Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








АНАХНУ КАН ("Мы тут").
Незалежная яўрэйская газета. Выдаецца ў Мінску на беларускай і іншых мовах.
Нумар 4. МАЙ 2002 / ІЯР 5762


НАВІНКІ
* * *

Рэкордна мала выхадцаў з Беларусі сабралося 2 красавіка на традыцыйную штогадовую сустрэчу землякоў у ізраільскім лесе Бен-Шэмен - меней за тысячу чалавек (звычайна збіраецца тысячаў 7-8). Многія беларускія ізраільцяне, асабліва людзі сталага веку, збаяліся магчымых тэрактаў і засталіся дома. На сустрэчы з вітаннямі выступілі рускамоўныя дэпутаты Кнесета, кіраўнікі беларускага зямляцтва, а таксама дыпламаты. Надворе, па словах аднаго з арганізатараў сустрэчы, Г. Пекера, было "чыста беларускае" - халаднаватае, з ліўнем. Ад холаду так-сяк ратавала гарэлка. Дождж і вецер не далі як след разгарнуць унікальную фотавыставу пра Мір і лясок пад Іерусалімам, названы ў гонар гэнага славутага заходнебеларускага мястэчка.
* * *

10 красавіка ў Ізраільскім цэнтры ў Мінску ганаравалі беларускіх Праведнікаў народаў сусвету, якія ратавалі яўрэяў ад нацыстаў.
* * *

17-18 красавіка адбыліся чарговыя пасяджэнні па справе "Якаў Гутман супраць Мінгарвыканкаму і Міністэрства культуры". У судзе Цэнтральнага раёна сталіцы сп. Гутман паспрабаваў давесці, што звесткі, распаўсюджаныя чыноўнікамі гэтых дзяржаўных установаў пра неіснаванне ў будынку на Дзімітрава, 3 сінагогі - хлуслівыя і абражаюць яго як асобу, а таксама як кіраўніка яўрэйскай арганізацыі (Сусветнага згуртавання беларускіх яўрэяў). Суддзя Леанід Голік іск адхіліў. Якаў Гутман уголас заяўляе пра дзяржаўны антысемітызм у Беларусі.
* * *

19 красавіка у мінскім парку Дружбы народаў прайшоў досыць шматлюдны (больш за 200 чалавек) мітынг пратэсту супраць палітыкі Ізраіля ў дачыненні да палестынцаў, зладжаны зямляцтвам палестынскіх студэнтаў у Мінску. Выступоўцы збольшага апраўдвалі ўчынкі арабскіх тэрарыстаў-камікадзэ. Мітынгу яўрэяў у падтрымку Ізраіля не назіралася. У Маскве ж такі мітынг, арганізаваны Расійскім яўрэйскім кангрэсам, абяднаў каля 3000 удзельнікаў.
* * *

24 красавіка ў Мінску на вул. Харужай, 28 афіцыйна адчыніўся яўрэйскі абшчынны цэнтр. Прэзентацыя новага дома адбылася не абы-якая, з канцэртам і фуршэтам для "высокіх гасцей". Велька радасць баляваць, калі бракуе грошай на абеды для старых - кліентаў "Хэсэд-Рахаміма" дый таго ж цэнтра…
З ДНЁМ ПЕРАМОГІ!

Доўгія гады ветэраны Другой сусветнай вайны не карысталіся ў Ізраілі бадай аніякімі ільготамі, дый сам дзень Перамогі святкаваўся адно выхадцамі з СССР-СНД. У ізраільскі афіцыйны календар 9 мая ўпершыню трапіла ў 1999 г. Закон "Пра ветэранаў", прыняты Кнесетам у 2000 г., прадугледжвае наступнае: "Дзень святкавання Перамогі будзе адзначацца 9 мая. Калі гэтая дата прыпадзе на свята, … дзень Памяці загінуўшых…, урад можа перанесці святкаванне Перамогі на дзень-два". Цяпер ветэраны ў Ізраілі маюць права на атрыманне ад дзяржавы памятнага знака і пасведчання, а таксама на зніжкі пры набыцці некаторых лекаў, вызваленне ад "тэлевізійнага падатка". Ім стала лягчэй займець танное - сацыяльнае - жыллё. Штогод на 9 мая ў Іерусаліме ды іншых буйных гарадах ладзяцца парады ветэранаў вайны.

