Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








АНАХНУ КАН ("Мы тут").
Незалежная яўрэйская газета. Выдаецца ў Мінску на беларускай і іншых мовах.
Нумар 9. КАСТРЫЧНІК 2002 / ТЫШРЭЙ 5763

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
НАВІНКІ
* * *
Хораша адзначылі восеньскія святы яўрэі Беларусі. Мінскія сінагогі ў Рош Ашана, Йом-Кіпур, Сукот, Сімхат-Тора запаўняліся маладымі людзьмі. Значыць, будзем жыць!
* * *

Пасол Ізраілю Марцін Пэлед-Флэкс скончыў сваю місію ў Беларусі. Хто будзе наступным паслом - яшчэ не вядома. 3 верасня сп. Пэлед-Флэкс даў развітальнае інтэрвью, дзе адзначыў нізкі ўзровень антысемітызму ў Беларусі. Вандалізм на могілках, калі верыць экс-паслу - справа "дэкласаваных людзей", прасцей кажучы, "адмарозкаў". Гм… Па нашых звестках, сярод гэтых "хуліганаў" сустракаюцца настаўнікі ды вайскоўцы. "Ня цешце сябе і кагосьці, нібыта…"
* * *

19 верасня Якаву Гутману ізноў адмовілі ў іску да разбуральнікаў сінагогі. Не дапамагла й прысутнасць у залі Мінскага гарадскога суда дэпутата палаты прадстаўнікоў генерала Фралова. Генерал сказаў потым, што "здзіўлены" рашэннем суда. Зараз рыхтуецца круглы стол па праблемах аховы гісторыка-культурнай спадчыны, запланаваны ўдзел калегаў сп. Фралова. Даведкі праз тэл. 2558270 (Якаў).
* * *

4 верасня група аўтараў, чытачоў і сяброў "Анахну кан" самахоць аднавіла таблічкі з імёнамі Праведнікаў на "Яме". З-за фінансавых абмежаванняў замест скрадзеных металічных шыльдаў былі ўсталяваныя драўляныя. Ні Л. М. Левін, ні чыноўнікі з раённай адміністрацыі на аднаўленне не прыйшлі, хоць іх і запрашалі. "Ратаванне тапельцаў - справа саміх тапельцаў". Неўзабаве адна з драўляных шыльдаў знікла.
* * *

24 верасня кіраўнікам буйнейшых суполак беларускіх яўрэяў быў накіраваны адкрыты ліст з прапановамі зрабіць супольныя захады дзеля таго, каб у беларускім грамадстве захоўвалася памяць аб Праведніках народаў свету. Сярод іншага, прапануецца аднавіць металічныя таблічкі на "Яме", адзначаць 26 кастрычніка - Дзень памяці герояў мінскага супраціву - і як Дзень беларускіх Праведнікаў. Ліст падпісалі: пісьменнікі У. Арлоў, Р. Барадулін, Ф. Баторын-Хаймовіч, С. Букчын, Н. Гальпяровіч, М. Герчык, А. Зэкаў, М. Клімковіч, А. Кобец-Філімонава, В. Лапцік, У. Мехаў, Г. Рэлес, Д. Сімановіч, В. Тарас, Н. Цыпіс; старшыня Рады праваабарончага цэнтра "Вясна" А. Бяляцкі; журналісты М. Гаравы, С. Носаў; супрацоўнік газеты "Берега" А. Косаў; педагог Л. Нікіціна, дворнік А. Баляеў; пенсіянеры Р. Байдак, Л. Лейцес; аспірант РІВШ БДУ У. Рубінчык; Х. Краўцоў, Р. Слуцкін. Усяго 26 чалавек. У наступным нумары "Анахну кан" мы праінфармуем чытачоў аб рэакцыі яўрэйскіх дзеячоў на "зварот 26".
***********************************************************************************
* ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ *


    Сердечно благодарю за газету "Анахну кан". Читаю от корочки до корочки. Все интересно. Наша нация - татары - всегда дружно жила с Вашей. Мы всегда находились в меньшинстве и старались помогать друг другу. Эти чувства у меня в душе… Я родился в околице Сандыковщина около местечка Василишки Щучинского района. Еще до войны мои родители, да и вся наша околица занималась огородничеством, а в Василишках жили евреи и приходили к нам на речку купаться, покупали овощи, фрукты, а мы в их магазинах - сахар, мороженое и др. Многие семьи дружили. Помню, как мне Фира Глембоцкая подарила красивую ручку.
    Когда после войны я переехал в Гродно - связь с евреями еще больше укрепилась. Лучшими друзьями нашей семьи были Кравчик Исаак Ильич и Дора Яковлевна. Я помог им уехать в Израиль, писал для них письма в госучреждения. Семье Сапир из Витебска тоже помог уехать. Друзья остались в памяти на всю жизнь.
А. А. Криницкий, Гродно

