Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Спецвыпуск № 8, чэрвень 2005 г. / іяр 5765 г
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Спецвыпуск № 8, чэрвень 2005 г. / іяр 5765 г.
====================================================
СВАБОДУ ПАЛІТРЭПРЭСАВАНЫМ!
Наш бюлетэнь рэдка асвятляе падзеі, наўпрост не звязаныя з яўрэйскім жыццём. Так, для палітычна-прававой хронікі існуюць іншыя выданні. І ўсё ж не можам не выказацца з нагоды асуджэння да трох гадоў абмежавання волі Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча. Прыгавор вынесены судом Цэнтральнага раёна г. Мінска 31 мая 2005 г. Пакаранне жорсткае, несувымернае са шкодай, якую палітыкі нібыта нанеслі сваім пратэстам супраць рэферэндуму ў кастрычніку 2004 г. Спадзяёмся, ініцыятарам прысуду, які пакуль не ўступіў у законную сілу, не ўдалося запалохаць спадароў Паўла і Міколу.
Ціск на іншадумцаў у Беларусі распачаўся не ўчора. Для нязгодных з курсам кіраўніцтва краіны “праваахоўныя” органы, па завядзёнцы, падшукваюць крымінальныя артыкулы. Каб чарговы кадэбіст, пастаўлены ў пасольства ў Ізраілі, меў магчымасць заявіць: “У нас няма палітычных зняволеных, у нас усе крымінальнікі!” Як гэта адаб’ецца на яўрэях – можна здагадацца. Мы не належым ні да якой суполкі, аднак разумеем тых нашых супляменнікаў, якія далучаюцца да партый кшталту АГП (Леў Марголін – кіраўнік яе барысаўскай гарадской арганізацыі). Калі цяжка дыхаць, то цяжка дыхаць усім. “Кіслародныя маскі” у выглядзе джойнтаўскіх падачак, дармавых ваяжаў у Амерыку ці Ізраіль праблем не вырашаць. Тыя, хто хацеў з’ехаць, збольшага з’ехалі. Астатнім трэба жыць ды гаспадарку ладзіць побач з беларусамі, з якімі мы, як і ў часы Купалы, “разам у тугой пятлі”.
…26 мая, у разгар працэсу, П. Севярынец зладзіў прэзентацыю сваёй новай кнігі “Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі”. Паводле яго слоў, “яны нас пракуратурай, а мы іх – літаратурай”. Аўтар імкнуўся распавесці пра такія з’явы і такіх асобаў, якія годна рэпрэзентуюць Бела-русь у свеце. На старонках “Фэнамэналёгіі” знайшлося месца і для феноменаў нашай гісторыі. Глаўкі пра беларускае яўрэйства – апалогія міжэтнічных і міжканфесійных дачыненняў, напісаная паэтам-прапаведнікам, а не гісторыкам-аналітыкам (асацыятыўна ў галаву прыходзяць творы рускага філосафа Ўладзіміра Салаўёва). З дазволу аўтара прапануем чытачам колькі ўрыўкаў. Поўнасцю тэкст кнігі можна знайсці на сайце www.mfront.net.

