Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Спецвыпуск № XV, сакавік 2006 г. / адар 5766 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Спецвыпуск № XV, сакавік 2006 г. / адар 5766 г.
====================================================
ПОШТА РЭДАКЦЫІ
* * *
На днях, у пачатку сакавіка, пройдзе так званы ўсебеларускі народны сход. Ці насамрэч ён народны, меркаваць цяжка: з нашага раёна на яго паедуць адно тыя, хто дагадзіў начальству. Аднак жа вестка аб сходзе наштурхнула на роздумы: ці не зладзіць вам, мінскім актывістам, агульны зезд беларускіх яўрэяў? Сапраўды народны, адкрыты для ўсіх. Хай людзі сустрэнуцца, зазірнуць адно аднаму ў вочы. Так, напачатку будзе шмат пытанняў «а ты хто такі?», а потым дэлегаты паразумеюцца і вырашаць, як жыць далей…
Калі паразумеюцца яўрэі – то дадуць прыклад і беларусам. Маю прапанову вы можаце палічыць наіўнай, аднак з райцэнтру, дзе яўрэяў цяпер можна пералічыць на пальцах, а ў будынку сінагогі на вул. 17 верасня – «мярзота запусцення», адрозненні паміж рознымі кірункамі іудаізму, унутры- і міжабшчынныя звадкі ў сталіцы выглядаюць гэтак абсурдна і дробязна…

Максім Доўгі, Шчучын
Фота: www.jewishbelarus.org
Рэд.: Калісьці ў светлыя галовы кіраўнікоў левінскага Саюза прыходзіла задума склікаць яўрэяў-выхадцаў з Беларусі на зезд, ды яна выявілася мыльнай бурбалкай. Мабыць, яно і да лепшага. У яўрэяў з усіх куткоў Беларусі і зямной кулі ёсць магчымасць нязмушана пагутарыць: сустрэча 9 мая на «Яме» у Мінску. Траціць грошы на арэнду памяшкання для «усеяўрэйскага зезду» не мае сэнсу, бо ў сучасных варунках такая імпрэза або будзе сарваная, або ператворыцца ў банальную «выстаўку дасягненняў яўрэйскай гаспадаркі».
* * *
Дзякуй за бюлетэнь. Цікава і незвычайна. Незразумелая толькі мэта выдання.

Л. Коласаў, Мінск

Рэд.: Калісьці, у час выдання газеты «Анахну кан» (2002 г.), мэта ў нас была амбітная: аднавіць у Беларусі яўрэйскую грамадскую думку і абшчыну. Чатыры гады таму мы білі ў званы і марылі пра “школы, музеі, прэсу, мажліва, прадстаўнікоў ва ўладзе” (“АК”, №1/2002). Сёе-тое ажыццявілася, але ж у цэлым этнаканфесійная група яўрэяў Беларусі так і не адчула сябе суб’ектам уласнай гісторыі.
У бюлетэні «Мы яшчэ тут!», які нерэгулярна выдаецца з вясны 2003 г., мы проста звяртаем увагу на тое, што нас цешыць або бянтэжыць, выказваемся і даем слова іншым – без цэнзуры. Знаходзім месца для занядбанай мовы ідыш (“скажонага дыялекту нямецкай мовы”, па версіі аднаго прыдворнага гісторыка). Як для цяперашніх часін, ад якіх адчувальна патыхае сталінізмам, бадай, не так ужо і мала.
* * *
Посылаю вам свою новую миниатюру, написанную в размере рубаи. Прилагаю и «гарик» Игоря Губермана, из которого позаимствована мысль стихотворения на идиш.
Dy ruikajt in vald dernebn,
Mir fruj dem lebn iz gegebn,
Nor paradoks fun lecte cajt:
Dy jene fruj nit git mir lebn.


Кто любит истину, держись
У парадокса на краю;
Вот женщины: дают нам жизнь,
А после жить нам не дают.

