Рыгор Рэлес – апошні габрэйскі паэт, які піша на ідыш. Чалавек ён мудры й вясёлы. Бо толькі гумар бадай што трымае яго. Калісьці ў Віцебску, як малады журналіст, часта сустракаўся Рэлес з Пэнам – настаўнікам Шагала. Неяк Пэн расхвалявана заўважыў пра свайго вучня:
– Я яго вучыў, вучыў, а ён малюе чорт ведае што.
– І сапраўды мазьня, – захацеў падтрымаць старога майстра Рэлес. Ды Пэн адразу ўзарваўся:
– Ня ўздумай так казаць!
Рэлес не здаваўся:
– У яго людзі й каровы лётаюць.
Пэн працягваў:
– Ты пішаш, як усе. У цябе ў вершах людзі могуць лётаць?
– Могуць. Гэта ж у вершах, – пасьмялеў малады паэт.
– Дык вось у Шагала яны лётаюць на палотнах. Вуха да гэтага прывыкла, а вока не прывыкла й ніколі не прывыкне, – скончыў гаворку Пэн.
Рыгор Рэлес – жывая энцыкляпэдыя габрэйскай культуры, літаратуры, габрэйскага жыцьця. Энцыкляпэдыя й вясёлая, і сумная, як і само жыцьцё.
Калі ў траўні 2003 году віншаваў я Рыгора Рэлеса з дзевяностагодзьдзем і пажадаў яму сто год, мяне пасьля паправілі. Габрэям жадаюць сто дваццаць год. Тады я ўдакладніў пажаданьне радкамі:
Ад куфра мудрасьці годна
Рэлес трымае ключы.
Як і мудрасьць,
Надзея ані старэе,
Што да стадваццацігодзьдзя ягонага
Нарастуць чытачы –
Успомняць, нарэшце,
Мову сваю габрэі.
Крыніца: Дуліна ад Барадуліна. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). – Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2004. С. 38-39.
|