Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








АНАХНУ КАН ("Мы тут").
Незалежная яўрэйская газета. Выдаецца ў Мінску на беларускай і іншых мовах.
Нумар 8. ВЕРАСЕНЬ 2002 / ЭЛУЛ 5762
------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

НАВІНКІ
* * *
У вёсцы Старае Сяло, што пад Мінскам, адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар тамтэйшых жыхароў. Старае Сяло вядомае як "вёска Праведнікаў". Дошку на школьным будынку ўстанавілі дзякуючы Абраму Рубенчыку, былому вязню мінскага гета. Цяпер ён жыве ў горадзе Петах-Тыква (Ізраіль).
* * *
У Вільнюсе з 1 па 29 жніўня прайшоў чарговы штогадовы кангрэс ідышыстаў свету. Паэту Рыгору Рэлесу, які планаваў прыехаць на дзень з Мінску ды прачытаць пару лекцый аб яўрэйскіх пісьменніках, не далі перасякчы беларуска-літоўскую мяжу з-за таго, што пашпарт у яго "стары". Не дапамагло й заступніцтва арганізатараў кангрэса - сорамна, спадары літоўскія памежнікі! Ды ўсё ж двое беларускіх ідышыстаў "прарваліся" цераз кардон. Інтэрвію з адным з іх хутка зъявіцца ў "АК".
* * *
У сярэдзіне жніўня маёмасць Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх абъяднанняў і абшчын была апісаная судовымі выканаўцамі. Адказ на пытанне "чаму" шукайце ніжэй...
* * *
25 жніўня ў Мінску прайшла канферэнцыя Іудзейскага рэлігійнага абъяднання. Ізноў паскардзіліся на разбурэнне ды невяртанне сінагог у Адміністрацыю прэзідэнта…
* * *
За 8 тыдняў шагалаўскую выставу ў Мінску наведалі больш як 10000 чалавек. Меркаванні наведнікаў - розныя, часам дыяметральна процілеглыя. З 10 верасня па 20 кастрычніка 34 краявіды й эскізы Шагала будуць экспанавацца ў Віцебску.
--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

АД РЭДАКЦЫІ
    Дарагім чытачам - шалом! Мы радыя, што сустракаем разам з вамі восень. Дзякуй усім - за падтрымку і за крытыку, за добрыя (і ня вельмі) словы ў наш адрас. Як можам, імкнемся палепшыць якасць жыцця беларускіх яўрэяў. Хоць ня ўсё ладзіцца так, як хацелася б - але газета жыве, "афцулохэс алэ сонім"…
    У папярэдніх нумарах мы ўзнялі нямала праблемаў; пачынаючы ад выдання яўрэйскіх кніг, сканчаючы разбурэннем сінагогі, вандалізмам на могілках. Гэта - яўрэйскія, але і ня толькі яўрэйскія праблемы. Мы ж у Беларусі жывем, а не ў беспаветранай прасторы. Многія рэчы могуць быць змененыя, калі яўрэі пачнуць больш актыўна выяўляць сябе ў месцах, дзе прымаюцца агульнабеларускія рашэнні - карацей кажучы, у органах улады. Мы не заклікаем беларускіх яўрэяў уступаць у палітычныя партыі і ісці на мітынгі - тут, вядома, кожны вырашае сам. Але ў сакавіку 2003 г. адбудуцца выбары ў мясцовыя саветы. Ці мусім іх ігнараваць?
    Зразумела, у большасці гарадоў доля яўрэйскага насельніцтва не перавышае 1%. Аднак нават і 0,5 % - нямала! Усё залежыць ад ступені арганізаванасці, ад уплыву, які маюць яўрэйскія актывісты ў горадзе. Чаму б, напрыклад, не вылучыць сваю кандыдатуру ў гарсавет кандыдату навук Уладзіміру Ліўшыцу - дырэктару краязнаўчага музея? Або спадару Іосіфу Ліберману - намесніку дырэктара аднаго з уплывовых прадпрыемстваў? Гэтыя паважаныя людзі, якія ўзначальваюць іудзейскія абшчыны адпаведна ў Горках і Пінску, мелі б ня толькі "іудзейскія" галасы.
    Мы прапануем членам яўрэйскіх суполак на перыферыі і ў сталіцы лішні раз сабрацца, пагутарыць ды вызначыць сваё стаўленне да выбараў у мясцовыя саветы. "Анахну кан" гатовая публікаваць думкі на гэты конт. Калі не выпадае вылучаць сваіх кандыдатаў - варта падтрымаць тых, каму неабыякавыя яўрэйскія праблемы. Бо ў Мазыры, напрыклад, у гарвыканкаме працуе багата такіх людзей, якім яўрэйскія ахвяры Вялікай айчыннай - "да ліхтара". Дык трэба хоць сярод дэпутатаў мець, да каго звярнуцца. А ў Мінску - ці чулі вы, каб цяперашнія дэпутаты гарсавету піснулі што-небудзь пра знесеную сінагогу на Дзімітрава, 3 ці пра Нямігу, дзе на месцы Халоднай сінагогі XVI ст. запланаванае будаўніцтва аўтапаркінга?
    Пры рэшце віншуем усіх з Рош Ашана ды з новым навучальным годам! Жадаем, каб вучыцца давялося не на сваіх памылках.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ
    У нашай суполцы, якая завецца "Клуб яўрэйскай культуры "АМІ"" - 488 чалавек (рэчыцкія яўрэі і члены іх сямей). Падтрымліваем сувязі з гарадскім музеем, бібліятэкай. Нам дапамагаюць ахвотна і шчыра: за 10 год непаразумення не было. Мы ўдзячны за тое, што нашай суполцы не перашкаджаюць вывучаць іўрыт ва ўльпане, знаёміць дзяцей з традыцыямі яўрэйскага народа ў нядзельнай школе, якая працуе на працягу 5 гадоў.
    У палітыцы мы не ўдзельнічаем. Наша суполка знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, і мы падтрымліваем палітыку Прэзідэнта і беларускага Ўрада.
А. Я. Шкоп, г. Рэчыца Гомельскай вобл.
* * *