Р. Собур
* * *
Вы спасылаецеся на газету «Наша Ніва». Нагадаю, што заснавальнікамі гэтай газеты сто гадоў таму былі славутыя браты Антон і Іван Луцкевічы. Іх бацька – татарын, маці – габрэйка. Жонка А. Луцкевіча, Соф’я Абрамовіч, таксама была габрэйкай (не мяняла прозвішча, будучы замужняй). Яна памерла перад вайной і была пахавана на габрэйскіх могілках у Вільні з захаваннем іудзейскіх традыцый.
Сябра Луцкевічаў, Змітрок Бядуля, пры ўрадзе БНР меў вайсковае званне маёр. У 1980-я гады дом Бядулі, што ля Інстытута культуры, хацелі знесці – нехта напісаў данос, маўляў, Бядуля ў канцы 1910-х гадоў ганіў бальшавікоў. Але ж беларускія актывісты захавалі дом, нагадаўшы ўладам, што ў ім пэўны час жыў Максім Багдановіч. Цяпер там філіял музея Багдановіча.

А.Н-ў, Мінск
АБВЕСТКА

Увага! Выхадцы з мястэчка Пасадзец і ўсе, каму не абыякавая спадчына пісьменніка Змітрака Бядулі (Самуіл Плаўнік; 1886-1941), запрашаюцца на 120-гадовы юбілей пісьменніка і 20-гадовы юбілей музея З. Бядулі. Урачыстасці пройдуць 6 мая 2006 г. па адрасе: в. Пасадзец, Лагойскі раён, 223149. Тэл. для даведак: 8-01774-72-7-12 (школа). Пытацца Таццяну Сухадолец або Галіну Акуліч. Кабеты просяць таксама аказаць пасільную дапамогу школьнаму музею.
============================================================================
ПАЗIТЫВЫ АД АЯН

У СЛУЦКУ ВЫВУЧАЮЦЬ ТАНАХ
Вялікай папулярнасцю ў членаў яўрэйскай абшчыны Слуцка карыстаюцца гутаркі, заснаваныя на тыднёвых раздзелах Торы, якія нядаўна пачала праводзіць кіраўнічка службы міласэрнасці Ася Кіпніс. Як яна расказала Агенцтву яўрэйскіх навінаў (АЯН), у горадзе няма ні сінагогі, ні рабіна, таму яна і вырашыла знаёміць членаў абшчыны з запаветамі Торы.

ПЕРШАЯ СЯРОД РОЎНЫХ
У яўрэйскай абшчыне Магілёва прайшла лекцыя-гутарка пра першую ў Еўропе яўрэйку-прафесарку Ганну-Эстэр Тумаркіну. Лекцыю падрыхтавала старшая бібліятэкарка Магілёўскай абласной бібліятэкі Аксана Дабравіцкая. Яна распавяла слухачам, што Г.-Э. Тумаркіна нарадзілася ў 1875 г. у Дуброўне, у сямі Софі Герцэнштэйн і Паўла Тумаркіна. 17-гадовая Ганна-Эстэр бліскуча закончыла школу, зехала ў Швейцарыю і паступіла ў Бернскі універсітэт. Ужо ў 20 гадоў яна атрымала навуковую ступень доктаркі філасофіі. У 34 гады стала прафесаркай і выкладала ў названым універсітэце. У яе гонар у Берне названа вуліца, а на будынку Бернскага універсітэта ўстаноўлена мемарыяльная шыльда.

І ДА ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ЗОНЫ ДАБРАЛІСЯ
З поспехам прайшлі ў Краснаполле гастролі магілёўскага народнага яўрэйскага тэатра “Шалом”. Быў паказаны спектакль “Буйны выйгрыш” паводле Шолам-Алейхема.
Як паведаміла АЯН рэжысерка тэатра Міра Джаліашвілі, зала на 300 месцаў была поўная, і гледачы прымалі акцёраў вельмі цёпла. «Мы спачатку былі крыху напружаны, бо не ведалі, як будуць успрыняты песні на ідыш, – сказала М. Джаліашвілі. – Як жа мы здзівіліся, калі некаторыя гледачы пачалі нам падпяваць».
Высветлілася, што многія старыя беларусы не толькі разумеюць ідыш, але і гавораць на ім.
Паводле Іллі Разумоўскага, www.aen.ru
==================================================================================
Ю Б І Л Е Й!