П. Севярынец
Габрэйства
…Беларусь? І пасьля гэтага вы будзеце гаварыць мне, што ў вас няма сваякоў у Ізраілі?
Зь Беларусі паходзяць лідэры сіянісцкага руху і большасьць кіраўнікоў адноўленай дзяржавы Ізраіль – два прэзыдэнты й шэсьць прэм’ер-міністраў. Габрэйская дыяспара Беларусі адрадзіла старажытны іўрыт, зрабіла дзяржаўнай моваю ідыш і прыдумала эспэранта, заснавала “Масад” і найславуцейшыя габрэйскія школы – іешывы – а таксама дала сьвету дзесяткі знакамітасьцяў, дзеячоў і геніяў плянэтарнага маштабу.
Габрэі (“жыды”, “жыдове”) зьявіліся ў Беларусі яшчэ ў Сярэднявеччы – іх добра арганізаваныя й ўплывовыя кагалы з XIV ст., паводле вялікакняскіх прывілеяў, займаліся камэрцыяй ды рамесьніцтвам.
“А сыны Ізраілевыя пладзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі.” (Выхад 1:7).
Эўрапейскае скрыжаваньне. Небы-валая талеранцыя. Натуралёвая духовасьць. Багаты й утульны край. Беларусь? Ды проста зямля абяцаная!
Па меры таго, як у тагачаснай Эўропе ў выніку крыжовых паходаў, эпідэміі чумы й разгулу цемрашальства габрэі пачалі падвяргацца ўсё больш моцнаму ўціску, цэнтар цяжару габрэйскага расьсяленьня паволі перамяшчаўся зь Нямеччыны на ўсход, праз Польшчу да ВКЛ – дабраславёнага Ханаану, дзе цякуць малако і мёд. У XV-XVI стст. міграцыя прыняла масавы характар: на беларускіх землях аселі дзесяткі тысячаў габрэяў.
Беларусь Залатога веку чула на ўласныя вушы й бачыла на ўласныя вочы, як выконвалася Божае абяцаньне габрэям:
“Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе…” (Быцьцё 12:3)
Беларусь атрымала дар велізарнага гістарычнага значэньня. На працягу апошніх стагодзьдзяў, да аднаўленьня габрэйскае дзяржаўнасьці, якраз тут, у Сэрцы Эўропы, і быў Ізраіль! Мільёны габрэяў век за векам канцэнтраваліся на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства.
…І што, цяпер вы таксама будзеце пытацца ў мяне, чаму беларуская гісторыя так нагадвае Біблію?..
У XIX – пачатку XX стст. абмежаваныя імпэрскай рысай аселасьці габрэі складалі асноўнае насельніцтва беларускіх гарадоў. Менск, Магілёў, Берасьце, Віцебск, Гомель, Пінск, Мазыр былі габрэйскімі на 50-80%! У Валожыне, Міры, Слоніме, Слуцку дзейнічалі самыя вядомыя ў сьвеце іешывы – юдаісцкія ўнівэрсытэты. Сюды, да знакамітых равінаў і тлумачальнікаў Талмуду таго часу, зьяжджаліся вучыцца габрэі з ЗША, Нямеччыны, Ангельшчыны. Беларусь выконвала ролю агромністага рэзэрвуару, дзе намнажаліся сілы для адраджэньня народа, абранага Богам. Беларусь – другая радзіма габрэйства, ня больш, ня менш.

Габрэйская традыцыя

…І што такога дала Беларусь габрэйскай культуры?
Ды ўсё: Марка Шагала й Хаіма Салавейчыка, літаратуру і мастацтва (…). Госпад Бог натхніў свой выбраны народ Беларусьсю перад найстрашнейшымі выпрабаваньнямі Халакосту й найвялікшым шчасьцем Адраджэньня. Беларускія габрэі, ствараючы Ізраіль XX стагодзьдзя, прывезьлі беларушчыну з сабою ў Палестыну.
Беларусы й габрэі – народы, пародненыя Богам. Напэўна, таму беларушчына й габрэйства так суладна сьпяваюць дуэтам. Карціны Шагала – суцэльны Віцебск. Скульптуры Азгура – пантэон беларускіх дзеячаў. Аркестр Фінбэрга – флагман нацыянальнай эстрады.
Тутэйшыя жылі з жыдамі адной сям’ёй. У краме, карчме, фальварку, майстэрні беларус пераймаў вечнага жыда. Вось чаму беларусы такія кемлівыя ды руплівыя. Вось чаму беларус, як і габрэй, увесьчас сабе наўме. Вось чаму ў беларусаў так шмат прозьвішчаў з габрэйскімі каранямі: Хаймовіч, Ханок, Шыманскі, Шлома, Якубовіч… Вось чаму беларус, брат габрэю па лініі Бога-Айца, з поўным правам можа пачынаць свой радавод: “Абрагам нарадзіў Ісака, Ісак нарадзіў Якуба…”
Пейсы, лапсердак, кашэрная ежа? Беларус адразу адчуе ў гэтым цымус!
Эфэкт габрэйскае прысутнасьці ахапляе ўвесь Новы Запавет беларускае гісторыі: згасаньне Залатога веку, паланізацыю й расейскую акупацыю, рэвалюцыі, войны ды барацьбу за незалежнасьць. (…) Зьмяшанае пачуцьцё шкадобы ды павагі суправаджала габрэяў у Беларусі паўсюль – у быце, забаве, фальклёры. “Жывем, як браты, а рахуемся, як жыды.” “Дзеля аднаго жыда і кірмаш будзе”. “Лепш сябраваць з жыдам галапятым, як з панам багатым”. У сваю чаргу, сьвядомыя беларусы штораз ставілі моцныя традыцыі габрэйства ў прыклад уласнаму народу.
Габрэйская культура – цэлы пласт беларушчы-ны. Разам з Трасьцянцом і дзесяткамі гета, спаленымі ў Другую Сусьветную, з забітым у Менску Са-ламонам Міхаэлсам, з руінамі сынагогаў і абавязковымі габрэйскімі могілкамі. Габрэйская традыцыя стала нашай зямлёй, глебай, зь якой растуць беларускія гарады (…) Беларусь, цяжарная Ізраілем, вынасіла традыцыю сучаснага габрэйства пад сэрцам з мацярынскай ласкаю й пяшчотай, шэптам паўтараючы да Бога: “…Дзень і ноч малюся перад Табою за сыноў ізраілевых…” (Нээміі 1:6).