    Авторитарный стиль руководства в некоторых еврейских организациях не дает возможности влиять на их работу. Впрочем, может быть, я слишком много требований предъявляю. Все, надеюсь, наладится.
Михаил Розин, г. Мозырь.
* * *

    Уважаемые господа! Большое спасибо за газету.
А. Е. Любарская, г. Молодечно.
----------------------------------------------------------------------------------------------------------

ПРЫКОЛ МЕСЯЦА
13 жніўня прэзідэнт Сусветнага згуртавання беларускіх яўрэяў (ЗША) Якаў Гутман даслаў ліст іншаму прэзідэнту - Уладзіміру Пуціну. Ідзецца ў лісце пра "дзяржаўны антысемітызм кіраўніцтва Беларусі" ды іншыя сурьёзныя рэчы. Сп. Гутман папярэджвае свайго адрасата: "трудно надеяться, что, имея такого "брата-близнеца" как Лукашенко, России удастся занять место среди цивилизованных стран, а Вам лично быть другом Тони Блера, Джорджа Буша, Франсуа Миттерана…". Вось жа, былы французскі прэзідэнт Ф. Мітэран памёр яшчэ ў 1996 годзе.
Рэакцыя У.У.П: - Его счастье, что с Голдой Меір дружіть не заставляет… А то прішлось бы замочіть в сортіре…
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

4 верасня 2002 г. ў 18.00 адбудзецца аднаўленне шыльдаў з імёнамі Праведнікаў на "Яме" ў Мінску (скрыжаванне вуліцаў Мельнікайтэ і Заслаўскай). Запрашаем усіх!
----------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

МЫ ПРАТЭСТУЕМ СУПРАЦЬ НЕСПРАВЯДЛІВАГА ЗВАЛЬНЕННЯ РЭДАКТАРА ПРАФСАЮЗНАЙ ГАЗЕТЫ "БЕЛАРУСКІ ЧАС" АЛЯКСАНДРА СТАРЫКЕВІЧА І СУПРАЦЬ РАЗБУРЭННЯ ХРАМА БАПЦ Ў ПАСЁЛКУ ПАГРАНІЧНЫ БЕРАСТАВІЦКАГА РАЁНА.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
МАЗАЛЬ ТОЎ !!!
    У жніўні-верасні нарадзіліся многія слынныя беларускія пісьменнікі. Сярод юбіляраў адзначым грандыёзнага Янку Брыля, якому 4 жніўня споўнілася 85 год, і Адама Мальдзіса, нястомнага даследчыка беларушчыны. Абодва цікавіліся і цікавяцца жыццём беларускіх яўрэяў. Адам Мальдзіс, калі быў дырэктарам Скарынаўскага цэнтра, планаваў адкрыць у ім "яўрэйскі аддзел". Доктару навук і лаўрэату многіх прэмій (у тым ліку нямецкай прэміі імя Ганны Краснапёркі) споўнілася 70 год 7 жніўня.
    А 16 верасня будзе паўстагоддзя пісьменніку Вячаславу Лапціку. Ягонае эсе "Сцяна плачу" чытачы маглі ўбачыць у № 4 "Анахну кан". Віншуем нашага аўтара і зычым яму здароўя, сілы духа.
----------------------------------------------------------------------------------------------------
3 верасня - 75 год з дня нараджэння пісьменніка і навукоўца Алеся Адамовіча (1927-1994). Памёр заўчасна.
----------------------------------------------------------------------------------------------------
ГІСТОРЫЯ БЯЗ НАС
    "АК" не цураецца вострых тэмаў, аднак для нас балючым было апублікаваць гэты тэкст. Узважыўшы ўсе "за" і "супраць", мы вырашылі прапанаваць нашым чытачам матэрыял для роздуму.

