Стракапытаўскі пагром
Гэтую гісторыю я ўпершыню пачуў ад сваёй бабулі, Марыі
Раманавай, у сярэдзіне 70-х. У часы БССР тая падзея была вядомая як
“Стракапытаўскі мяцеж”. Ізраільскія гісторыкі называюць яе “Гомельскім пагромам
1918 г.” А для маёй бабулі ўсё гэта — дзіцячыя ўражаньні. Во што яна
распавядала.
Рэвалюцыя — прыкрая неспадзяванка
“Бацька і маці мае паходзілі зь вёскі Баршчоўка, што між
Рэчыцай і Гомелем. Гэта былі звычайныя сяляне. Бацька Сазонт нарадзіўся ў 1877
г. Маці Вольга — годам пазьней. Сям’я была незаможная. І ў бацькі, і ў маці было
па пяцёра-шасьцёра братоў і сёстраў. Зямлі на ўсіх бракавала. Ніякіх
пэрспэктываў у вёсцы для іх не было. На пачатку ХХ ст. нямала нашых
аднавяскоўцаў эмігравалі ў Сыбір, дзе зямлі можна было браць колькі заўгодна.
Калі мне споўніўся год, зьехалі і мы. Пасяліліся бацькі на ўскраіне Чыты.
Напазычалі грошай у эмігрантаў-сваякоў, набралі зямлі пад грады і працавалі ад
рана да рана. Бацькі вырошчвалі капусту. “Баршчоўская” капуста лічылася ў Чыце
найсмачнейшай. Праз два гады бацька прыкупіў млын на Ангары і заарандаваў у
мясцовых кітайцаў пякарню. Неўзабаве мы пабагацелі й зажылі па-панску: уласная
пякарня (выкупілі), двухпавярховы дом у цэнтры Чыты, свой “выезд” з кучарам.
Дарэчы, у Чыце найбольш заможнымі рабіліся не тубыльцы, а беларусы і ўкраінцы,
якіх панаехала туды мо некалькі тысячаў. Мясцовыя занадта многа пілі гарэлкі і
не любілі працаваць. Нават у найміты мой бацька браў іх неахвотна, аддаючы
перавагу цьвярозым і працавітым кітайцам.
Пры канцы 1916 г. бацькоў пацягнула дахаты. Яны прадалі ўсё,
што мелі, а грошы паклалі на банкаўскі акрэдытыў. Старэйшы бацькаў брат, Мінай
Раманаў, на той час ужо меў у Гомелі ўласны гатэль і прапанаваў укласьці капітал
ў якую-небудзь камэрцыю пры гатэлі. На Радзіму мы вярнуліся на пачатку 1917 г. І
тут здарылася прыкрая неспадзяванка — лютаўская рэвалюцыя. Банк, які ўзяўся
перавесьці з Чыты ў Гомель бацькавы грошы, збанкрутаваў. Бацькі зрабіліся
жабракамі. Усёй маёмасьці ў іх было — адна вопратка, у якой выйшлі зь цягніка.
“Залаты якар”
У Гомелі мы пасяліліся ў старэйшага бацькавага брата Міная, у
ягоным гатэлі “Залаты якар”, што стаяў на вул.Замкавай (цяпер — пр.Леніна), на
тым самым месцы, дзе цяпер крама “Старт”. Месца было надзвычай зручнае —
чыгуначны вакзал. Там жылі пераважна бедныя габрэі. Дагэтуль памятаю колькі
сем’яў: Ёфэ, Шнэерсоны, Мельнікі, Майнцы, Фэльдштэйны, Плісецкія. Гомельскія
габрэі займаліся пераважна гандлем і рамёствамі. Хтосьці скупляў у рыбакоў на
Сажы рыбу гуртам, а потым прадаваў яе ўраздроб на рынку. Хтосьці гандляваў
малаком і зелянінай. Абсалютна ўсе краўцы, шаўцы, дантысты і аптэкары былі
габрэямі. Заможнымі лічыліся Мельнікі, што мелі ўласную цырульню. Боруха
Мельніка называлі няйначай, як “гомельскі Ротшыльд”. Мясцовай знакамітасьцю быў
піяніст Салямон Майнц — ён скончыў Варшаўскую кансэрваторыю і жыў з урокаў
музыкі.
Усе гомельскія габрэі вызначаліся палымянай рэлігійнасьцю. У
суботы нашыя суседзі хадзілі ў сынагогу, што была ў раёне Замкавай (сёньня ў тым
будынку месьціцца архіў ЗАГСу). На прывакзальных вуліцах і асабліва на рынку
панаваў ідыш.
Мае бацькі, простыя сяляне, ставіліся да габрэйскіх суседзяў
досыць прыязна. Ня памятаю, каб нехта зь іх абражаў суседзяў з-за таго, што яны
“іншаверцы”. Амаль усе мае сяброўкі на той час былі габрэйкамі. У суботы я
хадзіла ў госьці да сёстраў Рывы і Ханы Мельнік, і іхны бацька, цырульнік Борух,
прасіў мяне: “Манечка, зрабі ласку, нашчыпай лучынак для самавару, бо нам сёньня
нельга”.