P.S. Каліва гісторыі: у лютым 2004 г. незарэгістраваны “Малады фронт” з П. Севярынцам на чале правёў “Тыдзень барацьбы з антысемітызмам”. У Мінску, Мазыры, Гродне, Магілёве прыбіраліся могілкі, ускладаліся кветкі да месцаў згубы ахвяр Катастрофы і іншых помнікаў. Кансультаваў маладафронтаўцаў Я. Гутман.

* * *
На Дзень Перамогі кіраўнік дзяржавы заняўся перайменаваннем мінскіх вуліц. Адразу зазначым: не царская гэта справа. Існуе Мінгарсавет, пры ім павінна дзейнічаць Тапанімічная камісія з удзелам навукоўцаў-адмыслоўцаў… Урэшце, перафразуючы лозунг партыі “Наш дом Ізраіль”, “менчукам тут жыць, менчукам і вырашаць”. Пацярпела сярод іншых і вуліца Іерусалімская – праезд паміж дзвюма сінагогамі, названы вуліцай у 1996 г., да 3000-годдзя Святога горада… Яна стала часткай новага “праспекта Машэрава”. Праўда, указ прадугледжвае магчымасць надання назвы “Іерусалімская” нейкай іншай вуліцы, ды калі тое будзе… Тым часам, “яўрэйскіх” назваў у горадзе паменела. Не каб на 9 мая назваць якую-небудзь “Базісную” імем героя Мінскага гета Гірша Смоляра, як яшчэ ў 2002 г. прапаноўвалі зацікаўленыя праз “Анахну кан”, ці імем Праведнікаў, як прасілі беларускія пісьменнікі!
Нават далёкія ад яўрэйскага абшчыннага жыцця чытачы “Мы яшчэ тут!” са шкадобай успрынялі вестку аб знікненні вул. Іерусалімскай. Напрошваецца пытанне: а колькі тапонімаў, што адлюстроўваюць гісторыю нашага народа, увогуле засталося ў Мінску? Нягледзячы на хадайніцтвы прыўладных асобаў з аб’яднання яўрэйскай культуры, “Калектарная” так і не стала зноў “Яўрэйскай”. З даўніх тапонімаў назваць можна вуліцу і плошчу Ісая Казінца, вул. Змітрака Бядулі, вул. Льва Даватара (“яўрэйскага казака”). Дзеля жарту залічым сюды і вуліцу Карла Маркса. З нядаўніх – у 1998 г. у Мінску з’явілася вуліца Заіра Азгура, а ў 2004 г. – псіхолага Льва Выгоцкага. Апошнюю трэба шукаць у Навінках, ля славутага псіхдыспансера. Можа, штосьці і ўпусцілі, ды ў кожным разе – нягуста. Не надта песцяць гарадскія ўлады ўвагай і іншыя этнасуполкі, але, напрыклад, “Татарская вуліца” у Мінску ёсць, гэтаксама як і “Амуратарская” – ад татарскага імя Амурат (паясненне для газеты “Авив”, якая палічыла назву “Амуратарская” бессэнсоўнай).
Дзеля замацавання аб’ектыўнай карціны свету, абуджэння пачуцця еднасці, гараджане рознага паходжання ў штодзённым жыцці мусяць сутыкацца з сімваламі іншасці. Найменні вуліц – не галоўны, але даволі істотны знак прысутнасці “нацменшасцей” у Беларусі. Не дзіва, што на сходзе інтэлігенцыі ў 2003 г. сотні дэлегатаў з усёй краіны падтрымалі прапанову аб вяртанні вуліц “Яўрэйскай”, “Нямецкай” і г.д. Аднаўленне гістарычных назоваў магло б адбывацца паступова, з улікам настрою жыхароў, ды пакуль у сталіцы пануюць зусім іншыя настроі. Адны ні з пушчы ні з поля пераназываюць цэлыя праспекты, другія выступаюць супраць усялякіх зменаў…