    Нядаўна ў шапіках Белсаюздруку зъявіўся чарговы нумар недзяржаўнага гістарычнага часопіса "Спадчына" (№ 1 за 2002 г.). З каляровай вокладкі на пакупнікоў пазірае па-плакатнаму шчаслівы хлопец. У ягонай руцэ - сцяг з літарамі "СБМ". Подпіс - "Пад беларускім сьцягам - да сьветлае будучыні". Усё добра?
    Добра, калі ня ведаць, чым быў СБМ - Саюз беларускай моладзі, утвораны за часамі нацысцкай акупацыі ў 1943 г. Фактычна, быў ён беларускай філіяй гітлерюгенда, падпоркай акупацыйнага рэжыма - нездарма статут СБМ ухваліў гаўляўтэр Кубэ. Хто ня верыць, хай зазірне ў часопіс СБМ "Жыве Беларусь" за 1943-1944 гг., дзе ясна пазначаныя ворагі - "жыды, бальшавікі і бандыты". Дарэчы, плакат на вокладцы "Спадчыны" датаваны якраз 1944 г.
    Аўтары гэтага нумара "Спадчыны", прысвечанага тэме "Беларусь пад нямецкай акупацыяй", упаасобку доктар навук Леанід Лыч, хоць і не адмаўляюць агідных бакоў калабарацыі з нацыстамі, але імкнуцца іх нібыта ўраўнаважыць: затое ж у многіх беларусаў, у адрозненне ад даваеннага часу, фармавалася "трывалая нацыянальная сведамасць"!
    Сярод членаў кожнай сумнеўнай дый проста злачыннай арганізацыі можна пры жаданні адшукаць ідэалістаў, рамантыкаў, нарэшце, проста падманутых людзей, якія па сваёй ініцыятыве ніякага ліха і не зрабілі б. Гэта яскрава паказаў Алесь Адамовіч у аповесці "Карнікі. Радасць нажа…". Аднак тая ж КПСС не стаецца менш пачварнай з тае прычыны, што да яе нейкі час належалі людзі кшталту Сахарава ды Адамовіча. І СБМ застаецца для нас чымсці такім, што рэабілітаваць ня варта. Новы нумар "Спадчыны", на нашу думку, нармалізуе гістарычныя адхіленні, сцірае грань паміж маральным і амаральным, гераічным і адыёзным. Каб жа ж толькі "Спадчына", з накладам, крыху большым, чым 800…
    У апошнія гады нешта вельмі часта згадкі пра злачынствы гітлераўцаў супраць яўрэяў ды беларускага народу суправаджаюцца рознымі "так, але…" Часам даходзіць ужо да адкрытага цынізму. Як вам, шаноўныя чытачы, падабаюцца, напрыклад, такія разважанні: "Почти моноэтнический характер послевоенной Беларуси, то, что белорусы счастливо забыли о проблеме взаимоотношений с иными нациями, - это следствие войны. Война была страшным бедствием, но после войны белорусы стали одной из самых консолидированных наций СССР…" (Ю. Шевцов, 7 дней, 3.07.1999). Павіншуем сябе: шчасце, паводле папулярнай дзяржаўнай газеты, вынікае са знішчэння й выгнання ў 1941-1944 гг. некалькіх соцень тысяч яўрэяў і іншых "небеларусаў", якія маглі б паставіць пад пагрозу "моноэтнический характер" краіны. Хто з яўрэйскіх "лідэраў" звярнуў увагу на трызненні моднага палітолага, хто абурыўся публічна? Вось і атрымалі неўзабаве "Войну по законам подлости", з якой "прафесійныя яўрэі" ўжо трэці год змагаюцца-змагаюцца... не жадаючы бачыць лесу за дрэвамі.
    Вось і паважаная газета "Наша Ніва" аднойчы зрабіла такое "адкрыццё": "Прыход немцаў [у вёску Васілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці ў 1941 г. - В. Р.] прынёс адносны спакой. Людзі маглі спакойна працаваць, жаніцца, нараджаць дзеці" (З. Мацьвейчык, 22.01.2001). Вось дык "спакой" - 10-11 мая 1942 г. фашысты знішчылі ў Васілішках 2159 яўрэяў! Да гонару рэдактара "Нашай Нівы", ён адразу ж прынёс прабачэнні за артыкул З. Мацьвейчыка. Але праз два тыдні тая ж газета друкуе матэрыял з тым самым акцэнтам: "карысьць [для этнічных беларусаў - В. Р.] ад вынікаў II сусьветнай вайны намнога важнейшая за Вільню, Смаленск і Беласток… даваенныя дамінуючыя нацыі (палякі і габрэі) выйшлі з вайны абяскроўленымі" (А. Чобат, 6.02.2001). На гэты раз прабачэнняў не было. Што да паперы - яна ўсё вытрывае. Нават мары пра дабрабыт на чужых касцях.
    Запрашаем чытачоў "Анахну кан" выказацца наконт таго, ці варта беларускім яўрэям наагул рэагаваць на праявы абыякавасці да крыві яўрэйскіх ахвяраў - на тое, што сіяніст Уладзімір-Зеэў Жабацінскі калісьці трапна назваў "асемітызмам". З аднаго боку, калі частка беларускіх нацыяналістаў ганаруе "бацьку Булаховіча", гэта абражае памяць нашых продкаў: Булак-Балаховіч нясе адказнасць за яўрэйскія пагромы на поўдні Беларусі ў пачатку 1920-х гг. З другога боку - мы ўсё адно наўрад ці пераробім фанатаў спадара Пазьняка. Некаторыя з іх ганяць Лукашэнку за тое, што ён "паўжыдак" - аднак хіба ж ня іхняя гэта праблема? Беларуская гісторыя цяперака, на жаль ці на шчасце, робіцца бяз нас…
В. Р.
----------------------------------------------------------------------------------------------------------------
З ЗАЛЫ СУДА
    Судовае пасяджэнне нярэдка ператвараецца ў сапраўдны спектакль або цырк. Галоўнае, квіткоў купляць ня трэба. На месцы беларускіх уладаў мы б гэты прабел даўно ліквідавалі.

