гісторыя ёй жудка абрыдла, ды яна зьехала ў Аўстралію з архітэктарам ці яшчэ там з кім. І гэтак да сутоньня мы распавядаем пра Гіёру, які кепска маецца і пахне, і потым у другі раз працягваем руку, каб разьвітацца, і тут (клянуся, сам ня ведаю зь якой прычыны!) замест таго, каб атрымаць нарэшце доўгачаканую волю, цяпер мы самі тужліва выдыхаем:
– Ну, а сам ты як?
Проста паталёгія нейкая!
Найвялікшая катастрофа, калі суразмоўца ўспрыме гэтае ўсёабдымнае пытаньне, якое мае фальклёрныя карані, з усёй суръёзнасьцю, ды сядзе на якіясь незанятыя парэнчы і пачне маляваць сакавітымі фарбамі, як на некага ціснуць у камісіі, каб ён прымірыўся з Шэхтэрам, аднак ён сказаў ім: хлопцы, для вас з кім заўгодна, але ня з Шэхтэрам...
Гэтага Шэхтэра можна нэўтралізаваць толькі адным прыёмам, хутка выпаліць: «Як там Гіёра?» Аднак тады ўсё скочваецца да ўжо абгаворанага скандалу, і гутарка зноў імчыцца галопам у кірунку няўхільнага пытаньня, што задаецца акурат перад заслонай: «Ну... а сам... ты...»
Cьвежы ў памяці трагічны выпадак зь Мішам і яшчэ адным чалавекам, якія ў тую злашчасную сераду прастаялі на вуліцы Гордан дзевяць гадзінаў запар, ня ў стане разысьціся, бо ў момант, калі яны мусілі разьвітацца, адзін зь іх абавязкова вінен быў запытацца... Яны ўдвух нарэзалі пяць кругоў вакол Шэхтэра і Гіёры, ды абаперліся аб сьценку, цяжка дыхаючы, як марафонскія бегуны, што памыліліся дарогай. Ёсьць людзі, гатовыя засьведчыць, што, калі Міша зь дзікім шумам паваліўся на тратуар, ён усё ж здолеў прыўзьняцца і на астатнім дыху прашаптаць:
– Ну, а сам...
Такія справы. Два месяцы таму ў лесе Бэн-Шэмэн знайшлі два мужчынскія, выбеленыя ад часу, шкілеты, якія цесна прытуліліся адзін да аднаго, а іх рукі намёртва сашчапіліся ў апошнім поціску.
Страх! Учора вечарам яшчэ адзін хто-б-там-ні-быў пацікавіўся пры канцы вулічнай гутаркі, як я сам. «Вы атрымаеце адказ у пісьмовым выглядзе». І вось, калі ласка, я напісаў усё, што думаю на гэты конт. Бо сам я – ніяк і больш так не магу.

З мовы іўрыт пераклаў Павал Касьцюкевіч

Даведка: Эфраім Кішон (Ферэнц Хофман, 1924–2005), быў адным з найбольш папулярных ізраільскіх літаратараў. Нарадзіўся ў Венгрыі. Пяць дзесяткаў ягоных кніг выдадзены на 37 мовах накладам 43 мільёны асобнікаў. Нават у нацысцкім канцлагеры гуляў у шахматы; пазней распрацаваў «гаваркі» шахматны кампутар. Фота гумарыста мы ўзялі з сайта chessbase.com.
Павел Касцюкевіч з Тэль-Авіва, 27 гадоў, – былы мянчук, першы перакладчык кішонаўскіх твораў на беларускую. Перастворанае ім апавяданне «А ключы ў Рудога» было змешчана ў «Нашай Ніве» 18 сакавіка 2005 г.
==========================================
АДКАЗ У ПІСЬМОВЫМ ВЫГЛЯДЗЕ

У верасні 2002 г. групa пісьменнікаў і іншых грамадзянаў (26 чалавек) звярнулася да Л. Левіна з просьбай падзяліцца звесткамі аб Праведніках народаў свету і ўпарадкаваць Алею герояў ля мінскай «Ямы», дзе адсутнічалі некалькі шыльдаў з імёнамі. Як жа адрэагаваў засл. архітэктар РБ?