     Перамога над нацыстамі складалася з высілкаў вельмі розных людзей, і трагічнае часам ішло поруч са смешным. Каб не забывалася й смешнае, мы друкуем аповед нашага земляка, паэта Фелікса ХАЙМОВІЧА.

     Некалі ў Беларусі шмат вадзілася мядзьведзяў. Хто зараз можа сустрэць хаця б аднаго ў лесе… Але вось мой бацька расказваў мне гісторыю, якая адбылася зімою ў 1942 годзе.
     Быў ён тады камісарам партызанскага атраду. Ня тое што блякада была. На тое ў немцаў у той пэрыяд сілаў не было. Ішлі цяжкія баі пад Сталінградам. Проста ва ўсіх навакольных вёсках стаялі нямецкія гарнізоны, і ў партызанаў з харчам было вельмі напружанае становішча.
     Тут адзін з партызанаў, блукаючы па лесе, натыкнуўся на бярлогу мядзьведзя. Прыйшоў і далажыў: так і так. Мядзьведзь - гэта ж гара мяса. Паслалі цэлы ўзвод, каб гэтага мядзьведзя ўзяць. Але ж як яго возьмеш, калі ён пад ламаччам і сьнегам ляжыць.
     Вось яны ляглі ланцугом вакол бярлогі. Аднаго чалавека паслалі гэтага мядзьведзя раскатурхаць. Вось ён узяў палку, сунуў у дзірку, праз якую пара зь бярлогі йдзе, і пачаў там мядзьведзя турбаваць.
     І, калі бярлога зварушылася, ён, натуральна, бегма бегчы. Пакуль мядзьведзь адтуль падняўся - злосны, ня любіць, калі яго зімою падымаюць - усе пачалі наводзіць зброю. Але ж ня сьцямілі, што яны колам ляглі. Калі страляць, дык адно ў аднаго. Ня можна. Не было сярод партызанаў паляўнічага, каб ён правільна іх расставіў.
     Мядзьведзь падняўся, падышоў да першага партызана. Нічога яму не рабіў, не ламаў. Нічога. Узяў у яго з рук стрэльбу, пагнуў яе, кінуў. І так прайшоў па ўсім коле. І ўсе вінтоўкі пагнуў. Павярнуўся і пайшоў у лес. Гэтыя партызаны ў атрад вярталіся ня хутка. Ім давялося недзе ў лесе - там лазенка была - сьпярша ў тую невялікую лазенку схадзіць давялося. Трохі б з бялізнай там разабрацца, а вось тады яны асьмеліліся прыйсьці ў атрад. Хто з людзей паспытаў вельмі вялікі страх, той ведае, што можа напасьці стаўбун - бегчы трэба, а ногі не бягуць. У народзе гэта так і называецца - найшоў стаўбун. Яны ўсе дранцьвелі ад страху, яны бегчы не маглі, гаварыць не маглі. Ну і здарылася з кожным тое няшчасьце, якое вымагала потым лазьні.
     Зараз людзей трэба баяцца, а не мядзьведзяў.
     Бацька мой, Барыс Паўлавіч Хаймовіч, з 41-га па 44-ы год быў камісарам першага батальёну 208 партызанскага палку, якім камандаваў перш Нічыпаровіч - гэта быў выдатны чалавек, на якога пасьля быў напісаны данос. Яго адклікалі ў Маскву ў 42-м годзе, ён скончыў акадэмію Гэнеральнага штабу, атрымаў званьне генэрал-маёра, павінен быў ісьці на фронт, але тут данос падасьпеў, яго пасадзілі і ў 45-м годзе, у красавіку, ён у турме абвесьціў галадоўку і памёр ад голаду.

Паводле сайта "Радыё Свабода" www.svaboda.org


Мінская сінагога на Дзімітрава, 3 мусіць быць адноўленая!