    Дзе яшчэ, як не ў Беларусі, можна пабачыць судовы працэс паміж яўрэйскімі лідэрамі, ці, пры-намсі, людзьмі, якія маюць пасады "прэзідэнтаў", "віцэ-прэзідэнтаў" і да т. п.? Ва ўсім свеце яўрэі прызвычаіліся вырашаць унутрыяўрэйскія праблемы мірным шляхам. Калі справа даходзіць да суда, дык гэта, як правіла, рабінскі суд. А тут - цэлая нізка адкрытых працэсаў. Хоць серыял здымай - "Асаблівасці нацыянальнага самаедства"!
    1 жніўня мы мелі магчымасць назіраць за паводзінамі адказчыкаў - кіраўнікоў Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх абъяднанняў і абшчын Л. Левіна і Я. Басіна - у Першамайскім судзе г. Мінска. Істцом быў, як і заўжды, Я. Гутман, прэзідэнт Сусветнага згуртавання беларускіх яўрэяў (Нью-Йорк).
    Аказваецца, на пасяджэннях адной грамадскай арганізацыі асоба кожнага з нас можа бясконца абмяркоўвацца ў нашую адсутнасць, як гэта і адбывалася з Я. Гутманам. Пра кожнага з нас "салідная" хеўра можа распаўсюдзіць хлуслівыя звесткі-плёткі, а потым хадзі даказвай, што ты не вярблюд - "першаснага" ж дакумента, то бок стэна-грамы, няма. Цытуючы Л. Левіна, "стенография [sic!] заседаний Координационного совета не ведется".
    Як высветлілася, вельмі дасціпна зрабілі кіраўнікі згаданага Саюза, каб абас..ць сп. Гутмана: спачатку адправілі аблудныя вытрымкі з пратаколу свайго пасяджэння ў амерыканскую яўрэйскую газету, а потым газета Саюза "Авив" перадрукавала гэтыя вытрымкі - ужо са спасылкай на амерыканскае выданне. Падобна да працэсу адмывання грошай. Цяпер раяць сп. Гутману падаваць у суд на амерыканцаў. А самі нібыта ні пры чым.
    На самыя простыя пытанні спадар Левін адказваць адмаўляўся. Напісаць брыдкаватую паперку былому старшыню Вярхоўнага савета ці даць інтэрвію "Белорусской деловой газете", назваўшы дзеянні канкурэнта "профанацией", "гутмановщиной" - калі ласка. Патлумачыць, што ён меў на ўвазе - "не знаю", "не помню", "это было давно", "я даю множество интервью, подписываю множество бумаг". Наагул, абарона вялася, як у той байцы пра нявернуты гаршчок: "Па-першае, я яго не брала, па-другое, вярнула, а па-трэцяе, калі брала, ён ужо быў пабіты". Калі сп. Гутман паказаў суду дакумент з арыгінальным подпісам Левіна, атрымаў адказ: "Не знаю. Мою подпись часто подделывают".
    Няхай ведаюць усе, хто яшчэ прызнае аўтарытэт гэтай "абшчыны": калі да вас прыйдзе нейкая цыдулка з адпаведным подпісам, трэба сто разоў падумаць, ці ўспрымаць яе ўсуръез. Бо потым жа "правадыр" здольны сказаць, што ягоны подпіс хтосьці падрабіў. Слова - ня слова…
    У наступным годзе мусіць адбыцца чарговы зъезд Саюза "ўсіх яўрэяў". Не памыліцеся з выбарам кіраўніцтва, спадары яўрэйскія актывісты.
    Што да суда, ганебнага для ўсіх нас, - ён працягнецца 25 верасня 2002 г.
Рэд.
--------------------------------------------------------------------------------------------------------------
ВЕРСІЯ "ЖАДНОСТЬ ФРАЕРОВ СГУБИЛА", або ЧАМУ МАЯК ЗАСТАЎСЯ БЯЗ ДАХУ

Дакумент № 1 (копія): "…даю настоящую расписку в том, что действительно получил от молодежной общины "Тамар" 200 долларов США в качестве платы за аренду помещения за ноябрь, декабрь 2000 г." (Подпіс, падобны да подпіса М. Данцыга) 1 декабря 2000 г.
Дакумент № 2 (копія): Сводная ведомость расходов с 17.XI по 01.XII.2000. Расход:… Минская община "Тамар" - аренда помещения: 100 (Подпіс, падобны да подпіса Я. Басіна) 1 декабря 2000 г.

    "АК": Нам хацелася б верыць у лепшае… Мо грошы, якія абшчына прагрэсіўнага іудаізма выплаціла за арэнду памяшкання, усё-ж такі трапілі ў касу Мінскага абъяднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка? Але Генадзь Міронавіч Разенгаўз, бухгалтар МАЯКа ў 2000-2001 гг., сцвярджае, што ў касу траплялі толькі ахвяраванні "Джойнта".
    Ці ведаў Я. Басін, тагачасны намеснік старшыні МАЯКа, што яго падманваюць? Ці не хацеў ён менавіта быць падманутым? У некаторых жыццёвых сітуацыях гэта ж так прыемна і выгодна -удаваць з сябе фраера…
    Рэвізійная камісія ў канцы 2000 г. у МАЯКу ня дзейнічала. Мо таму і ня дзейнічала, што зъяўляліся гэткія "дакументы № 1". А мо яны таму і зъяўляліся, што яна існавала адно на паперы - цяпер ужо цяжка высветліць. Бо і сам МАЯК-2002, па словах ягонага кіраўніка, "існуе толькі на паперы".
    Летась найстарэйшая свецкая яўрэйская суполка Беларусі пакінула дом на Інтэрнацыянальнай, 6 - з-за нястачы сродкаў на арэнду ("кепскі "Джойнт" спыніў фінансаванне"). Л. Левін сказаў пра МАЯК у інтэрвію "Берегам": "А это и есть "наша" организация". Тады ж мастак М. Данцыг пакінуў пасаду старшыні МАЯКа, але застаўся віцэ-прэзідэнтам у Саюзе, які ўзначальвае архітэктар Л. Левін. Што скажа "яўрэйскі прэзідэнт" на гэты раз? А чытачы?
--------------------------------------------------------------------------------------------------
КОЛЬКІ ВАС, ПРАВЕДНІКІ?