У лютым стукнула 60 год Уладзіміру Ліўшыцу, старшыню горацкага яўрэйскага таварыства, краязнаўцу і літаратару. Гэтага чалавека мы ведаем здаўна і паважаем, а таму і друкуем фрагмент віншавальнага вершыка, складзенага супрацоўнікам часопіса “Вожык” – самага добрага сатырычнага выдання ў свеце.

Павел Саковіч

Прыгоды Тараса на Горацкім Парнасе

Тарас заўважыў вокам зоркім:
Хтось пад гарой вядзе раскопкі.
Вунь як стараецца – глядзі ты!
Мо талент свой ім тут зарыты?
Але калі так пойдзе дзела,
Гара каб раптам не асела.
А можа трэба – для страхоўкі –
Пужнуць нахабу з дубальтоўкі?
Намер Тараса Зеўс спыняе:
– Яго ж любы сабака знае!
У Горках тых ва ўсякім разе,
Бо ўсё тут вывучыў, аблазіў
І напісаў пра Горкі кніжку.
З ім варта выпіць па кілішку!
Пакліч сюды яго, Тарасе,
Хай адпачне лепш на Парнасе.
Ён будзе тут зусім не лішні:
Пісьменнік, навуковец, Ліўшыц.
=======================================================
МАЦВЕЙ БАСАЎ: «МАЁЙ ТВОРЧАСЦІ ДАПАМАГЛА ТОРА»

