Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








Вёска праведнікаў

25 лістапада прадстаўнікі беларускай і жыдоўскай грамадзкасьці ўшанавалі памяць жыхароў вёскі Парэчча, якія выратавалі ад гітлераўскага генацыду 40 габрэйскіх дзяцей. Гэтая гісторыя згадваецца ў кнізе Леаніда Сьмілавіцкага “Катастрофа габрэяў у Беларусі. 1941—1944”, аднак ізраільскі гісторык беларускага паходжаньня ня ведаў усіх яе дэталяў. Ён піша: “40 жыдоў здолелі дабрацца да атраду імя Кутузава. Іх прынялі да сябе жыхары вёсак Парэчча і Сьвятое Рагачоўскага раёну. Мішу Пекара — Матрона Міхальчык, Сеню Глайхенгаўза ўзялі Ганна і Міхаіл Хурсы, Сіму Ставіцкую — Аляксей і Агрыпіна Шашкі”. Насамрэч вёска Парэчча месьціцца не ў Рагачоўскім, а ў Пухавіцкім раёне, а Сьвятое — гэта засьценак з шасьці хацінаў за тры кілямэтры ад Парэчча. Згаданыя ж 40 габрэяў былі дзецьмі ад 7 да 15 гадоў.

Гісторыя пачалася з таго, што парэцкія сяляне выратавалі Фрыду Рэйзман (Лосік). Улетку 1943 г. Фрыда, васьмігадовая дзяўчынка, разам з маці чакала сьмерці за калючым дротам менскага гета. Ейны брат Лазар Лосік тым часам ваяваў у партызанскім аддзеле імя Кутузава, які кватараваў недалёка ад Парэчча. Атрад гэты першапачаткова быў габрэйскім — яго заснавалі ў красавіку 1942 г. 13 уцекачоў зь менскага гета на чале з Ізраілем Лапідусам. Пазьней ён разросься, да яго далучыліся беларусы, армяне, цыганы і нават адзін немец — Вілі Шульц, капітан вэрмахту. Ён выратаваў зь менскага гета 25 габрэяў, у тым ліку сваю каханую Ільзу Штайн, і быў у аддзеле адным з найлепшых падрыўнікоў. Па словах Фрыды Рэйзман, пасьля вайны ён ажаніўся зь беларускай дзяўчынай і задамавіўся ў вёсцы Амельна недалёка ад Парэчча.

Партызан Лазар Лосік таксама быў падрыўніком і шмат кантактаваў зь сялянамі. Аднойчы ён пазнаёміўся з рудавалосым вяскоўцам з Вузьлянаў, які часта езьдзіў на фурманцы ў Менск. Гэты дзядзька меў дазвол заяжджаць у гета і часам вяртаўся дадому зь небясьпечнымі пасажырамі пад саломай. Вывезеных з гета ён перапраўляў да партызанаў. Рудавалосы згадзіўся вывезьці зь Менску Фрыду і ейную маці, але забраць абедзьвюх адразу не атрымалася. Дзяўчынка пралезла пад калючым дротам, а кабета ня здолела. У той дзень на калёсах збавеньня выехала Фрыда і хлопчык гадоў чатырнаццаці — Міша Шнэйдар (цяперака ён жыве ў ЗША). Як толькі падвода выбралася зь Менску, згадвае Фрыда, у полі пачалася страляніна. Мужык схаваў дзяцей у стог, дзе яны праседзелі да вечара. Потым іх пераправілі ў Вузьляны, а адтуль празь некалькі дзён — у Сьвятое. Фрыда знайшла прытулак у сьціплай кабеты, якую звалі Пелагея Шашок.

Пры канцы кастрычніка 1943 г. нацысты вырашылі ліквідаваць апошніх габрэяў Менску. Рудавалосы вясковец пачаў езьдзіць у Менск амаль кожны дзень. Нарэшце ён вывез да партызанаў і Фрыдзіну маці Дору.

А потым у Парэччы зьявілася 40 габрэйскіх дзяцей. Каб пазьбегнуць зьнішчэньня, яны глыбокай ноччу прапаўзьлі пад калючым дротам гета і кінуліся бегчы да чыгуначнай станцыі. Тры дні хаваліся яны там у каналізацыйных трубах, пакуль адзін зь іх, Ёсаф Левін (жыве ў ЗША), не расказаў, што ведае вёску, дзе дапамагаюць габрэям, і можа правесьці ўсіх туды. Дзяцей у Парэччы разабралі па хатах.

Жыхары вёскі гэтак дружна ратавалі жыдоў, бо гэтаму вельмі спрыяў парэцкі поп Якуб Слабуха.

Фрыда Рэйзман з захапленьнем распавядае пра Парэчча: “У вёсцы было толькі два прозьвішчы — Хурс і Шашок. Усе гэтыя людзі адрозьніваліся надзвычайнай дабрынёй. Калі б нехта паведаміў нямецкім жаўнерам, што жыхары хаваюць габрэйскіх дзяцей, усіх адразу б забілі — і нас, і нашых ратаўнікоў. У вёсцы пра нас клапаціліся, добра кармілі, апраналі, лячылі. А ў дні аблаваў і праверак хавалі на навакольных балотах, куды немцы ня соваліся”.

3 ліпеня 1944 г. у Парэчча ўступілі савецкія танкі. 5 ліпеня Фрыда з маці былі ўжо ў Менску: яны сьпяшаліся адшукаць сьляды Фрыдзінага брата Мішы, які, відаць, загінуў 29 студзеня 1943 г. у турме на Валадарцы. Усе, хто трапіў у той дзень у аблаву, загінулі. Фрыда з маці задамавіліся ў невялічкай кватэрцы, дзе неўзабаве знайшлі прытулак многія з тых дзяцей, што ратаваліся ў Парэччы. Хлапчукі 13—15 гадоў, якія засталіся без бацькоў, уладкоўваліся працаваць малярамі ды электрыкамі. Хто зь іх пайшоў добрай сьцежкай, хто — благой. Адзін — Лёнька Лупаты — нават зрабіўся крымінальным аўтарытэтам ва Ўладзівастоку.

Фрыда Рэйзман шкадуе пра адно: “Ніхто з уратаваных ня ведаў прозьвішча рудавалосага дзядзькі з Вузьлянаў, які выратаваў дзясяткі людзей, — кажа яна. — Мы ведаем толькі, што ён трапіў у аблаву і загінуў у той самы дзень, калі забілі Кубэ, і што ў яго была дачка Люда — прыкладна мая равесьніца”.

14 верасьня 2000 г. з ініцыятывы Фрыды Рэйзман і габрэйскага дабрачыннага фонду “Хесэд-Рахамім” у вёсцы Парэчча паўстаў першы і пакуль адзіны ў Эўропе помнік Праведнікам народаў сьвету. На гэты момант жывымі застаюцца шэсьць сьведкаў тых дзён: пяцёра ўратаваных дзяцей і адна жыхарка вёскі. Усе яны прысутнічалі на цырымоніі адкрыцьця помніка. Сама Фрыда Рэйзман цяпер узначальвае дабрачынную арганізацыю былых вязьняў гета “Гілф” (“Дапамога”).

Юлія Андрэева

Вёска праведнікаў


Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il