    У Беларусі дваццатага стагоддзя чалавечае жыццё ніколі ня мела асаблівай цаны - "памёр Максім, ну і … з ім". Як яно будзе ў дваццаць першым?
    Ня хочацца выказваць песімістычныя прагнозы, але яны напрошваюцца. Дагэтуль невядомая нават дакладная лічба людскіх ахвяраў у Вялікай Айчыннай вайне. Хто кажа - кожны чацверты, хто - кожны трэці. І з яўрэйскімі ахвярамі ня проста. Лічбы разыходзяцца ў 2-2,5 разы: ад 400 тысячаў да 1 мільёна. А хіба ня ўсё роўна? - як сказаў адзін (сумна)вядомы яўрэйскі дзеяч у час паездкі ў Трасцянец, калі ў яго спыталі, чаму на помніку напісана пра 201500 ахвяраў, а ён сцвярджае, што іх было 500 тысячаў.
    Што згадваць пра нашыя кволыя яўрэйскія суполкі… Ім бы заняцца пошукам людзей, якія ратавалі яўрэяў у час вайны, яшчэ год 12-13 таму, калі былі жывыя многія сведкі. Аднак жа праца гэтая актывізавалася толькі тады, калі ў Мінску адчынілася пасольства Ізраіля. Калі пасольства зачыніцца - хіба ізноў ніхто шукаць ня будзе?
    З помаччу пасольства і тутэйшых актывістаў былі наноў адкрытыя імёны блізу 400 Праведнікаў. Іх - альбо іх нашчадкаў - урачыста ганаравалі. Пра іх нямала пісала прэса. Кагадзе быў выдадзены фотаальбом Анатоля Клешчука "Праведники Беларуси". А што ж потым - пасля цырымоніі з уручэннем медаля ды дыплома?
    Па словах беларускі Ірыны Сцяпанаўны Простак (Паўлавай), валанцёрцы "Хэсэда", якая сама, разам з маці, бабуляй і братамі ратавала яўрэйскіх хлапчукоў у 1942-1943 гг., у Мінску за апошні год памерла пяцера Праведнікаў. У жывых засталося толькі 24 чалавекі. Іх, вядома, запрашае на свае мерапрыемствы дабрачынны фонд "Хэсэд-Рахамім". Час ад часу выдае харчовыя пасылкі, лекі. Нейкія грошы паступаюць з амерыканскіх фондаў. "Усе праведнікі, і я таксама, вельмі радыя, што яўрэйскія арганізацыі ім гэтак дапамагаюць" - сцвярджае спадарыня Простак. Цяпер ёсць спадзеў на атрыманне сродкаў з нямецкага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня". Пытанне мусіць вырашацца недзе ў лістападзе бягучага году. Але… "Для станоўчага рашэння патрэбны спіс Праведнікаў, якія зараз жывуць у Беларусі. Напачатку "Хэсэд" чамусьці не хацеў займацца яго складаннем, а ў гэтым годзе заняўся. І выйшла, што ва ўсёй Беларусі жыве ўсяго 47 Праведнікаў. Аднак гэты спіс няпоўны: у яго, напрыклад, не ўвайшлі жыхары Мінскай вобласці". - паведаміла спн. Простак.
    Іна Герасімава, гісторык, супрацоўніца "Джойнта": "Зараз я складаю дадатковы спіс Праведнікаў. Пасольства Ізраіля трымае дадзеныя пра іх у сакрэце, звесткі "Хэсэда" - даволі цьмяныя, давялося звярнуцца ў Іерусалімскі інстытут Катастрофы і Гераізма "Яд Ва-шэм". Восенню 2002 г. спіс будзе, нарэшце, гатовы."
    Кепская рэч, калі з-за чыейсьці нядбайнасці Праведнікі не атрымаюць свае грошы. Мы верым, што такога ня здарыцца. Іначай - сусветная ганьба.
    А вось што яшчэ кажа Ірына Сцяпанаўна Простак:
    "Прамаруджванне са складаннем спісу Праведнікаў і шматмесячная адсутнасць мемарыяльных шыльдаў на Алеі праведнікаў сусвету ў Мінску - вынік прыкрай абыякавасці некаторых яўрэйскіх арганізацый. Да ўпарадкавання "Ямы" варта было б прыцягнуць моладзь з яўрэйскай гімназіі, са школаў. Каб маладыя яўрэі памяталі пра тое, што знаходзіліся людзі, якія, не зважаючы на жахі вайны, дапамагалі яўрэям. Каб цяперашняе пакаленне было крыху дабрэйшым."
    "АНАХНУ КАН" далучаецца да гэтых пажаданняў.
---------------------------------------------------------------------------------------------------------


ЗМІТРОК БЯДУЛЯ
"Жыды"*

IV
Восенская раніца над борам.
Бледная зара над касагорам.
А вароны "кра" ды "кра".
Нейдзе ды гарматныя грымоты,
Нейдзе ды стракочуць кулямёты.
"Ну і тарарам!"

Бацька гэта кажа жартаўліва.
Мы глыбока ў лес, далей ад нівы,
Уцяклі усёй сямъёй.
Восень чырванеецца на клёнах,
Уцякае вецер ад праклёнаў,
Нібы мы - да хвой.