---------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Па нашай памяці лязом -
Бульдозэры, стальныя краны.
З зацятым злом, маё - на злом.
О, як смыляць балюча раны.
Дзе ты, Няміга?
Спіць яна.
Тэатр наш першы, адгукніся.
Крычу ў пустэчу - цішыня.
Ніхто ня чуе, як ні пніся.
                A. MARA, 1985.
Верш напісаны даўно, але наколькі ж ён актуальны! У час падрыхтоўкі "Дажынак" у Полацку бульдозеры развярнулі гістарычны цэнтр горада. Карэспандэнт газеты "Звязда" А. Пукшанскі не знайшоў нічога лепшага, як напісаць: "Горад, дзякуючы ўладам і будаўнікам, папрыгажэў" (10.09.2002). Во гэтак падстаўляюць яўрэяў-журналістаў. На тэрыторыі каталіцкіх могілак у Мінску будуецца піўны рэстаран, а на месцы сінагогі па Дзімітрава, 3 - жылы дом для "тузоў". Фактычна дабурана вуліца Замкавая, адна з найстарэйшых у Мінску. На легендарнай Нямізе нейкая фірма нанялася ўзводзіць аўтапаркінг. Цяпер знікнуць і рэшткі фундамента Халоднай сінагогі 1570 г. Членам журы бязглуздага праекта быў Левін Л. М., лаўрэат Ленінскай прэміі (Наша Свабода, 11.08.2000). Народ павінен ведаць сваіх герояў. Яўрэі, мо хопіць спаць у шапку?
**********************************************************************
АЛЯКСАНДР АСТРАВУХ:
"КАЛІ НЯМА ЯЎРЭЯЎ - ДЫК МЫ МУСІМ БЫЦЬ ЯЎРЭЯМІ"

Нашаму сталаму чытачу - 43 гады. Жыве ён у Мінску, мае жонку, дваіх дзяцей (сыну Радзіму ўсяго некалькі месяцаў). Нарадзіўся ў беларускай сямі, у вёсцы Закрэўшчына на ўскраіне беларуска-яўрэйскага мястэчка Узда, што на поўдзень ад Мінска. Апошнія пяць год рупліва складае ідыш-беларускі слоўнік, працуючы амаль кожны дзень - часцяком па 10-12 гадзін у суткі. Такі вось унікум.

- Калі пытаюцца пра паходжанне, адразу ўзгадваецца жартоўная песня на ідышы "Майн татэ із а балаголэ…". Дзяды мае былі простыя сяляне, бацька - былы вайсковец, маці працавала бухгальтэркай. Па адукацыі я мастак-рэстаўратар. Скончыў стаўбцоўскую школу, мастацкую вучэльню імя Глебава ў Мінску, тады паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут. Тры з паловай гады працаваў у школе, потым трапіў у рэстаўрацыйную майстэрню. Сышоў з яе ў 1997 г. Вучыўся сваёй прафесіі ў розных краінах свету - у Італіі, Румыніі, Аўстрыі. Яш-чэ й цяпер троху працую ў галіне рэстаўрацыі, але ў асноўным займаюся слоўнікам.
- Ад каго ў Вас гэткая цікавасць да ідышу?
- Ад выкладчыка з інстытута, які потым стаў нашым кіраўніком у майстэрні. Яго завуць Алег Уладзіміравіч Хадыка. Ён вырас на мінскай Старажоўцы ў яўрэйскім асяроддзі, вучыўся разам з яўрэйскімі дзецьмі. Пасля вайны там яшчэ жылі яўрэі, якія размаўлялі на ідыш. Дарэчы, ён захапляецца ўсімі мовамі. Ад Алега Хадыкі і ад іншых рэстаўратараў мы, студэнты, вучыліся прыказкам, песням, першым літарам яўрэйскага альфабэту. У 1984 г. я трапіў у Мсціслаў, дзе "старэйшыя таварышы" запісвалі ад яўрэяў песні, фальклор. Патроху пачалося заахвочванне. Мы пісалі дзённікі справа-налева, ня ведаючы яшчэ мовы, толькі альфабэт. Было ў нас кола сяброў, трое з якіх вялі перапіску яўрэйскімі літарамі - па-беларуску. Тут было і юнацкае захапленне незвычайнасцю, і рэстаўрацыйнае памкненне. Рэстаўратар звычайна займаецца справамі непатрэбнымі, кінутымі… Мова знікала на вачах. З большасці яўрэяў нейкае слоўца на ідыш выціснуць было немагчыма. Мастак Май Данцыг, мой выкладчык, ведаў, што мы вывучаем ідыш, але для яго гэтая тэма была абсалютна закрытая. Было адчуванне, што, калі няма яўрэяў, дык мы мусім быць яўрэямі!