Першымі за яе аднаўленне выказаліся Гаравы, Любарская, Кіршынбаум, Фрыдман, Грынберг, Школьнік і інш. Дзякуй усім, хто падпісаўся, але сабраных у красавіку подпісаў, на жаль, ня так многа, каб да нас прыслухаліся. Спадзяемся, што беларускія яўрэі яшчэ не згубілі гонару і здолеюць рашуча сказаць уладам, што знішчэнне помнікаў гісторыі і культуры, а тым больш сінагогаў - недапушчальнае! Збор подпісаў пад зваротам працягнецца да 31 мая 2002 г.

У Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Просім зрабіць усё магчымае, каб будынак сінагогі на вуліцы Дзімітрава, 3 ў Мінску быў адноўлены і вернуты іудзейскай абшчыне.
Прозвішча, ініцыялы адрас дата подпіс
                   
                   
                   
Калі ласка, разборліва запоўніце гэты купон або яго ксеракопію, выражце і дашлеце на адрас: 220068, Мінск, а/с 75. Можна падпісаць прапанаваны тэкст і на асобным аркушы паперы.


ХТО ЁСЦЬ КІМ НА "ЯЎРЭЙСКАЙ ВУЛІЦЫ" ?

     У мінулым нумары мы абяцалі пазнаёміць чытачоў з некаторымі звесткамі, што тычаць яўрэйскіх арганізацый Беларусі. На жаль, ня ўсе іхнія кіраўнікі адгукнуліся на нашыя пісьмовыя запыты, што здзіўляе: звычайна, чым больш нейкая арганізацыя мільгае ў СМІ, тым ёй больш карысці. Нават у атрыманых адказах адчуваецца, на нашу думку, залішняя стрыманасць. На якія патрэбы ідуць грамадскія грошы - і надалей, відаць, застанецца таямніцай для той самай грамадскасці. Таксама можна толькі пашкадаваць, што на беларускамоўныя запыты адказы ўсцяж даваліся па-руску - пэўне, нашыя "лідэры" яшчэ не даспелі да вывучэння беларускай мовы. Маем тое, што маем…
     Л. Левіну (Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх абяднанняў і абшчын), Ю. Дорну (Іудзейскае рэлігійнае абяднанне), Я. Гутману (Сусветнае згуртаванне беларускіх габрэяў) і Э. Парыжу (Абяднанне іудзейскіх рэлігійных абшчын) былі зададзеныя наступныя пытанні:
1. Колькі чалавек уваходзяць у Вашую арганізацыю? Колькі ў ёй штатных супрацоўнікаў?
2. Якім быў бюджэт Вашай арганізацыі ў 1999, 2000, 2001 гг.? З якіх крыніц ён папаўняецца? Якія асноўныя выдаткі Вашай арганізацыі?
3. З якімі дзяржаўнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь супрацоўнічае Вашая арганізацыя?
4. З якімі замежнымі арганізацыямі падтрымлівае стасункі Вашая арганізацыя?
5. Ці выкарыстоўваецца ў дзейнасці Вашай арганізацыі беларуская мова? Калі так, то ў якіх выпадках?
6. Ці ўдзельнічае Вашая арганізацыя якім-небудзь чынам у беларускай палітыцы?
7. Як Вашая арганізацыя ставіцца да прапановы П. Севярынца, аднаго з кіраўнікоў партыі БНФ "Адраджэнне", зрабіць 26 кастрычніка - дзень пакарання падпольшчыкаў у Мінску 1941 г. - агульнанацыянальным Днём памяці беларускіх партызанаў і падпольшчыкаў (Радыё "Свабода", 2.11.2001; "Рабочы", 8.11.2001)?
     Адказы Я. Гутмана і Ю. Дорна чытайце ніжэй. Замест Л. Левіна ліст чамусьці падпісала выканаўчая дырэктарка Саюзу В. Бруміна. Гэты ліст - на нашу думку, маленькі шэдэўр беларуска-яўрэйскага бюракратызму, Нам нават ня верыцца, што яго складала прыгажуня Віка. Пэўне ж, прыклаў сваю руку нехта з яўрэйскіх партбосаў мінулых часоў: чаго варты хаця б адказ на пытанне № 7 ("ты яму пра абразы, а ён табе пра гарбузы"). Зрэшты, дзякуй і за тое: хабадніцкі рэлігійны дзеяч Э. Парыж наагул устрымаўся ад адказаў.