– Мацвей, ты даказаў, што сын мастака можа стаць мастаком. Няўжо ж бацька цябе не адгаворваў? Колькі ліха ён глынуў ад гэтага малахлебнага рамяства...
– Так, бацьку сапраўды давялося несалодка... Пра яго загаварылі толькі пасля перабудовы, калі высветлілася, што ён якраз і займаўся сапраўдным мастацтвам, а тыя, хто імкнуўся да пасадаў, рэгалій, грошай, беглі ў нікуды. Дарэчы, бацька ніколі не сумняваўся ў слушнасці свайго выбару. І гэтую ўпэўненасць передаў мне.
Я нарадзіўся 14 чэрвеня 1950 г. у Мінску. Патрэба маляваць выявілася гадоў з пяці. Гэта, відаць, сямейнае, бо і бацькаў брат Беньямін Басаў – таксама вядомы мастак. Ён яшчэ ў 1934 г. браў удзел у першай беларускай выставе кніжнай графікі. Я маляваў, седзячы на ганку нашага паваеннага барака. У 1955 г. бацька завёў мяне ў мастацкую студыю рэспубліканскага Палаца піянераў да выдатнага педагога Сяргея Каткова. Займаючыся там, я атрымаў бронзавы медаль на міжнароднай выставе ў Італіі і шмат дыпломаў з іншых міжнародных выстаў. У 13 гадоў паступіў у рэспубліканскую мастацкую школу, якую скончыў у 1967 г. Тады ж пачалося маё навучанне ў Мінскай мастацкай вучэльні. А ўвогуле адчуванне таго, што я буду мастаком, і нічым іншым займацца не хачу, было ў мяне ужо гадоў з 7-8.
Свой жывапіс я лічу адным з элементаў сучаснага мастацтва. Нью-йоркскі прафесар Рафі Саркісян назваў яго праявай інтуітыўнага экспрэсiянізму… Я заўсёды рабіў і раблю тое, што мне даспадобы. Гэта, напэўна, ідзе ад бацькі. Таму мой жывапіс таксама не бралі на выставы. Не ўпісваўся ў «cацрэалізм». Не хацеў спаборнічаць з фатографамі, дый ідэалагічных рамак не трымаўся. На шчасце, такіх, як я, было нямала. Але, у адрозненне ад бацькі, мне пашчасціла: надышоў час, калі ўжо не трэба нікому даказваць, што ты не верблюд.
У 2000 г., калі праходзіла мая персанальная выстава ў Палацы мастацтваў у Мінску, адзін з дасведчаных мастакоў сказаў, што гэтыя работы трэба везці ў Чачню, каб спыніць вайну. Вось вам і ацэнка. Прычым, зусім нечаканая для мяне. А ў час нядаўняй выставы ў Нью-Йорку адна мастачка вымавіла: "Маленькіх дзяцей трэба класці спаць паміж вашымі карцінамі, каб яны выраслі добрымі людзьмі". Мне здаецца, яна найбольш дакладна ўлавіла маё светаадчуванне. Мае работы, калі прыглядзецца, поўняцца аптымізмам. Яны напоўнены прагай жыцця. Гэта ж, дарэчы, і якасць нашага народа. Нават у самыя трагічныя моманты сваёй гісторыі яўрэі не ўпадалі ў роспач. І звярніце ўвагу, дні жалобы заўжды змяняюцца нястрымнай весялосцю. Калі, напрыклад, Дзевятае Ава – дзень жалобы і памяці пра бедствы, што прыпалі на нашу долю, перадусім пра разбурэнне Храма – выпадае на суботу, то ўсе жалобныя элементы пераносяцца на нядзелю, а Шабат святкуецца як заўсёды – весела, па-сямейнаму. Нічога падобнага вы не знойдзеце ні ў воднага народа.
– Ці працуе яшчэ хто-небудзь у аналагічным жанры? Ці прасочваецца яўрэйская тэма ў творчасці сучасных беларускіх мастакоў?
– Не магу сказаць напэўна, ці працуе яшчэ хто-небудзь у гэтым жанры. У кожнага мастака сваё бачанне свету. Я бачу яго такім. І спяшаюся пазнаёміць з ім гледачоў. Што тычыць яўрэйскай тэматыкі ў творчасці беларускіх мастакоў, то час ад часу такія работы зяўляюцца.
– Сёння ў цябе няма праблем з выставамі. Дзе выстаўляўся ў апошнія гады? Ці заўважылі цябе ў Беларусі?
– Увагай, дзякуй Б-гу, не абдзелены. Здараецца, маю выбар: скажам, збіраюся ў Амерыку, а настойліва клічуць у Італію. У апошні час часцей выстаўляюся ў Францыі, Германіі і ЗША. Некалькі персанальных выстаў было ў Мінску.
Беларускае тэлебачанне зняло паўгадзінны фільм пра маю творчасць, у траўні адбылася яго прэм’ера. Мае работы ёсць у музеі сучаснага мастацтва Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі, музеі гісторыі і культуры Беларусі.
– На якія этапы можаш падзяліць сваю творчасць? І якія цыклы карцін іх характарызуюць?
– Першы этап, хутчэй за ўсё, – работа з натуры. Пісаў эцюды, і лічу, што гэта было для мяне добрай школай. Пазней стаў сурёзна займацца станковай графікай. Рабіў кампазіцыі паводле ўяўлення, выязджаў на прыроду… Графіка, у рэшце рэшт, прывяла мяне да абагульненага жывапісу. Сталі зяўляцца біблейскія кампазіцыі, спачатку на інтуітыўным узроўні. Потым пачаў вывучаць Тору, і гэта дапамагло маёй творчасці, узбагаціла яе.
Паводле інтэрвю Анатоля Гержгорына, www.newswe.com
Скарочаны пераклад з расійскай мовы
-----------------------------------------------------------------
ПРА ІВЕЙСКІХ ТАТАР І ЯЎРЭЯЎ