- Дзе яшчэ, акрамя як у коле рэстаўратараў, можна было пачуць яўрэйскую мову ў Мінску?
- Калі нам, студэнтам, не хацелася ісці на заняткі, мы выпраўляліся ў парк "Сківіцоўцаў"(Чалюскінцаў), дзе падслухоўвалі старых яўрэяў, якія, шпацыруючы альбо гуляючы ў шахматы, час ад часу размаўлялі на ідыш. Пазней, ужо на пачатку 90-х гадоў, мы, рэстаўратары, некалькі месяцаў хадзілі на курсы да паэта Гірша Рэлеса ў Мінскае абяднанне яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка. Вывучэнне ідышу, асабліва ў 1984-85 гг., сталася для мяне сродкам самазахавання ва ўмовах тагачаснага абсурду, калі нельга было насамрэч займацца мастацтвам. Дый зараз ідыш для мяне - як жывы чалавек, з якім можна працаваць, размаўляць…
- Як Вы трапілі на ідышысцкі Кангрэс у Вільні?
- У 1997 г. у Мінск прыехаў Гірш-Довід Кац, знакаміты лінгвіст з Оксфарду, у яго было намаганне наведаць усе мястэчкі і запісаць беларуска-яўрэйскі фальклор. Гірш Рэлес паведаміў яму пра нашую групу, мы пасябраваліся, і на наступны год у Вільню паехала пяцёра нашых хлопцаў-рэстаўратараў. Ад 1999 г. я пачаў штогод ездзіць на віленскія семінары. У 2001 г. пры Віленскім універсітэце быў адчынены Яўрэйскі інстытут. Цяпер пад яго дахам усё і праводзіцца.
- Хто выкладчыкі?
- Людзі з розных кантынэнтаў, вельмі цікавыя. Ганна Вершык з Таліна, Ханан Бордзін з Іерусаліму, Аўром Ліхтэнбойм з Буэнас-Айрэсу, Іцхок Ніборскі з Парыжу. Ніборскі выкладае звычайна ў Амерыцы, у Каліфорніі, і непасрэдна ў Францыі. Дарэчы, зараз у Парыжы адно з самых моцных асяроддзяў ідышу. Пад эгідай яўрэйскай бібліятэкі "МЭДЭМ" створана некалькі добра апрацаваных слоўнікаў: французскі-ідыш, ідыш-французскі, слоўнік гебраізмаў у ідышы…
- А студэнты адкуль прыязджаюць?
- Таксама з усяго свету. З Амерыкі, Ізраілю шмат студэнтаў, з Францыі, Германіі заўжды прыязджаюць, з Бельгіі, Польшчы таксама. Сёлета ўпершыню японка была. Усяго - каля 70 чалавек. На жаль, вучыцца на гэтых курсах - даволі дорага, таму ідзе тэндэнцыя зніжэння ліку вучняў з СНД. У мінулым годзе былі людзі з Масквы, Украіны, з Літвы некалькі чалавек. Сёлета ўжо амаль нікога не было. З Беларусі былі Дзіна Іткіна, жыхарка Полацку, і я. Цікава, што ў гэтым годзе ў Вільню прыехала многа моладзі, якая сурёзна займаецца ідышам у розных навучальных установах. Таму вышэйшыя "класы" - трэці, чацверты ўзроўні - былі перапоўненыя. Звычайна ж, запаўняюцца толькі ніжэйшыя ўзроўні - першы, другі. Я ўжо прайшоў усе ўзроўні, і сёлета мне проста хацелася паслухаць такіх знаўцаў, як Ніборскі і Ліхтэнбойм.
- Ці ўдасканалілі Вы веданне ідышу пасля візітаў у Вільню?
- Безумоўна. Семінары - жывая магчымасць пачуць мову, гутарыць на мове. Таму і прыязджаюць у Вільню энтузіясты з усіх куткоў свету, і жывуць цэлы месяц у штучна створаным, але па-мастацку адрэстаўраваным асяроддзі. Яўрэі ў Вільні не цураюцца ідышу, дык здаецца, што ў гэтым горадзе вялікая яўрэйская грамада, хоць у колькасным вымярэнні яна саступае менскай.
- Як Вы лічыце, чаму ў Мінску няма гэткай яўрэйскай установы, як Віленскі інстытут?
- Цяжка сказаць. А чаму ў Вільні захавалася ўсё, ці амаль усё - бібліятэкі, архітэктура, асяродкі беларушчыны? Тое самае і з літоўскай мовай, і з яўрэйствам, і з ідышам.
Гутарыў Вольф.
* * * * * * * * * * *