Якаў Гутман (08.01.2002) Юры Дорн (21.02.2002) Вікторыя Бруміна (14.03.2002)
1. Во Всемирную ассоциацию белорусских евреев (ВАБЕ) входит около 4000 человек. Штатных сотрудников нет. 1. Иудейское религиозное объединение в Республике Беларусь (ИРО в РБ) охватывает своими программами свыше 23000 человек. В штате ИРО состоят 12 человек. 1. В соответствии с Уставом Союза Белорусских еврейских общественных объединений и общин членами СБЕОО являются не физические лица, а еврейские общественные объединения. (…) Для осуществления текущей деятельности СБЕОО на штатной основе работает несколько сотрудников.
2. Остается без ответа в силу конфиденциальности. 2. По финансовым вопросам мы предоставляем информацию только официальным юридическим лицам, имеющим право проверять финансовую деятельность ИРО в РБ. 2. В связи с тем, что вопросы бюджета СБЕОО относятся к финансовой деятельности, мы не имеем возможности доводить данную информацию до третьих лиц.
3. С государственными организациями Беларуси сотрудничество затруднено (…). В лучшем случае оно ограничивается ответами на письма. 3. Основными государственными организациями, с которыми сотрудничает наше Объединение, являются: Коми-тет по делам религий и национальностей при Совете Министров Республики Беларусь (далей "РБ" - рэд.), Департамент по гуманитарной деятельности при Президенте РБ, Администрация Президента РБ, Министерство спорта и туризма РБ, Комитет по охране историко-культурного наследия РБ. 3. СБЕОО сотрудничает со многими государственными учреждениями, такими как, например, Комитет по делам религий и национальностей при Совете Министров Республики Беларусь.
4. ВАБЕ поддерживает нормальные отношения с правительством, отдельными членами Конгресса США, мэрией Нью-Йорка, еврейскими газетами США: англо- и русскоязычными СМИ в США, организацией выходцев из Беларуси в Израиле. 4. Основные зарубежные организации-партнеры ИРО это - "Джоинт", "Сохнут", Всемирный еврейский призыв, проект по сохранению еврейского наследия в Восточной Европе, Конференция европейских раввинов, форум "Объединенная Беларусь", Объединение евреев-выходцев из Беларуси в Израиле и др. 4. СБЕОО сотрудничает со многими еврейскими международными организа-циями, имеет партнерские отношения с еврейскими общинами разных стран.
5. Нет 5. Белорусский язык в деятельности ИРО в РБ не используется 5. СБЕОО, являясь белорусской организацией, использует в своей деятельности по необходимости государственные языки Республики Беларусь - русский и белорусский.
6. Все, что делает ВАБЕ в Беларуси и США, имеет прямое отношение к политике. 6. В белорусской политике ИРО в РБ не участвует. 6. СБЕОО не является политической организацией.
7. Эта идея принадлежит мне и была озвучена 22 октября 1996 г. на рабочей встрече ученых США и Беларуси "1941 г. Новые факты", которую организовали в музее Великой Отечественной войны в Минске ВАБЕ и Вашингтонский музей Холокоста. (…) 23.10.2000 в штаб-квартире БНФ (…) состоялась пресс-конфе-ренция, где эта идея была доведена мною до представителей СМИ. 7. Предложение о том, чтобы объявить 26 октября - день расстрела минских подпольщиков в 1941 г. - общенациональным Днем памяти белорусских партизан и подпольщиков считаем уместным. 7. СБЕОО с уважением относится ко всем национальным праздникам, установленным в Республике Беларусь.
Адказы публікуюцца з захаваннем аўтарскай арфаграфіі і стылістыкі. Калі вы, шаноўныя чытачы, маеце свае пытанні да кіраўнікоў яўрэйскіх арганізацый - напішыце нам. Будзем шукаць адказы разам, прымушаючы паважаць сябе. Бо "не народ для ўрада", а якраз наадварот.
У рэдакцыю "АК" прыйшоў ліст ад беларускага пісьменніка Вячаслава Лапціка:

"Дарагое спадарства! Віншую Вас з выхадам у свет "АНАХНУ КАН". Думаю, што гэта выданне зможа карыстацца аўтарытэтам як у нас, так і за межамі краіны. Канешне, калі будзе ўздымаць надзённыя пытанні пражывання габрэяў у Беларусі, пастаянна зазіраючы ў глыбокую гісторыю Вашага народа на планеце. А там, у якое стагоддзе не глянеш, менавіта з габрэйскім народам звязана столькі адкрыццяў і дасягненняў, столькі легендаў і паданняў!
Мне павязло нядаўна пабываць у Ізраілі, пазнаёміцца са Святой зямлёй. Па вяртанні напісаў кнігу эсе і навелаў, адно з якіх, "Сцяна плачу" (думаю, сам загаловак гаворыць за сябе) можа падыйсці да Вашага выдання. Бо сюжэт выбудаваны па-свойму арыгінальна: ёсць сённяшні габрэй з маёй чалавечай сімпатыяй да яго і поўным паразуменнем яго памкненняў…"
Эсе сапраўды падыйшло. Адно што, з-за недахопу месца, мы вымушаныя былі зрабіць пэўныя скарачэнні.

СЦЯНА ПЛАЧУ


     Наша група рухалася каля крапасных сцен, па каменных прыступках спускалася ў бок тысячагадовых муроў, дзе штодзень пляц бурліць ад іудзеяў з доўгімі і густымі бародамі, а насустрач нам крочыла мноства паломнікаў, счырванелых турыстаў, засяроджана-панурых багамольцаў. Пры-пыніліся на высокай пляцоўцы, адкуль, як на далоні, бачылася ўся плошча Заходняй сцяны.
     Народ на плошчы нібы раздзяліўся на дзве паловы. Злева стаялі ў цесным яднанні і маліліся мужчыны. Хтосьці выражаў свае эмоцыі ціха і маўкліва, а некаторыя звярталіся да Госпада занадта эмацыянальна, пачынаючы ад жэстыкуляцыі і заканчваючы пранізлівымі словавыразамі. Справа групаваліся жанчыны.
    Жадаючых прабіцца да Сцяны сабралася зашмат. Але ўсіх туды не пускалі, баючыся тэрарыстаў і ўсялякіх недалужнікаў. Уваход за метраў дзвесце перакрываў барер з кампютэрным пеленгатарам, які высвечваў тыя металічныя штучкі, якія людзі мелі з сабой у кішэнях, сумачках ці скрутках. Дзве вабныя ізраільцянкі, месцам працы для каторых лепш за ўсё зяўлялася б сцэна тэатра, а не гэты стык разнашэрстнай масы людзей, з аўтаматамі напагатове стаялі тут жа, каля ўваходу і засяроджана пераглядалі кішэнную маёмасць кожнага.
    Я прайшоў уважлівую праверку, доўга патрасаючы над барерам звязкай сваіх мінскіх ключоў. Ахоўніцы прапусцілі мяне туды, далей, на вялізную плошчу. І раптам я спыніўся, як укапаны. Бо вось так раптоўна, як кажуць у нас на Мядзельшчыне - ні з таго - ні з сяго - зусім нечаканая думка прыйшла ў галаву. Паглядзеў я на іудзеяў і запаланіла мяне гэта думка ўсяго, быццам варам хто абліў. Мне хтосьці цвердзіць так ласкава, але з доляй настойлівасці на роднай беларускай мове: "Паглядзі на іх, на гэты некалі няшчасны і разбіты народ! Як яны акрыялі, як яны вераць, жывуць і моляцца Госпаду! А ты, беларус? Нават сувеніры са Святой зямлі набыць не можаш?"
    І нейкі другі голас, нечы чужы, быццам адчуваючы свайго непрыяцеля, злосна пярэчыць, але зноў жа - на маёй роднай мове: "Чаго ты імі ўміляешся? Няма каго хваліць. Яны - пранырлівыя і дзелавыя, таму і паядналіся, утварылі сваю дзяржаву…"
    Праходзяць дзве-тры секунды - і зноў даносіцца да мяне той голас, першы. Душой адчуваю, што гэта мае думкі, таму голас спакойны і лагодны: "Адзін раз у жыцці памаліся тут, каля славутай Сцяны… Уваж пакутнікаў-іудзеяў, апусці галаву, стань плячо ў плячо з гэтым старажытным народам зямлі нашай і, нарэшце, уваж самога сябе… Тут разам з імі звярніся да Бога…"