ДАРЭЧЫ

У Брэсце ёсць вуліца Міхаіла Машэнскага, у Барысаве – братоў Вайнрубаў, у вёсцы Зембін Барысаўскага раёна – Ізі Харыка, у Пінску – Шаі Бярковіча. Горад Капыль адметны вуліцай Мендэле Мойхер-Сфорыма, Мсціслаў – Юлія Таўбіна. Відавочна, “яўрэйскія” вуліцы найчасцей называюць у гонар пісьменнікаў і ваяроў. Сярод выключэнняў – бізнэсовец Машэнскі, мазырскі доктар Сает (забаўна, што на вуліцы яго імя жыў дэпутат Сяргей К-н, вядомы сваімі “сімпатыямі” да яўрэяў). Цяжка сказаць, як ставяцца жыхары населеных пунктаў да гэтых назоваў – мабыць, спакойна. Праўда, у Бабруйску-25 пераназванне вуліцы ў гонар танкіста Саламона Гарэліка наткнулася на супраціў тамтэйшых месцічаў. Паводле “Нашай Нівы” (04.02.2005), яны нічога не маюць супраць Саламона, але абурыліся, што ўлады з імі не параіліся.
ПРА ЯЎРЭЙСКІХ АНАРХІСТАЎ

У год юбілею расійскай рэвалюцыі самая пара ўспомніць, хто ў ёй браў удзел. Чамусьці, апісваючы падзеі ў Беларусі, гісторыкі звычайна называюць толькі яўрэяў-эсэраў, меншавікоў і бундаўцаў, часам згадваюць сіяністаў. Між тым, былі сярод беларускіх яўрэяў пачатку XX cт. і манархісты, нават з ухілам у чорнасоценства (гл. «Нашу Ніву», №№ 14, 32 за 1910 г.), і прадстаўнікі анархісцкіх плыняў.
Пагартаем даследванне ізраільцяніна Мошэ Ганчарка «Попел нашых вогнішчаў» (2002). Выявіцца, што князь Крапоткін, тэарэтык анархізму, быў жанаты на яўрэйцы. «Анархізм, як рух, які адмаўляе дзяржаўную ўладу, заснаваную на законах, што маюць прымусовую сілу, знайшоў у 1880-я гады ідэйных хаўруснікаў як сярод яўрэйскага насельніцтва заходніх абласцей Расійскай імперыі, так і ў асяроддзі яўрэйскіх імігрантаў, што зязджалі з Расіі ў Заходнюю Еўропу і Амерыку», – піша даследчык. «Большасць актывістаў груп, што фарміраваліся ў межах «рысы аселасці», даволі хутка апынуліся за кратамі, былі забіты альбо паспелі своечасова эміграваць».
Хто ж былі гэтыя людзі? У пераважнай большасці выпадкаў – не горкаўскія Чалкашы. Карыкатурны вобраз анархіста, які «утащил полушубок теткин», прыведзены ў Ігната Канчэўскага (“Адвечным шляхам”), канешне, мала адпавядае рэчаіснасці. “Біяграфіі вядомых удзельнікаў міжнароднага яўрэйскага анархісцкага руху – гэта заўсёды біяграфіі журналістаў, пісьменнікаў і паэтаў”, – працягвае М. Ганчарок. І падае біяграфіі бліскучага публіцыста з Вільні, блізкага да Нестара Махна Аляксандра Беркмана (1870-1936), рабочага і ідышысцкага паэта Іосіфа Баўшовера з Любавічаў (1873-1915), урад-жэнца Пінска, журналіста, рэдактара і перакладчыка Шауля-Іосіфа Яноўскага (1864-1939), філосафа і педагога Абы Гордзіна са Смаргоні (1887-1964), амерыканскага тэатральнага дзеяча Мошэ Каца з Магілёва (1864-1941). Але найбольшай цікавосткай з’яўля-юцца звесткі пра анархіста-рабіна Якава-Меіра Залкінда. Нарадзіўся ён у Кобрыне ў 1875 г., памёр у Хайфе ў 1937 г. Вучыўся ў Валожынскай іешыве, з 1904 г. быў доктарам філасофіі, філалогіі і лінгвістыкі. Валодаў трыма дзесяткамі моў. Купляў землі ў Палестыне для беднякоў-рабочых, спавядаў “антымілітарызм”, спрачаўся з Жабацінскім. Лічыў, што грамадскія ідэалы анархізму непасрэдна звязаны з этыкай Талмуду.
Ідэалы многіх з названых людзей пакрыліся павуціннем, аднак і ў наш час многіх яўрэяў цягне да анархізму, а анархістаў – да яўрэяў. Згадваецца, як аніматар “Навінак” Лёлік У. выступіў у Ізраільскім цэнтры. “Анархісцкі” сайт гродзенскага прадаўца відэакасет нездарма называўся “Міхельсон”, ці “У Міхельсона”, і змяшчаў спасылку на яўрэйскі часопіс “Мішпоха”. Так што, мажліва, нам шчэ давядзецца пачытаць Гордзіна і Залкінда.