Рэд: Пра слоўнік сп. Астравуха, які выйдзе з друку ў 2003 г., мы раскажам у адным з наступных нумароў "АК". А пакуль што падаём вэб-адрас Віленскага інстытута: www.yiddishvilnius.com. Заходзьце.
--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Якаў Гутман - беларуска-яўрэйскі грамадскі дзеяч, дзейнасць і асабістыя якасці якога выклікаюць, бадай, найбольшыя спрэчкі ў асяроддзі беларускіх яўрэяў. Чалавек ён супярэчлівы, увесь час з кімсьці канфліктуе. Калі-небудзь, гадоў праз 20, гісторыя расставіць усе кропкі над "і" ў ацэнцы таго, што непрыяцелі называюць "гутманаўшчынай". Пакуль жа мы прапануем чытацкай увазе тэкст выступлення сп. Гутмана на 16-й сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 8 год таму. Гэтае выступленне вартае ўвагі ня толькі таму, што было першай прамовай яўрэйскага лідэра перад беларускім парламентам, але і таму, што ўзняло шэраг праблемаў, вырашэння якіх беларускія яўрэі, на жаль, не дамагліся дасёння.
--------------------------------------------------------

Пасяджэнне семнаццатае (чацвер, 20 кастрычніка 1994 г.)
    Русакевіч У. В. (Намеснік Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь): Ёсць зварот групы народных дэпутатаў (больш за 20 чалавек), каб мы далі сёння ў "Розным" магчымасць выступіць Старшыні Сусветнай асацыяцыі яўрэяў Беларусі спадару Якаву Гутману. Я думаю, што трэба падтрымаць гэту просьбу. (…) Калі ласка.
    Гутман Я. (Старшыня Сусветнай асацыяцыі яўрэяў Беларусі): Паважаны пан Старшыня! Паважаныя дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь! Паважанае спадарства! Паважаныя прадстаўнікі прэсы! Ад Сусветнага згуртавання яўрэяў Беларусі дзякую за магчымасць звярнуцца да вас з гэтай высокай трыбуны.
    Запрашэнне Вярхоўным Саветам яўрэяў - ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ЗША і Канады для ўдзелу ў святкаванні 50-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцскіх захопнікаў стала добрым прыкладам для іншых рэспублік былога Саюза напярэдадні 50-годдзя Перамогі.
    У Нью-Йорку ветэраны атрымалі юбілейныя памятныя знакі - "50 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Гэтыя падзеі шырока асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі ЗША, што садзейнічае росту міжнароднай павагі да малавядомай на Захадзе дзяржавы.
    Мы ўдзячныя тагачаснаму Старшыні Савета Міністраў рэспублікі спадару Кебічу, дэпутатам Вярхоўнага Савета, прадстаўнікам інтэлігенцыі, святарам, якія ўдзельнічалі тры гады таму ў цырымоніі закладкі першага камення ў плот вакол старых могілак у Валожыне. Удзельнікі мітынгу гаварылі аб тым, што надышоў час спыніць разбурэнне ўсіх могілак, нягледзячы на нацыянальнасць і веравызнанне пахаваных.
    Лічу неабходным выказацца аб тым, што спрадвеку насіла назву "яўрэйскага пытання". Нельга быць падобнымі да таго літаратурнага героя, які сцвярджаў, што ў СССР яўрэі ёсць, а яўрэйскага пытання няма. Галоўнае - вяртанне маёмасці, якая належала яўрэйскім арганізацыям. Амаль што ўсе краіны Еўропы зрабілі рэстытуцыю.
    Тое, што ў Мінску адной са шматлікіх яўрэйскіх арганізацый далі будынак былой галёшнай фабрыкі, у той час, калі ў сінагогах адбываюцца выставы гадзюк, вужоў, пітонаў, ставяцца спектаклі, не вырашае пытанні, а стварае новыя. Улада, якая карыстаецца маёмасцю, нарабаванай камуністамі, не можа лічыцца цывілізаванай.
    Асабліва прыкра гэта выглядае на фоне крыжоў, якія паўстаюць над усё новымі і новымі будынкамі. Не вернута гістарычная назва вуліцы Яўрэйскай у Мінску. Гэта пытанне застаецца нявырашаным, нягледзячы на тое, што ўсе астатнія вуліцы гэтай часткі горада атрымалі свае спрадвечныя назвы.
    Беларусь засталася адзінай рэспублікай на абшарах былога Саюза, якая не мае звычайнай яўрэйскай школы. Тыя класы, што адчынены ў сярэдняй школе № 132 горада Мінска, вельмі нагадваюць славутыя "пацёмкінскія вёскі".
    Мне ўжо даводзілася выказвацца ў "Народнай газеце" і "Звяздзе" аб адносінах Міністэрства замежных спраў да ветэранаў. Гэтая пазіцыя выглядае асабліва абразліва на фоне тых падзей, што адбыліся з былым Часовым павераным у справах Рэспублікі Беларусь у Аўстрыі спадаром Бубенам (які ў 1994 г. нарабіў шуму, устрымаўшыся ад наведвання магіл савецкіх воінаў у Аўстрыі - рэд.).
    Адзін з вялікіх яўрэйскіх мудрацоў пісаў шмат стагоддзяў таму: "Больш абмеркавання, больш узаемаразумення, больш дабрачыннасці, больш міру". Было б пажадана, каб з гэтых пазіцый разглядалася маё выступленне.
    21-23 кастрычніка 1943 года фашысты знішчылі апошніх вязняў Мінскага гета, апошняга гета на беларускай зямлі. Пачынаючы з мінулага года гэтыя дні адзначаюцца ва ўсім свеце як дні памяці яўрэяў, загінуўшых на Беларусі. У гэтым годзе, згодна з яўрэйскім календаром, ужо адбыліся жалобныя мерапрыемствы ў Злучаных Штатах.
    Кожны з нас ведае, што душэўны боль робіцца меншым, калі яго падзяляюць сябры. Спадзяюся, што Вярхоўны Савет выкажа свае адносіны да дзён памяці, і прапаную зрабіць выступленне прадстаўніка яўрэйскіх арганізацый у парламенце ў гэтыя жалобныя дні традыцыйным. Мы чакаем падтрымкі ад Урада, Вярхоўнага Савета ідэі правядзення міжнароднага конкурсу на праект мемарыяла яўрэям, бязвінным ахвярам фашызму.
    Дзякую за ўвагу.

ПРА ЛЕЙЗЕРА РАНА
варта ўспомніць жалобнымі кастрычніцкімі днямі. Гэты мастак і скульптар, па словах Л. Зубарава ("АК", № 5), здзейсніў сапраўдны подзвіг, стварыўшы цыкл малюнкаў аб Мінскім гета ў часы пераследавання ўсяго яўрэйскага.
    Алесь Марачкін, творчая суполка "Пагоня":

    - Для мяне Лейзер Ран - прыклад мастака, які не прадаўся ўладам, не выконваў афіцыйных заказаў. Узор сумленнага творцы, які належыць і яўрэйскай, і беларускай культуры. Да таго ж, Ран быў вельмі далікатным чалавекам.
    Беларускія мастакі, перадусім нядаўна памерлы Яўген Кулік, у гутарках заўжды адзначалі геніяльнасць Рана. І я з імі пагаджаюся.
*******************************************************************************************************************

