Вачыма Кесьлера
У Магілёве сярод усё большае колькасьці мерапрыемстваў забаўляльнага
характару, разьлічаных на масавага гледача, імпрэзы зь якасна іншай сэнсавай і
сутнаснай нагрузкай выглядаюць як альбіносы сярод нэграў. Яны ня тое каб зусім
рэдкія, ня тое каб абдзеленыя ўвагай — яны папросту нязвыклыя. Затое яны — знакі
сталасьці грамадзтва.
Падзея, пра якую гаворка, закранае адну з найменей
дасьледаваных старонак гісторыі Магілёва часоў другое сусьветнае вайны — жыцьцё
і зьнішчэньне габрэйскага гета. У музэі гісторыі Магілёва ў памяць аб 61-й
гадавіне першага масавага расстрэлу габрэяў была адкрытая выстава фатаздымкаў з
Фэдэральнага архіву Кобленцу (Нямеччына). Усе здымкі былі зробленыя
фотакарэспандэнтам вэрмахту Рудольфам Кесьлерам у чэрвені 1941 г. з
палітычна-прапагандысцкай мэтай і мусілі ілюстраваць мерапрыемствы акупацыйных
уладаў па арганізацыі габрэйскіх працоўных атрадаў і стварэньні магілёўскага
гета.
Выстава ня мела дакладнае назвы, і ў гэтым ёсьць свой сэнс. З
аднаго боку, арганізатары імкнуліся паказаць трагедыю габрэйскага гета. З
другога боку, выстава мела стацца імпульсам для пераасэнсаваньня сучасным
грамадзтвам трагічных падзеяў таго часу. Паводле даваеннай статыстыкі, у
Магілёве габрэі складалі 45% ад агульнае колькасьці насельніцтва. У гэтай
сытуацыі казаць аб адназначнасьці ўзаемінаў між габрэямі і беларусамі не
выпадае. Два этнасы суіснавалі ва ўмовах канкурэнцыі. Ня можна адпрэчваць факту
актыўнага альбо пасіўнага суўдзелу беларусаў у рэпрэсіўных захадах акупацыйных
уладаў, калі за часамі другое сусьветнае вайны ў Магілёве было зьнішчана больш
за 20 тыс. габрэяў. Аднак гэтая лічба была б большай, каб не было сем’яў, што
ратавалі габрэяў, нягледзячы на рызыку быць зьнішчанымі. На фатаздымках, вядома,
не на першых плянах, прысутнічаюць і беларусы, якія сваім выглядам мала чым
розьняцца ад габрэяў — тая ж вопратка, тыя ж стомленасьць, разгубленасьць.
Прысутнічаюць, вядома, і паліцыянты пры зброі.
Гэтак супала, што выставу наведаў дырэктар Эвангелічнай
акадэміі Бадэн сп.Лохман. Ён распавёў пра дыскусію, якую выклікалі гэтыя
фатаздымкі ў Нямеччыне. Сп.Лохман зазначыў: “Гісторыя цьвердзіць, што нельга
шукаць аднаго вінаватага. Гэтак не бывае, што нехта адзін ува ўсім вінаваты.
Калі ў разьвязаньне пэўных пытаньняў уцягнутае войска, калі ўцягнутыя народы,
дзяржавы, калі гаворка вядзецца аб жаданьні зьнішчыць народ, дык нельга казаць,
што нехта робіць, а нехта гэтага ня робіць. Усе ў гэтым вінаватыя”.
На адкрыцьці выставы паведамілі, што нарэшце выйшла з друку
першая кніга з сэрыі “Гісторыя магілёўскага габрэйства. Дакумэнты і людзі”.
Менавіта ў працэсе збору матэрыялаў для кніжкі і былі знойдзеныя фатаздымкі,
прадстаўленыя на выставе.
Алесь Асіпцоў, Магілёў
|