Вунь на небе сонца бледнай плямай.
Пругкі мох і верас пад нагамі.
Вунь бярэзьнік малады.
Стукат-грукат, шум і крык на тракце.
Мы назад, о, трэба нам схавацца…
Гэта - мы "жыды"…

V

Над кустом лазовы
Жаўранак зьвініць.
Сумна, жаласьліва:
"Цірлі-цірлі-ніць".

Матку жаль бярэ:
У гэтых чулых гуках
Маці чуе сьпеў,
Скаргу-плач аб муках.

Выцірае вочы
Ды глядзіць на нас:
"Учыні жа цуд свой,
Божанька, хоць раз…"

Сонька знайшла грыб
І есьці хоча, плача.
- Кінь, - кажу я, - кінь,
Бо гэты грыб сабачы!

Незнаёмы ўзгорак,
Дрэвы навакол.
Нехта лес сячэ тут -
Сьвежых шмат сукоў.

Хлопчык-пастушок
Маленечкі, з трубою,
Пугай ляск і ляск
Над самай галавою.
------------------
*Заканчэнне. Пачатак - у № 7 "АК".
Сюжэт паэмы заснаваны на рэальных фактах.
Некалькі авечак
І кароўкі дзьве
Маці да хлапчыны
Потайкам ідзе.

Ад яго нясе
Малы кавалак хлеба.
Свой загад малой:
"Еж, бо есьці трэба!"

"Уй, як смачна, - кажа
Дзеўчынка ў адказ.
Нават забывае
Страх на гэты раз…

Над кустом лазовым
Жаўранак зьвініць.
Сумна, жаласьліва:
"Цірлі-цірлі-ніць".

VI

Зьяньне жоўтае ад дрэваў,
Ад пажоўклых, ад лістоў
Серабрыцца рэчка зьлева,
А насупраць - гурт кустоў.

Скупа лес прыгрэты сонцам.
Вунь гаёчкі, як сады.
Мы ідзем у нейкай гонцы.
Мы - "праклятыя жыды"…

Каб хаця ніхто ня ўбачыў,
Бо шчэ скажуць казаком…
Чуем раптам брэх сабачы,
Нейкі шолах за кустом.

І выходзіць стуль кабетка.
Стала. Зьдзіўлена глядзіць.
Кажа: "Хаімка, суседка,
Далі бог, ка мне ня йдзі…"

"Гаварылі з вёскі людзі
Каля нашых тут стагоў, -
Як жыдоў прыймаць хто будзе,
Дык зарэжуць і таго…"

Зараз хлеба прынясу вам.
Вы-ж галодныя, мабыць".
Бацька ёй на гэта з сумам:
"Дык скажы мне, як тут быць?"

"Далі бог, сама ня знаю.
Памазгую з мужыком.
Эх, бяда, бяда такая…
Каб агонь тых казакоў!"

VII

"Чаму так бацька дзікім вокам
На мяне глядзіць?
Чаму аб елку звойка бокам
Трэцца і скрыпіць?
Чаму так страшна ў лесе гэтым,
Мама, мне скажы?
Ой, хтосьці стрэльнуў з пісталета
Вунь на тэй мяжы.

Баюся… Нешта лезе ў горла…
Душыць у грудзях…
Глядзеце… Птушачка памёрла.
Вунь гуляе страх…"

VIII

Гэта Сонька, гэта Сонька
Раптам брэдзіць пачала.
У яе гарачы лобік,
У вачох блішчыць імгла.

Я бягом пайшоў да рэчкі.
У руках прынёс вады.
На мяне глядзіць мой бацька.
"Ну, што скажаш? Мы - "жыды"?…
Як жа там у "Нашай Ніве"
Можа "Бэйлісам" завуць?"
Часта шпількамі ён коліць,
Часта мыліць галаву.

Над лясной малой палянай
Неба чыстае, як сталь.
Дрыжыць маці, як асіна.
Эх, і час у нас настаў!

Адчуваю моцны голад.
Мне здаецца, гэта сон.
Падышлі мы ўсё пад елку -
Пад зялёны парасон.

IX

Вось хлеб. Вось малако.
Вялізны белы кот.
То прытуліў нас бацька пастушка.
Тут хутарок адзін -
Знаёмы селянін.
Ён доўга ў лесе нас шукаў.

У печы аганёк.
Агнёвы язычок
Са смакам ліжа ніз скаварады.
Яечня… Смачна… Эх…
А маці кажа: "трэф".
"Ня можна есьці. Гэта-ж мы жыды…"

Тут бацька кінуў жарт:
"Чакай-жа, маці - "варт",
А ў "Нашай Ніве" сала ён ня еў?
Прабуй, сынок, на смак,
Ой-ой, каб я ды так…
Здаецца, райскім пахам аддае…"

Сьмяецца гаспадар,
Да жонкі: "сала жар!".
А раптам страх… Знайшлі нас казакі…
"О, сёстры!" - гэта сон.
Вось елка-парасон.
Той самы лес. Заснуў я ля ракі.

X

Нам хлеба прынясла ранейшая жанчына.
Жбаночак малака стаяў тут на траве.
Тры тыдні мала спаў - прыемны адпачынак.
"Падъелі, дык хадзем!" - жанчына нас заве.