МАРАТ БАТВІННІК*
ПУХАВІЦКІ ХАЛАКОСТ

    Вядома, што "канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання", як нацысцкае кіраўніцтва крывадушна назвала праект знішчэння яўрэйскага народа, было ўхваленае на Ванзейскай канферэнцыі ў студзені 1942 г. Аднак на тэрыторыі СССР гітлераўцы пачалі ажыццяўляць свае дябальскія задумы ўжо ў 1941 г.
    Да знішчэння яўрэяў у Пухавіцкім раёне падключыліся высокія чыны СС і СД з Мінска. Аб іх удзеле ў акцыях сведчаць шматлікія архіўныя дакументы.
    28 верасня 1941 года (па іншых звестках, 22 верасня) у Маріну Горку прыбылі з Мінска 60 карнікаў, прадстаўнікоў жандармерыі, ахоўнай паліцыі і СД, пад камандаваннем брыгадэн-фюрэра СС Цымера. Усіх яўрэяў выгналі з хатаў на плошчу, а адтуль на 9 машынах даставілі да раней выкапаных ямаў ва ўрочышчы Папова Горка - за 400 метраў ад вёскі Блонь. Усяго было забіта 1260 (па іншых звестках, 1057) чалавек. У кастрычніку 1941 года карная зондэркаманда знішчыла яшчэ 996 чалавек з Мар´інай Горцы - быццам бы за сабатаж загадаў і распараджэнняў нямецкіх уладаў. У 1960 г. на магіле ахвяраў з´явіўся абеліск.
    У Рудзенску гітлераўцы і паліцаі сагналі яўрэяў мястэчка на вуліцу Дукорскую, дзе ўтварыўся канцэнтрацыйны лагер-гета. Вязняў было ня меней за 150, магчыма - 300. У пачатку кастрычніка 1941 г. карнікі - немцы і літоўцы - пагналі людзей на смерць да чыгункі.
    8 кастрычніка 150 карнікаў на аўтамашынах прыехалі ў вёску Дукора, дзе таксама быў створаны канцэнтрацыйны лагер-гета. Яўрэйскія сем´і сагналі на Балацяную вуліцу, а потым адвялі іх за мястэчка на вялізны луг, дзе загадзя была выкапаная яма. Ахвяраў прымусілі распрануцца і растралялі.
    Колькасць вязняў дукорскага гета ацэньвалася па-рознаму яшчэ ў 1944 г., калі рыхтаваўся акт Камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў гітлераўцаў і паліцаяў. Адныя сведкі казалі, што загінуўшых было 394 чалавекі, другія - што каля тысячы.
    Магіла вязняў Узлянскага гета знаходзіцца на паўднёвым ўскрайку вёскі. У 1953 г. родныя загінуўшых паставілі на магіле мармуровы абяліск з надпісам: "Светлая память на вечные времена 375 евреям из д. Узляны, погибшим от рук лютых врагов человечества немецко-фашистских злодеев 8 октября 1941 года". Ніжэй - такі самы тэкст на яўрэйскай мове (ідыш).
    У Шацку гітлераўцы і паліцаі забілі 635 вязняў гета на яўрэйскіх могілках. Не пашкадавалі ні малалетніх дзяцей, ні старых.
    Яўрэяў вёскі Талька акупанты трымалі ў памяшканні былога піянерскага лагера. Гэтак было створана гета. Перш за ўсё фашысты забралі ў бацькоў дзяцей і павезлі іх у бок Магілёва. Вязняў гета растралялі ў 59 квартале Тальскага лясніцтва 17 кастрычніка 1941 г.
    За 500 метраў на поўнач ад вёскі Задашчэнне знаходзіцца месца згубы яўрэяў. Тут было растраляна каля 300 чалавек. З 1970 г. на гэтым месцы стаяць тры стэлы.
    Цяпер у Пухавіцкім раёне яўрэяў амаль не засталося. У прынцыпе, належны стан помнікаў, якія стаяць ужо не адно дзесяцігоддзе, мусіць забяспечваць раённая адміністрацыя. Але ж і нашым яўрэйскім дзеячам з Мінску не зашкодзіла б трохі паклапаціцца…
---------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
* М. Батвіннік - кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі "Памятники геноцида евреев Беларуси" (Мінск: Беларуская навука, 2000). Сталы аўтар газеты "Авив". Жыве ў Мінску.
************************************************************************************************
"ДОКТОР БАСИН, ВРАЧУЙТЕ ЛЮДЕЙ!"
    У залежнасці ад абставінаў, ён выступае як віцэ-прэзідэнт Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб´яднанняў і абшчын, прэзідэнт Рэлігійнага аб´яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізма, дырэктар прадстаўніцтва амерыканскай яўрэйскай арганізацыі "Union of Councils for Soviet Jews" у Беларусі, член Міжнароднай асацыяцыі журналістаў. Яго называюць "одним из лидеров еврейского общественного движения в Беларуси", "историком", "тонким ценителем джаза", "правозащитником" і г. д. Ягоныя інтэрвію пра становішча беларускіх яўрэяў перадрукоўваюцца амерыканскімі ды ізраільскімі газетамі, мільгаюць у тутэйшых дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Для многіх замежнікаў - дый беларусаў - менавіта гэты чалавек сімвалізуе беларускае яўрэйства. Здаецца, ён і ня супраць.
    За шматлікімі маскамі губляецца твар. Таму мы вырашылі пакрысе рэстаўраваць вобраз Якава Зіноўевіча Басіна (так-так, гэта ён - наш народны герой) для шырокай публікі. Упэўненыя, што карціна шмат каго ўразіць.