    І другі голас, той жа, зласлівы, пярэчыць з нейкай доляй горычы: "Заціхні! Яны для цябе чужыя і нават варожыя. Не хачу і не буду! Сказаў не - значыць не! І ніяк ты мяне не выправіш, хоць лопні!"
    Двое аматараў дыскусіі неяк аддаліліся і сплылі. Я і цяпер не хачу паглыбляцца ў разважанні пра анёлаў боскіх і чорных, пра сілы зла і дабра, бо стараюся звяртацца ў сваіх задумах толькі да Бога і абыходзіць усялякую містыку бокам. А тады…
    Я пайшоў да Сцяны плачу. Перакананы, што раблю правільна. Настолькі быў паглыблены ў свае думкі, што па дарозе спакойна абмінуў доўгі столік з двума дзяжурнымі, якія ўсім па чарзе выдавалі чорненькія шапачкі на самую макушку - ярмолкі. Наблізіўся ўшчыльную да Сцяны, стрымана пакруціўся сярод тых, хто маліўся, каб нікога не таўхануць, выбраў для сябе месца, больш-менш не забітае народам, уціхара і непрыкметна, каб не наклікаць пярэчанняў іудзеяў, перажыгнаўся і пачаў маліцца.
    Раптам я ўздрыгнуў ад нечаканасці: нешта лёгка шлёпнула па маёй галаве, якраз па самой макушцы. Рэзка павярнуўся назад і сустрэўся з дакорлівым позіркам пажылога яўрэя. Праўда, на яго твары я ўбачыў і лёгкую ўсмешку, маўляў, а-я-яй, што вы, малады чалавек, да таго ж яўна не іудзей, у нас замудрылі?.. Пажылы мужчына ад таго доўгага століка, дзе ўсім выдавалі ярмолкі, заўважыў, што адзін нейкі небарака моліцца ля Сцяны плачу без галаўнога ўбору, таму прынёс мне і надзеў на галаву неабходную шапачку.
    Гэты чалавек быццам адчуў боль маёй душы і зразумеў, што менавіта мне, выхадцу з далёкай Беларусі, варта звяртацца да Бога найбольш, як нікому з велізарнейшага натоўпу турыстаў, якія ля Сцяны і не маліліся. І маліць Госпада, не заціхаючы, прасіць безперастанку.
    Потым я адшукаў у сваім партманеце чыстую паперчыну і напісаў нашаму Госпаду свае прашэнні. Вывеў тэкст уціхара, нікому не паказваючы, хаця каб хто яго ўбачыў, то нічога не зразумеў бы, бо пісаў я на сваёй роднай беларускай мове. Старажытныя муры патыхалі даўні най і вечнай неадольнай сілай. Я пашукаў між муроў тоненькі паз або дзірачку, куды можна было б запхнуць сваё прашэнне. Аднак усе шчылінкі паміж векавых камянёў былі густа пазапіханы тысячамі, сотнямі тысяч запісак з усяго свету, канешне ад яўрэяў, якія так нацярпеліся ўсялякай нечысці і апошні паратунак бачылі толькі тут, у прашэнні да Бога. Такога вечнага Заступніка і магутнага Збавіцеля.
    Нарэшце, адшукаў свабоднае месца ўнізе вялікага абчасанага валуна, куды я акуратна і засунуў сваё пасланне. Так тут прынята - няхай так і будзе.
    Пасля гэтага я адчуў сябе самым акрылёным і шчаслівым чалавекам. І не толькі таум, што жыў на велічнай і такой старажытнай зямлі. Бо таму яшчэ, што Папа рымскі Ян Павел II на Святой зямлі здзейсніў нечаканы крок. У час свайго візіту ён падышоў да Сцяны плачу і адслужыў там вялізны малебен. Цвёрда заявіўшы пра тое, што Бог ва ўсіх нас адзін, таму не мае значэння, дзе яму молішся…
    Менавіта падобнымі развагамі кіраваўся і я…

Вячаслаў Лапцік.
--------------------------------------------------------------------------------------------

Гэтыя радкі дасланыя з блізкага нам і геаграфічна, і духоўна горада Барысава, які сёлета адзначае сваё 900-годдзе:
"З задавальненнем чытаю Вашу газету. Жадаю павелічэння тыражу і цікавых матэрыялаў. Можа так стацца, што на старонках "Анахну кан" знойдзецца куток і для гэтых не зусім паэтычных вершаў."
Дзякуй, Рамане, як кажуць, "Вашымі малітвамі…". Куток для верша мы адшукалі.