"Хадзем да нас. Нам горш, як ёсьць, ня будзе.
Так мой мужык сказаў. О, літасьцівы бог!
Суседзі мы. Мы-ж не ваўкі, а людзі".
Адважны такі тон… Адважнасць у вачох…

І мы туды пайшлі. Жылі там цэлы тыдзень.
Жылі, як у гасьцёх, у бедных тых сялян.
Мінаў той жуткі час, як нейкі злыдзень,
Як над ракой вульготны дым-туман.

Назад прыйшлі ў разбураны Пасадзец.
І маці ў нас: "ці выпіт келіх мук да дна?"
Зноў трэба ў хаці гаспадарку ладзіць.
Эх, вайна…
Пасадзец, 1915 г.

Друкуецца паводле рукапісу з Беларускага Дзяржаўнага Архіва-музея літаратуры і мастацтва. Колькі год таму той рукапіс адшукаў мінскі журналіст Ілля Рэзнік (цяпер сп. Рэзнік жыве ў Ізраілі). Паэма "Жыды" публікавалася аднойчы, і тое з купюрамі - у 1937 г. У 6-томны збор твораў З. Бядулі яе не ўключылі. Няма пра яе згадак і ў новым акадэмічным выданні "Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя".
У Д А К Л А Д Н Е Н Н І
1) У мінулым нумары выйшла так, што другая і трэцяя строфы ў раздзеле II бядулявай паэмы "Жыды" ("На крывавым гэтым/ На шалёным балі…" і "Дай перш-наперш выпіць!/ Дзе жанкі і дочкі?..") паў-тарыліся двойчы. Гэта тэхнічная памылка - даруйце нам. Канешне, З. Бядуля ня быў такім "нуднікам", каб чаўпсці адно і тое ж.
2) У № 7 "АК" зъявіўся матэрыял А. Разен-блюма "Оскорбительная волокита", які ра-ней быў апублікаваны ў газеце "Еврейский камертон" (Тэль-Авіў, 22.06.2002). Ужо пас-ля публікацыі ў "Анахну кан" аўтар "ашчас-лівіў" нас паведамленнем, што, маўляў, ня мы першыя… Дзякуй, пане-дабрадзею!
--------------------------------------------------------------------------------------------------------------

ШУКАЙМА СЯБРОЎ!
А ворагі нас самі знойдуць !


    Мы ў свеце не адныя - вось аксіёма. Беларускія яўрэі гатовыя супрацоўнічаць з яўрэямі былога СССР. Супрацоўніцтва гэтае часцяком зво-дзіцца да рытуальных візітаў і падпісання ня менш рытуальных пагадненняў - напрыклад, аб стварэнні Еўраазіяцкага яўрэйскага кангрэса. Хто-небудзь мо-жа адказаць, што за карысць ад удзелу ў яго ўста-ноўчым сходзе "яўрэйскага прэзідэнта" таварыша Левіна і яго сакратаркі Вікі Брумінай? Хіба што на людзей паглядзелі ды сябе паказалі. Як пісаў былы правадыр магілёўскіх яўрэяў Міхаіл Шульман: "і зъезд быў бы ня зъезд, калі б я на ім не прысутнічаў!"
    А вось кантакты паміж выхадцамі з Украіны ды Беларусі ў Ізраілі - зъява, якая нас цешыць. У іерусалімскім абшчынным доме украінскае і беларускае зямляцтвы месцяцца ў адным пакоі. Інтэрнет-сайт апошняга (www.souz.co.il/belzem) зроблены на манер сайта першага: www.souz.co.il/ukrzem. На экскурсіі ды канцэрты землякі ходзяць разам. Ну і г.д.
    Старшыня іерусалімскай філіі ўкраінскага зямляцтва Анатоль Шэхтман у вольны час складае вершы на ўкраінскай, рускай мовах. Адзін з іх, які мы друкуем, прысвечаны выхадцам з Беларусі. Верш "Сябрам" напісаны да Дня вызвалення Мінска, што святкуецца ў Ізраілі з дапамогай беларускага пасольства - ад 1997 г. як Дзень незалежнасці Беларусі. "Оліми" - гэта тыя, хто іміграваў у Ізраіль.


СЯБРАМ

Ми - оліми. Ви - оліми. Все в такому дусі.
Ми жили на Украіні, а ви в Білорусі.
Украіну з Білоруссю сусідамі звали,
Та евреям у сусідів ходу не давали.
Від Дніпра до Іордану - кілометри долі,
Довелося нам хлібнуть у житті доволі.
Знали гето і Чорнобиль, гасла юдофобські
І обмеження державні і знущання жлобські.
Та того, що нам судилось, серце не забуде:
Там навічно сплять в могилах дорогіі
люди.
Там ми добре працювали, святкували дати,
Наші славні ветерани там були солдати…
Вам, сябри, сьогодні наше дружне
привітання,
В нас тепер одна дорога і одне бажання:
Щоб отут, в краю еврейськім, спокій мали
люди…
Тай отам-отим сусідам - хай iм щастя буде!
03.07.1996.

    У канцы ліпеня 2002 г. сп. Шэхтман браў удзел у іерусалімскім мітынгу супраць закрыцця пасольства Ізраіля ў Мінску. Пра гэтую - небеспаспяховую - дэманстрацыю пратэста мы згадвалі ў папярэднім нумары "Анахну кан".
    Во каб і беларускія яўрэйскія дзеячы часцей ды смялей выказваліся па праблемах, што тычаць яўрэяў з суседніх краінаў. У той жа Ўкраіне яўрэяў хвалююць праблемы, аналагічныя нашым: вандалізм на могілках, антысемітызм у прэсе, будаўніцтва ў раёне Бабінага Яра на грошы замежнікаў нейкага "абшчыннага цэнтра"…
----------------------------------------------------------------------
Нашы дрындушкі
Fort a yid in Bir-bidzhan
Fort a yid in Bir-bidzhan

Fort a yid in Palestine
Mit a vajbl a dubine

Fort a yid in Berlin
Mit a potz fun draj arshin.