    1. "Левин… - конформист, и в этом качестве им легко манипулировать. Он зависим. Почему же он не уходит? Да он еще не все личные проблемы успел решить". "Мы уже изначально не верили ни одному слову, сказанному Левиным". "Левин… - это фигура прошлого, некий реликт". "Сегодня накопилось слишком много претензий к главному носителю авторитарных методов руководства - к г-ну Левину". (Я. Басин, Авив хадаш, № 1, 1995).
    "АК": У сярэдзіне 1990-х гг. група яўрэйскіх дзеячоў, аб´яднаная вакол газеты "Авив хадаш", - г. зв. "хеўра чацвярох" - паспрабавала дабіцца адстаўкі Л. Левіна з паста прэзідэнта Беларускага аб´яднання яўрэйскіх арганізацый. Быў сярод гэтых дзеячоў і Я. Басін. У 1996 г. "хеўра чацвярох" загадкавым чынам распалася. Лідэр групоўкі, палкоўнік А. Гальперын памёр, а ягоныя паплечнікі Я. Басін і М. Данцыг сталі віцэ-прэзідэнтамі ў Саюзе беларускіх яўрэйскіх аб´яднанняў і абшчын, якое дасёння ўзначальвае той самы Левін Л. М. Нам не вядома пра публічнае абвяржэнне Я. Басіным уласных нападак на "главного носителя авторитарных методов руководства". Значыць, супрацоўнічае з Левіным, "падтрымлівае" яго… а наколькі шчыра, хай чытачы здагадаюцца самі.
    "Л. Левин как нельзя лучше устраивает еврейскую номенклатуру, сделавшую пребывание на руководящих должностях профессией и уже вкусившую от нее весьма ощутимые материальные выгоды… демонстративная поддержка президента увеличит шансы бесплатных поездок за рубеж и даст другие "маленькие радости". Этим господам нужен именно такой президент, закрывающий глаза на все их финансовые шалости и беспринципность (курсіў наш - "АК")… Наверное, правы те, кто считает многих нынешних еврейских номенклатурщиков, включая Л. Левина, фигурами марионеточными. А кое-кто из господ, дергающих за веревочки в чужой стране, видимо, окончательно уверовал в свою безнаказанность" (Авив хадаш, № 2, 1995).
    2. "По решению суда: Слушали Басина Я. З., который опроверг сведения, содержащиеся в выписке из протокола заседания Координа-ционного Совета Белорусского объединения еврейских организаций и общин…"(Авив, сентябрь--октябрь 2001).
    "По решению суда: Суд Первомайского района… признал не соответствующими действительности и порочащими честь и достоинство истца опубликованные в газете "Авив" № 3 за март 2001 года в статье Я. Басина… сведения…" (Авив, июль-август 2002).
    "АК": Такім чынам, Басін Я. З. двойчы схлусіў публічна - "поздравляем Вас, гражданин, соврамши!". Дзіўна, чаму харошая беларуска-яўрэйская газета "Авив" працягвае друкаваць аўтара, які яе гэтак падставіў. Цікава таксама, што сваю хлуслівую публікацыю ў "Авиве" Я. Басін падпісаў як віцэ-прэзідэнт Саюза, падставіўшы і ўласную хеўру з ейнымі іншымі адзінаццаццю (!) віцэ-прэзідэнтамі.
    3. "Большие сложности возникают и в отношениях с ортодоксами… мы могли бы завладеть всем пространством и полностью утвердить в Беларуси прогрессивный иудаизм" (Я. Басин, Родник (Иерусалим), июнь 1997).
    "АК": Дзякуй за шчырасць. А то мы думалі-думалі - чаго не хапае сп. Басіну для поўнага шчасця? Становіцца зразумелым, чаму ў 1993 г. ён раптам (?) узначаліў мінскую абшчыну прагрэсіўнага іудаізма "Сімха", хоць за савецкім часам быў ня больш ня менш як актывістам КПСС… Беларускія яўрэі! Яднайцеся вакол свайго правадыра - самага прагрэсіўнага з усіх іудзеяў! Наперад да поўнай перамогі ідэалаў прагрэсіўнага іудаізму - рэлігіі ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва!
    4. "Вялікую дапамогу аказаў у арганізацыі дзён Памяці [яўрэяў-ахвяраў Халакосту - "АК"] Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей [пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь - "АК"]" (Я. Басін, Голас Радзімы, 19.12.2001). "Государство грубо игнорирует права еврейского национального меньшинства" (www.ucsj.org, 11.04.2002). "Вице-президент Союза Яков Басин,… подчеркнул, что официальный антисемитизм в Беларуси ушел в прошлое". (Авив, апрель 2000). "Государственный антисемитизм проявляется сегодня в том, что страна отказывается защищать национальные меньшинства от каких-то посягательств". "Как только еврей начинает чувствовать себя евреем и возвращается в лоно своей общины, он начинает понимать, что в Белоруссии его национальные чаяния удовлетворены быть не могут, поэтому дело кончается репатриацией или эмиграцией" (Я. Басин, Еврейский камертон, (Тэль-Авіў), 31.05.2001).