Габрэяў хавалі ў бочках
Аднойчы раніцою ўсе мы прачнуліся ад страляніны і ляманту,
што чуліся з прывакзальнай плошчы. Там сноўдаліся нейкія вайскоўцы са
стрэльбамі. Ужо пазьней дазналіся, у чым справа: два палкі Чырвонага войска,
набраныя ў Разані і Туле, уцяклі зь белапольскага фронту і цягнуліся дахаты ў
Расею. Узначальваў іх былы царскі генэрал Стракапытаў. На шляху ў дэзэрціраў
ляжаў Гомель. Яны зладзілі ў нашым горадзе габрэйскі пагром.
Цэлы дзень мы баяліся выходзіць на вуліцу, назіралі за
пагромнікамі з вокнаў. Добра памятаю, як салдаты пабілі вітрыннае шкло ў
цырульні Боруха Мельніка і выцягнулі вялікія бутэлькі з адэкалёнам. Адэкалён яны
выпілі на вуліцы, а цырульню падпалілі. У той самы дзень пачалі лавіць на
вуліцах габрэяў. Колькі нашых суседзяў павесілі на ліхтарах ля вакзалу. На другі
дзень на галовах мерцьвякоў сядзелі крумкачы і дзяўблі вочы. Было страшна, але
цікава. Мне хацелася на вуліцу, але бацькі не пускалі. За пагромам мы з братам
Сашам (быў ён на 2 гады старэйшы за мяне, дзесяцігадовую) назіралі з вокнаў.
Маці адганяла нас, каб не глядзелі на шыбенікаў.
Вайскоўцы выглядалі жудасна: брудныя, барадатыя, падпітыя
дзядзькі ў доўгіх шынялях. Яны стралялі ў паветра з ружжаў і голасна мацюкаліся.
Потым невядома адкуль узяўся праваслаўны поп з харугвай, які цягаўся з салдатамі
і заклікаў “біць жыдоў”.
Неўзабаве да нас прыбеглі габрэі-суседзі, мо чалавек зь
дзесяць. Памятаю толькі дзьве сям’і: Мельнікаў і Шэндаравых, бо зь іх дзецьмі я
сябравала. Габрэі страшна баяліся пагромнікаў. У гатэлі “Залаты якар” быў вялікі
склеп, дзе стаялі бочкі з-пад віна, селядцоў і салёных гуркоў. Мае бацькі
схавалі габрэяў у бочках, а зьверху навалілі нейкія скрыні. У той самы дзень да
нас прыйшлі пагромнікі. Бачыла іх на ўласныя вочы. Запомнілася, што яны ўсе
чухаліся, як сьвіньні. Дэзэрціры былі чымсьці разьюшаныя і паводзілі сябе вельмі
нахабна. Маці сустрэла іх з абразом у руках. Бацька падрыхтаваў самагонку.
Пагромнікі з ганку спыталіся: “Дзе тут жыдава хаваецца? Пакажыце нам жыдаву!”
Мая маці запэўніла, што яна шчырая праваслаўная і ўласнымі рукамі гатовая
перадушыць усіх хрыстапрадаўцаў-жыдоў. Бацька выставіў пагромнікам усю
самагонку, што была ў хаце. На шчасьце, салдаты ня ведалі пра вінны склеп.
Выпілі, перахрысьціліся на абраз і сышлі. Суседзі-габрэі хаваліся ў бочках да
канца пагромаў. Маці і бацька насілі ім ежу і пітво.
Назаўтра салдаты пачалі страляць з гарматаў па гатэлі
“Савой”, што быў на вуліцы Румянцаўскай (цяпер — Савецкая; сёньня на тым месцы
стаіць так званы “Стары ўнівэрмаг”). У гатэлі зачыніліся былі чэкісты. Яны
адстрэльваліся, але “Савой” усё ж разбурылі, а ацалелых чэкістаў (габрэяў і
латышоў) пастралялі й перавешалі.
Пагром доўжыўся колькі дзён. Потым у горад увайшлі чырвоныя й
павыганялі дэзэрціраў.
Нас з братам нарэшце выпусьцілі на вуліцу. Мо з палову дамоў
ля чыгуначнага вакзалу і ў раёне так званага “Гарэлага балота” (цяпер —
вул.Рагачоўская і Веткаўская) было спалена. Паўсюдна лунала пер’е з падраных
падушак. На бруку ляжалі непрыбраныя трупы, сярод іх мы пазналі некаторых
знаёмых.
Ужо потым суседзі-габрэі прапаноўвалі маці і бацьку грошы за
выратаваньне. Але бацькі адмовіліся. Маці сказала, што ўсе мы суседзі і таму,
маўляў, мусім дапамагаць адзін аднаму.
З Рывай і Ханай Мельнік, а таксама зь Нюсяй (Няхамай) Ёфэ мы
доўга сябравалі. Зь Няхамай я вучылася ў Ленінградзе. Пасьля вайны Няхама Ёфэ,
дыплямаваная інжынэрка, пераехала з мужам ва Ўфу. Падчас “справы дактароў” яе
“вычысьцілі” з працы па “пятым пункце”. Праўда, потым аднавілі. Рыва Мельнік
пасьля вайны пераехала ў Расею, а потым у Ізраіль. А яе малодшая сястра Хана
загінула ў Бабіным Яры. Нацысты дарабілі тое, што ня здолелі зрабіць
чырвонаармейцы-пагромнікі…”
Уладзіслаў Ахроменка
|