Hot a yid a vajbele
Hot er fun ir tzores
Nemt er far di herelakh
Un macht fun ir kapores!
Яўрэй едзе ў Бір-біджан
Вязе вялікі чамадан

Яўрэй едзе ў Палестыну
Вязе з сабой жанку-дубіну

Яўрэй едзе у Бярлін
Мае поц у пяць аршын

Як кажуць у такіх выпадках, "неперакладальная гульня словаў"

Усе гэтыя дрындушкі на ідыш нам ласкава напеў наш чытач Міхаіл (Іехіэль) Звераў, родам з Парычаў, што паміж Бабруйскам і Светлагорскам. Сцвярджае, што ў 1930-я гг. іх ведалі ўсе тамтэйшыя яўрэі. У нас няма падставаў ня верыць сп. Звераву. Чытачоў "Анахну кан" просім дасылаць нам свае варыянты яўрэйскіх дрындушак. У Беларусі іх мала хто памятае. Трэба збіраць, каб яны зусім не забыліся -гэта ж частка нашай гісторыі!
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------

СУДНЫЙ ДЕНЬ, ЕВРЕИ И СУББОТНИКИ


Скоро придут праздники Рош Ашана (Новый год) и Йом-Кипур (Судный день). Мне хочется поделиться с читателями "Анахну кан" воспоминаниями о том, как в начале 1920-х гг. Судный день отмечался на моей родине - в местечке Чашники на Витебщине.


    О, если бы Вы видели наш Йом-Кипур! Все были одеты в черное. Вечерняя молитва идет долго. Обычно мы, дети, бегали в синагоге, радуясь, что встретили друзей. А тут - все сидят в раздумьях, каждый на своём месте. Верили, что решается судьба. Восходит хазан-певчий со своими помощниками на амвон и поет - "Кол-Нидрэ-э"! И тут начинается плач. Одна женщина кричит: "Б-же, за что ты нас так наказал! Отец умер, не знаем, как кормить детей!" Другая вопит: "Готэню, Божечка, выпиши нам хоть один хороший год, чтобы мы не страдали". А мельничиха говорит: "Божечка, ничего не пиши и не вычеркивай". Ей как будто и горя нет! Потом все идут с молитвы, не разговаривая, снова все в раздумьях - решается судьба на следующий год! Уже начался пост, есть нельзя: назавтра все идут на целый день молиться. Всё было очень торжественно… Но однажды был такой случай. Известно, что в христианстве есть своеобразное направление - "субботники". Много писали про российскую деревню Ильинку, но у нас под Чашниками тоже жили субботники - православные, которые почитали субботу и ряд других еврейских праздников, особенно Йом-Кипур. Читали субботние молитвы, знали древнееврейский язык. Их еще называли староверами. В шаббат и в Йом-Кипур в синагоге для них специально оставляли свободные лавки. И вот распахиваются двери, и все субботники идут гуськом, держа в руках огромные восковые свечи, садятся и начинают молиться на древнееврейском. Среди молитв есть главная, ее произносят стоя - Шмене-Эсрэ, то есть "18". Певчий завел ее, а один старовер как крикнет - "Не та Шмене-Эсрэ!". Никто не отреагировал. В конце концов, вышел раввин и сказал: "Он прав!" И все переключились на правильный текст.
    Субботничество - довольно редкое для Беларуси явление, но старые евреи о нем знают. Под Чашниками была только одна деревня субботников - километров за 15. Называлась она Зазерица. Все мужчины-субботники ходили с длинными бородами. На праздники, бывало, приезжали в Чашники. У них были хорошие кони и красивые кибитки. Приедут на площадь и давай кружить - чей конь скорее прискачет. Это было очень интересное зрелище. Субботники под Чашниками жили поколениями, были прекрасными хозяевами. Имели землю, немалую собственность. Зимой они возили дрова, летом покупали лес. Еще до колхозов объединились в артель. Евреям ничего плохого не делали, но разговаривали с нами неохотно, даже в синагоге. Приходили они всегда со свечами, и им готовили песок, чтобы было куда поставить свечи. Жили они замкнуто, браки заключали в своем кругу. Новая власть все поломала. Позже, когда в 1930-е гг. я приезжал домой на каникулы, субботники даже и не появлялись в Чашниках.
ГИРШ РЕЛЕС.

-------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Адрас для лістоў: Беларусь, Мінск, 220068, а/c 75. (Belarus, Minsk-68, P.O. Box 75).
Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванняў аўтараў, друкаваць артыкулы дзеля палемікі. Рукапісы не вяртаюцца.
Надрукавана 02.09.2002. Тыраж 296 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск - У. П. Рубінчык (rubinchik@lycos.com).
Правы на матэрыялы "Анахну кан" захоўваюцца за аўтарамі. Неафіцыйныя старонкі "Анахну кан" у Інтэрнэце - на сайце Абъяднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі www.souz.co.il/belzem (рубрыка "Наши друзья") і на сайце "Гісторыя беларускіх яўрэяў", http://beljewhist.virtualave.net/akan.html. Папяровая версія "Анахну кан" распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах.
==============================================================================================



Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il