МОЛИТВА ЗА ОТЪЕЗЖАЮЩИХ
Мы его под утро провожали,
Чарку пригубив на посошок
И в вагон с пожитками толкали -
Он на Ближний уезжал Восток.

Уезжал он навсегда в Израиль,
Он не знал, что будет впереди
И звенели, в два ряда мерцали,
Тусклые медали на груди.

Верь, дружище: будет солнце в небе,
Старики начнут иврит учить,
А в субботу мой знакомый ребе
Будет Бога-Господа молить,

Чтобы вас болезни миновали,
Чтоб сады весною зацвели,
Чтобы никогда не забывали
Отроков израненой земли,

Так молись, чтоб мир был в этом доме,
Чтобы вечно жил Иерусалим,
Так проси же, ребе мой знакомый,
Чтобы счастье обрели олим*.

Но и Беларусь не забывайте,
Пусть живет родная сторона!
В праздники и в будни надевайте
Политые кровью ордена.

               Роман Рубинчик.

*Олим - иммигранты в Израиль, дословно "поднимающиеся" (иврит).

Былы барысаўчанін Аляксандр Разенблюм, які жыве ў Ізраілі з 1996 г., стварыў сайт, прысвечаны роднаму гораду: www.borisov2002.boom.ru. Спіс 100 знакамітых ураджэнцаў Барысава, цікавыя фотаздымкі - усё тут ёсць. Вельмі раім наведаць!
****************************************************************************************************************************

Да свята Перамогі над нацыстамі мы друкуем на ідыш "Гімн яўрэйскіх партызанаў" віленскага змагара Гірша Гліка. Глік загінуў у 1943 г. (па іншых звестках, у 1944 г.), калі яму было 23 гады, але справа яго жыве. І гімн жыве: яго дагэтуль спяваюць былыя вязні гета.

ГИМН ЕВРЕЙСКИХ ПАРТИЗАН
Поется на мотив песни "То не тучи, грозовые облака", сочиненной бр. Покрассами.

Не считай свой путь последним никогда,
Вспыхнет в небе и победная звезда,
Грянет долгожданный час и дрогнет враг,
Мы придем сюда, чеканя твердо шаг.

С южных стран и стран у северных морей
Мы здесь вместе в окружении зверей.
Где хоть каплю нашей крови враг прольет,
Наше мужество стократно возрастет.

Солнца луч озолотит сегодня день,
Уничтожим мы врага и вражью тень,
Если мы не отомстим за нашу боль,
Полетит к потомкам песня как пароль.

Песню кровью написал своей народ,
Птица вольная так в небе не поет.
С кровоточащею песней на устах
Мы идем вперед с наганами в руках.

Так не считай… (см. первый куплет)

Перевод с идиша: А. Бартгейл, Пермь
http://jew.spb.ru/A-209/A-209-81.htm

=======================================================================================
Поздравляю с днем рождения своего дедушку, Израиля Мордуховича Элентуха. 25 мая ему исполняется 90 лет.
Желаю крепкого здоровья и долгих лет жизни. Держись, дед, прорвемся! Твой внук Саша.
====================================================================================
ГАЗЕТА ПІСАЛА…
"Курапаты: яўрэйскі аспект" ("АК" № 1, люты 2002 г.)