У СВЕЦЕ СМІ
Выйшаў № 16 віцебскай “Мішпохі”. Часопіс віншуюць з дзесяцігоддзем розныя адказныя асобы, ён дастаў нават прэмію Хофмана “За выбітныя дасягненні ў сферы яўрэйскай журналістыкі ў СНД”. А на с. 9 нязменны начальнік “Сям’і” Аркадзь Шульман шчыра дзеліцца з чытачамі сваім творчым метадам: аказваецца, ён без дазволу ўзяў фотаздымак пісьменніцы Дзіны Рубінай з газеты “Іностранец”, чуць-чуць перакадрыраваў і надрукаваў у “Мішпосе” як рэдакцыйны. Чытачам “дасягненне” прэзентуецца ў якасці нормы – на жаль, яно і насамрэч стала нормай у Беларусі. Сцягнуць, сказіць, выдаць за сваё – наколькі ўсё гэта ўласціва тутэйшым акулам пяра! Пару год таму ў кніжку “Остров Релеса” А. Шульман уціснуў тэкст з газеты “Анахну кан” – ясная рэч, не спаслаўшыся на “АК” належным чынам…
“Калі станеш лепшым, даруецца табе” (Быццё).
* * *
Ва ўрадавай газеце “Рэспубліка” з’явіўся разлогі допіс Э. Скобелева аб гегеманізме Амерыкі, сусветных змовах і г.д. Паводле пасольства Ізраіля ў Мінску, мацёра антысеміцкі. Сапраўды, лукашэнкаўскага ідэолага цяжка западозрыць у юдафіліі, але гэтым разам ён спрэс ужываў эзопаву мову, не высоўваючы канкрэтных прэтэнзій да яўрэяў. Зусім не абавязкова было работнікам пасольства і сп. Левіну пазнаваць сябе ў “чорных сілах”. “Вайна са Скобелевым” за 15 год сталася для суполак “прафесійных яўрэяў” своеасаблівым рытуалам: выходзіць, што ў беларускіх уладаў усё добра, за выняткам асобных вісусаў (гл., напрыклад, калектыўную скаргу да Лукашэнкі “ад імя яўрэйскай грамадскасці” ў “Авиве” № 5, 2003). Шкада будзе, калі новаадкрытае пасольства пяройме гэты рытуал і працягне раскрутку пасрэднага літаратара.
* * *
Заглух правакацыйны сайт “яўрэйскіх скінхедаў”, што летась нарабіў шуму. “Az a nar shvajgt, iz er a chochem”
------------------------------------------------------------------------------------------------------------
ТЫ ЯШЧЭ ТУТ

выкінь свой страх
у паветра

хутка
выйдзе твой час
хутка
нябёсы
зарастуць травой
твае мары
знікнуць у небыцці

яшчэ
пахне гваздзік
пяе дрозд
ты яшчэ здольны кахаць
і дарыць словы
ты яшчэ тут

будзь тым, кім ты ёсць
аддай усё, што ты маеш

Роза Аўслендэр
Верш пераклаў з нямецкай Зміцер Магілеўцаў: “ARCHE”, № 1, 2004. С. 184.

IN MEMORIAM

Споўніўся год, як памёр Майсей Свірноўскі. Яму было 94. Стары, мудры чалавек, былы акцёр Беларускага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, у 1990-2000-я гг. арганізоўваў пастаноўкі на ідыш – спачатку ў Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры, потым у “Хэсэдзе”. Без яго тутэйшае яўрэйскае жыццё страціла важныя колеры. 15 чэрвеня ў Мінску на вул. Веры Харужай, 28, а 15-й гадзіне адбудзецца вечар памяці Майсея Абрамавіча.
=========================================================================================================
Адрас для лістоў: Казловай С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 03.06.2005. Тыраж 150 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinchyk@lycos.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце іерусалімскай філіі Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem.
=====================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il