Іду па вуліцы Чкалава, дзе жывуць татары. Іўе называюць беларускай татарскай Мэкай. Тут іхная найвялікшая абшчына – больш за шэсьць соцень чалавек. Іўеўскі мячэт быў адзіным афіцыйна дзейным у СССР. Між іншым, тут дынастыя мулаў Шабановічаў, некалькі пакаленьняў. Я ў 76-гадовага Ізмаіла Алеевіча Шабановіча, які тайным галасаваньнем усёй абшчыны – так прынята спрадвеку – быў абраны на пасаду мулы адзінаццаць гадоў таму. І гэта зусім не рэкорд, кажа Ізмаіл.
(Ізмаіл: ) “У 1939-м выбіралі новага мулу – Шабановіча Мустафу Алеевіча. Пяцьдзясят пяць год прабыў! І акупацыя, і немцы – захаваў мячэт. Камуністы перасьледавалі, каб дзеці не хадзілі: “Закрыем мячэт, закрыем мячэт!” А ў нас дзеці пад мячэтам іграюць, дык з выканкаму: “Гэта вы прывучаеце, палітыка”. Альбо нясуць яблыкі, грушы, цукеркі – застануцца, дык дзецям вынесем. Кажуць: “Гэта вы іх падманіваеце!” У мячэце ў нас стаіць скарбонка, і людзі ахвяруюць. Выбіраем гэтыя грошы камісіяй — тры-чатыры чалавекі, у нас казначэй. Так за зіму зьбяром – пафарбавалі дах, паркан вакол мячэту жалезны паставілі, пафарбавалі”.
Ізмаіл Алеевіч у сялянскай вопратцы, на вуліцы яго не адрозьніш ад вясковага беларуса. На стале сьвежыя памідоры ды гуркі – бадай, у кожнай татарскай сям’і парніковая гаспадарка, вырошчваньне ды продаж гародніны тут асноўны занятак. У Ізмаіла чатыры авечкі – бязь іх не адзначыць Курбан-Байрам. Гаспадар жыве на 130 тысяч пэнсіі, усё жыцьцё гандляваў у краме, сьвятар ён, так бы мовіць, па сумяшчальніцтве. Прайшоўшы празь нягоды, іўеўскія татары дэманстратыўна адхіляюцца як ад палітыкі, так і, да прыкладу, ад заезных арабаў з Саудаўскай Арабіі. (…)
Першых габрэяў у Іўе завезьлі на загад расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Напярэдадні другой сусьветнай больш за палову насельніцтва былі габрэі, яны трымалі больш як шэсьць дзясяткаў крамаў ды шапікаў. Дзейнічалі тры сынагогі, а таксама габрэйскія хор, камэрны аркестар, футбольная каманда – гэныя вандравалі па ўсёй Эўропе. У 1942-м усе яны былі загнаныя ў гета і 12 траўня на ўскраіне Іўя расстраляныя — 2524 чалавекі. Дагэтуль габрэяў тут больш няма. На месцы катаваньня помнік пад ніцымі вербамі, які даглядаюць навучэнцы тутэйшай сярэдняй школы. Ля помніка сустрэў дзевяціклясьніцу Алену Доўнар і яе чатырох сябровак.
(Алена: ) “Я сама беларуска… Мы мяцем, упрыгожваем, можам пафарбаваць, папалоць, пасадзіць кветачкі. 12 траўня сюды прыяжджаюць з розных краінаў габрэі – з Канады, Ізраілю. Расказвалі, што іх вялі па адной з вуліц Іўя, і была адна вельмі прыгожая дзяўчына. Адзін афіцэр нямецкі прапанаваў ёй уратаваньне – выйсьці з шэрагаў, можа, каб яна зь ім жыла. То яна не пагадзілася, бо яна была сапраўднай габрэйкай і пайшла на сваё гібеньне разам з усімі – вырашыла застацца са сваім народам. Нам, людзям цяперашнім, можа, трэба браць прыклад з тых людзей”.

Віталь Сямашка
www.svaboda.org
IN MEMORIAM

Трэцяга студзеня 2006 г. у Ізраілі памёр Ілля Злотнік – ветэран Другой сусветнай вайны, паэт, педагог, былы супрацоўнік “Настаўніцкай газеты”. Трэцяга сакавіка яму споўнілася б 84.
============================================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 01.03.2006. Тыраж 120 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinchyk@lycos.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=======================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il