    "АК": Верагодна, "звышпаслядоўны" сп. Басін за 13 год удзелу ў яўрэйскім руху яшчэ не адчуў сябе напоўніцу яўрэем, бо жыве паціху ў сталіцы Беларусі і - спадзяёмся - пражыве ў ёй свае 120 год. Проста ёсць такі тып людзей, якія агітуюць за адно, а робяць нешта зусім адваротнае. Падманваюць, перадусім, сябе…
    Калісьці Я. Басін лічыўся някепскім урачом. Мо яшчэ ня позна вярнуцца да любімай прафесіі? Папраўдзе, добры ўрач прынясе нашаму адраджэнню ў Беларусі больш карысці, чым гора-журналіст, саматужны гісторык і беспрынцыповы "лідэр", які забыўся на словы пісьменніка Рыгора Кановіча, родам з блізкай нам Літвы: "Это ненормально, когда еврейство становится профессией… оно должно быть судьбой" (Европейское время, № 1, 1993). Зрэшты, галоўная праблема - не ў Я. Басіне, Л. Левіне ці М. Данцыге, яна - ва ўсіх нас… Давайце, панове, трымацца далей ад "прагрэсіўных іудзеяў", выбіраючы сабе нармальных лідэраў паводле нармальных правілаў, ствараючы нармальную яўрэйскую абшчыну. Дый наагул "жыць не па хлусні". Астатняе - прыйдзе!
----------------------------------------------------------------------------------------------
НАШ КАЛЯНДАР
100 год таму ў Мінску прайшоў зезд расійскіх сіяністаў. Цягнуўся ён амаль тыдзень (з 4 па 10 верасня 1902 г., калі па новым стылі), быў, фактычна, міжнародным, але лёсавызначальных рашэнняў прынята не было: два яўрэі - тры меркаванні… Дом зезду, як ні дзіўна, захаваўся. Стаіць на рагу вуліцаў Мяснікова і Калектарнай (экс-Яўрэйскай). Пасля вайны меў кепскую славу як "хуліганскі".
* * *
10 год таму - 22 верасня 1992 г. - загінуў Аркадзь Рудэрман, яўрэйскі актывіст канца 1980-х-пачатку 1990-х гг., культавая постаць дакументальнага кіно ў позняй БССР. А 80 год таму, 26 кастрычніка 1922 г., у Шчадрыне, што пад Бабруйскам, нарадзіўся іншы дзеяч беларускага кіно - Яўген (Евель) Ганкін. Ён быў вядомы як таленавіты мастак і някепскі літаратар. Памёр у 1996 г. У 2000 г. выйшла яго кніга "Крыло ангела".
* * *
15-18 кастрычніка 1942 г. ліквідавалася брэсцкае гета. Восень 60-гадовай даўніны дагэтуль кідае ў жах многіх яўрэяў, асабліва выхадцаў з Заходняй Беларусі, дзе ў той час былі знішчаныя цэлыя гарады. У Брэсце загінула ўсяго каля 34000 яўрэяў, у Пінску - 30000. Былыя пінчане збяруцца на свае традыцыйныя сустрэчы ў Нью-Йорку 20 кастрычніка і ў Тэль-Авіве 24 кастрычніка.
* * *
Нашыя шчырыя віншаванні юбіляркам, чытачкам "Анахну кан": Праведніцы народаў сусвету, кандыдату філалагічных навук Валянціне Выхоце (ёй споўнілася 80 год 5 жніўня) і пісьменніцы Алене Кобец-Філімонавай - 70 год ёй будзе 13 кастрычніка. Абедзьве жывуць у Мінску. Красуйце на радасць Беларусі!
* * *
25 кастрычніка - 100 год з дня асвячэння мінскай мячэці. "Дзе нам адзначаць - на прыступках гатэлю?" - такое пытанне задаў Ібрагім Канапацкі, беларуска-татарска-мусульманскі дзеяч. Мячэць у цэнтры Мінска была разбурана ў 1962 г. дзеля будаўніцтва гасцініцы "Юбілейная". Крыху пазней улады разбурылі Халодную сінагогу на Нямізе (у 1965 г.) і знеслі яўрэйскія могілкі. А аднаўляць не жадаюць - ні мячэць, ні сінагогу.
--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
ПАМЯЦЬ ЗАСТАЕЦЦА
Імёны Льва Талалая, Элі Кагана наўрад ці многа скажуць нават аматарам паэзіі, хоць звесткі пра іх і трапілі ў энцыклапедычны даведнік "Беларускія пісьменнікі". Генадзь (Генах) Шведзік - з кагорты маладых яўрэйскіх паэтаў Беларусі, што пайшлі на фронт Вялікай Айчыннай. 11 кастрычніка 1942 г. ён знайшоў спачын пад Бранскам. Было яму 28 год. Няхай верш смелага змагара прагучыць на ідыш і па-беларуску - у перакладзе Ф. Баторына. Пераклад узяты з кнігі: Г. Шведзік "Матчына сляза", Мінск, Мастацкая літаратура, 1989.