Союз Белорусских еврейских общественных организаций и общин
Саюз Беларускіх яурэйскіх грамадскіх аб’яднанняу і абшчын
Исх. №214
От 25.10.02 г-ну В.Рубинчику
Союз белорусских еврейских общественных объединений и общин благодарит Вас за постоянный интерес, который Вы проявляете к деятельности нашей организации.
Вопросами по установки табличек с Аллеи Праведников Мира занимается Союз белорусских еврейских общественных объединений и общин.
Вручение медалей и дипломов Праведникам Мира проводится Посольством Государства Израиль, где можно получить информацию о количестве Праведников Мира, проживающих на территории Республики Беларусь в данное время.
Президент СБЕОО (подпись) Л.Левин

Арфаграфія захавана. А шыльдаў не стае і ў 2006 годзе…
----- ––––––– –––––––––– ––––––––––––––
IN MEMORIAM

Янка Брыль (4.8.1917 – 25.07.2006)
У канцы 2000 г. Іван Антонавіч Брыль адведаў Мінскае аб’яднанне яўрэйскай культуры, якое тады мясцілася на Інтэрнацыянальнай, 6, сустрэўся з заўсёднікамі МАЯК. Прыязна павітаўся з Маем Данцыгам, адказаў на пытанні. Яны тычыліся, прыгадваем, не столькі літаратурных твораў, колькі біяграфіі народнага пісьменніка. Пацешыў запыт з залі: «А якое Ваша сапраўднае прозвішча?» Янка Брыль з годнасцю адказаў: «Тое, якое ёсць». І дадаў: «У нашай вёсцы шмат Брылёў».
І вось цяпер, да жалю, адным менш…

Аркадзь Эскін (24.04.1939 – 12.08.2006)
Сышоў карыфей белджазу, які доўга хварэў, але да астатніх дзён займаўся любімай справай. Нарадзіўся А.Эскін у Харкаве, іграў у Кіеве, Тбілісі, а душа яго была тут. У свой час ён уваходзіў у склад знакамітых «Песняроў», пазней працаваў у аркестры Міхаіла Фінберга. Дый назва яго апошняга альбома «What’s new?» гучыць для нас як “Vos hert zich?”
* * *
Зачынілася апошняя ідышысцкая газета ў Ізраілі, “Lecte najes”. Прычына – нястача грошай. Глыбейшая прычына – уціск ідышыстаў. Цяпераш-ні прэм’ер-міністр Эгуд Ольмерт у бытнасць мэрам Іерусаліма «праславіўся» тым, што ў жніўні 2002 г., на жалобным мітынгу зняважыў сваякоў акцёраў і паэтаў, расстраляных саветамі ў 1952 г. А выказаўся ён тады прыблізна так: ідыш належыць мінуўшчыне і трэба яго закінуць дзеля мовы іўрыт.

Elijahu ZLOTNIK

FARVOS?

Oj, idysh, majn idysh, geven es nit lajcht dir
Jorhunderter ojslebn, zajn in der fremd…
Cvishn felker farshejdene geshmachst host on ende,
Nor uraltn alef-bejs kejnmol farshemt.

Af idysh – der ufshtand in Varshever geto,
Michoels a korbn falt af minsker gas…
Dy shprach, vos af ir ligt aza shvere veto,
Farvos iz faran aza umtroj un has?

Farvos iz cu idysh an umchen un sine,
Iz vos far a shlechts hot es vemen gebracht?
Cy hot es derniderikt undzer medine?
Farkert – frishe klangen gegebn un kraft!

ПАЗІТЫВЫ АД АЯН
У канцы ліпеня магілёўская пракуратура скасавала пісьмовае папярэджанне, вынесенае Людміле Ізаксон-Балатоўскай, арганізатарцы Пурыма-2006 у гарадскім дзіцячым садку № 72. Раней пракурор сцвярджаў, што спн. Людміла парушыла закон аб свабодзе сумлення, уцягнуўшы малых у рэлігійнае свята.
* * *
Віцебская гарадская яўрэйская суполка (кіраўнік Марк Піпкін) і яўрэйскі культурны цэнтр «Мишпоха» вырашылі ўсталяваць помнік ля Ілаўскага яра, на месцы расстрэла вязняў Віцебскага гета ўвосень 1941 г. Цяпер шукаюць сродкі.
Паводле Агенцтва яўрэйскіх навінаў (www.aen.ru)


============================================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 23.08.2006. Тыраж 120 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=======================================================================================
P. S. Да ўвагі чытачоў электроннай версіі. У мінулым нумары былі дапушчаны недакладнасці.
1. Сапраўдная дата, калі № 19 быў надрукаваны, – 25.07.2006.
2. Шахматная задача “З”, складзеная ў гонар 10-годдзя беларускага зямляцтва, павінна выглядаць наступным чынам. Белыя: Крі5, Лі9, Ki7, п. j6. Чорныя: Крf7, Лj8, Kh9, пh5 (нагадваем, што ідзецца пра дошку 10X10). Рашэнне: 1. Kph8 Kph6 2. Лi8 Лh9X. Дарэчы, у задачы “Б” ёсць другое рашэнне: 1. Kc8 Kb8 2. Лa9 c10ФX.

Выбачайце і будзьце з намі.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il