TAYERE

Iz gefaln shtil a shtern
Inem opgrunt fun der nacht
Vet er kejnmol zich nit kern
Af der hojcher himl-vach…
Shtil farmacht zich hot di tir
Vestu umkern zich, tayere, zu mir?
          Дарагая
                             Бэці
З неба ціха зорка ўпала
У прорву цемрадзі начной,
І на пост у небе сталы
Не вярнуцца болей ёй.
Ціхі рып дзвярной пятлі.
Дарагая, ці ты вернешся калі?
------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Fun vanen nemt zich "a shmitz in Yanovich" (fun Hirsh Releses bloknot)

        Der veg fun di grojse sochrim iz gegangen fun Vitebsk kejn Peterburg. Nit derforndik etleche viorst kejn Surazh, on a zajt gefint zich di sochrishe shtetl Yanovich. Flegn di sochrim zogn: "Lomir a shmitz ton in Yanovich!" Ot azoj flegn zej far a por teg forn kejn Yanovich.
        Fun danen, ven emetzer dertsejlt vegn epes un plutsem gejt er iber af an andere teme, zogt men: "Er hot gegebn a shmitz in Yanovich". Dos shprichvort iz umetum farshprej gevorn.
Адкуль узяўся "кідок у Янавічы"
(З падарожных нататак паэта Рэлеса)

        Шлях буйных гандляроў пралягаў з Віцебску ў Пецярбург. Не даязджаючы некалькі вёрстаў да Суража, крыху наводдаль знаходзіцца гандлёвае мястэчка Янавічы. Гандляры казалі адно адному: "У Піцер мы паспеем, а пакуль што зробім кідок у Янавічы!" І пару дзён гандлявалі на тамтэйшым кірмашы.
        Адсюль пайшло, што, калі нехта вядзе размову пра нешта і раптам перакідваецца на іншую тэму, кажуць: "Ён зрабіў кідок у Янавічы!" Гэтая прымаўка распаўсюдзілася па ўсім свеце.
****************************************************************************************
Р Э Х А "Д А Ж Ы Н А К"
РОШ А-ШАНЕ НАВСТРЕЧУ
КАЦРИНОВКА (Из газеты "Галилейская правда"). Идя навстречу знаменательному для каждого еврея празднику, комбайнеры передовых кибуцев Голанщины вызвали на сионистическое соревнование трактористов из Нижней Галилеи. Взяв на себя повышенные синобязательства, они обязались намолотить с одного дунама по 47,7 центнеров злаковых культур. А хлобкоробы из кибуца "Путь Моисея" решили досрочно закончить сбор "белого золота", встав на трудовую вахту 1 элула с первым шофаром. В ходе соревнования и почетное звание "Кошерный комбайнер" получил кибуцник Дат Ци Бао, в недавнем прошлом тайский крестьянин, прошедший гиюр.

Роман Любарский, Иерусалим.
(7-40 - гумарыстычны дадатак да газеты "Новости недели", Тэль-Авіў, жнівень 2002).
-----------------------------------------------------------------------

СПАСІБА ТАВАРЫШУ ФЛЭКСУ
ЗА БУБЛІКІ, САЙКІ І КЕКСЫ!


        "Мы многа зрабілі для развіцця супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы… Пакуль я быў тут, мы тройчы ладзілі курсы для беларускіх экспертаў ў галіне сельскай гаспадаркі, прычым два курсы праводзіліся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі…" (Інтэрвію з былым паслом Ізраіля ў Беларусі Марцінам Пэлед-Флэксам, www.naviny.by, 03.09.2002).
        "АК": Каб спадар амбасадар гэтак дбаў пра захаванне сінагог, як ён дбаў пра сельскую гаспадарку… Цікава, што некаторыя сябры грамадскай ініцыятывы "Няміга-1570" на сваёй прэс-канферэнцыі 12 верасня г.г. наагул запрапанавалі адклікаць ізраільскага пасла з Беларусі, пакуль не адновіцца сінагога на Дзімітрава.
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Сярод пацярпелых ад тэрактаў у Ізраілі нямала выхадцаў з Беларусі. 1 чэрвеня 2001 г. падчас выбуху ў Тэль-Авіве была сурёзна параненая Ліора Гольдберг з Бабруйску. Ёй 23 гады, яна адслужыла ў войску і вучылася на юрыста. Апошнім часам ня можа вучыцца і працаваць, бо атрымала моцную кантузію. Наш чытач з Нью-Йорку піша: "Американская общественность уже оказала Лиоре помощь. Может быть, и белорусская еврейская община сможет немного ей помочь, хотя бы символически". Падаём адрас Ліоры: Str. Jacob Tuhman 41, Rechovot, Israel. Факс: 972-15154204587
------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Адрас для лістоў: Беларусь, Мінск, 220068, а/c 75. (Belarus, Minsk-68, P.O. Box 75).
Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванняў аўтараў, друкаваць артыкулы дзеля палемікі. Рукапісы не вяртаюцца.
Надрукавана 01.10.2002. Тыраж 297 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск - У. П. Рубінчык (rubinchik@lycos.com).
Правы на матэрыялы "Анахну кан" захоўваюцца за аўтарамі. Пры перадруку просьба спасылацца на "Анахну кан". Неафіцыйныя старонкі "Анахну кан" у Інтэрнэце - на сайце Абяднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі www.souz.co.il/belzem (рубрыка "Наши друзья") і на сайце "Гісторыя беларускіх яўрэяў", http://beljewhist.virtualave.net/akan.html. Папяровая версія "Анахну кан" распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах.
=========================================================================================





Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il