     У тым артыкуле мы нагадалі пра неабходнасць увекавечання яўрэйскіх ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах, што пад Мінскам. З намі скантактаваўся журналіст Марат Гаравы. Ён мяркуе, што ў Курапатах у перспектыве паўстане нацыянальны некропаль герояў супраціву і ахвяраў рэпрэсій: "Курапаты трэба агародзіць. Вакол брамы маглі б зявіцца памятныя знакі розных канфесій, у тым ліку іўдзейскай, а недалёка ад лесу - музей трагедыі беларускага народу ў XX стагоддзі."
     Мы папрасілі Сендэра Урыцкага, галоўнага рабіна Іудзейскага рэлігійнага абяднання ў Рэспубліцы Беларусь, патлумачыць, якім мусіць быць помнік яўрэям, што загінулі ад куль катаў у 1937-1941 гг. побач з беларусамі, рускімі, палякамі, татарамі… Р. Урыцкі ня быў вельмі красамоўным: "У мяне, як у веруючага яўрэя, спецыфічнае стаўленне да вялізных мемарыяльных комплексаў: лічу, што помнік павінен быць спакойным, сціплым. Нейкі камень або пліта. Каб мяне папрасілі выказацца наконт канкрэтнага праекту, ці не супярэчыць ён нашым традыцыям, Галахе, я б выказаўся".
     Тым часам, паводле газеты "Народная воля" (14.03.2002) заслужаны архітэктар Беларусі, яўрэйскі грамадскі дзеяч Леанід Левін сказаў, што "схіляецца перад моладдзю, якая абараніла Курапаты ад канчатковага разбурэння". Слушныя словы, хоць і са спазненнем вымаўленыя - моладзь у Курапатах пачала ставаць на шляху бульдозераў у верасні 2001 г. Ну што ж, лепей позна, чым ніколі.
--------------------------------------------------------------------------------

ПОКАЗКІ


Гэтым разам усяго адна досыць барадатая показка з беларускага інтэрнет-парталу "Дзед Талаш" dt.home.by. Які Талаш, такія й показкі …

Каб прасунуцца па службе, Рабіновіч і Хаімовіч вырашылі прыняць праваслаўе. Абодва баяліся цырымоніі хрышчэньня і кожны адцягваў працэдуру на потым, спадзяючыся, што другі абароціцца першым. Так мінула некалькі месяцаў. Нарэшце вырашылі кінуць жэрабя. Паводле жэрабя Рабіновіч мусіў ісьці першым. Са сьлязьмі на вачах Рабіновіч абняў сябра і ўвесь дрыжучы са страху ўвайшоў у царкву. Хаімовіч застаўся звонку.
Праз дваццаць хвілін Рабіновіч выйшаў, пацягнуўся і запаліў цыгарэту. Хаімовіч падбег да новаабарачонага і запытаўся:
- Ну! Ізя! Як яно было?
- Па-першае я табе ня Ізя, а Іван, а па-другое, жыдоўская мыса, растлумачыў бы ты мне лепш, чаму вы ўкрыжавалі нашага Хрыста?!!


ЗАГАДКІ "Анахну кан"


1. Хто са знаных беларуска-яўрэйскіх мастакоў неаднойчы перамалёўваў сцягі на сваёй карціне "Святочная раніца" - з чырвоных на бел-чырвона-белыя, з бел-чырвона-белых на ніякія - у залежнасці ад палітычнай канюнктуры?
     а) Ізраіль Басаў;
     б) Марк Шагал;
     в) Май Данцыг.
2. Як вядома, у суботу іудзеям забаронена ездзіць у транспарце і наведваць могілкі. Хто з сучасных беларускіх яўрэйскіх дзеячоў аднойчы арэндаваў у суботу аўтобус і павез членаў сваёй "рэлігійнай абшчыны" глядзець месцы пахаванняў рабінаў?
     а) Якаў Гутман;
     б) Якаў Басін;
     в) Эдзік Парыж.
3. Якая беларуская яўрэйская газета яшчэ ў 1999 г. паабяцала, што будзе выходзіць у версіі Інтэрнэт, але дагэтуль ня выйшла?
     а) "Авив";
     б) "Берега";
     в) "Анахну кан".

Адказы дасылайце на адрас рэдакцыі. Той, хто разгадае ўсе загадкі, зможа прэтэндаваць на прыз! Таксама чакаем загадак ад чытачоў.


IN MEMORIAM


11 мая мінае два гады, як у Мінску памерла лінгвістка Соня (Шпрынца) РОХКІНД, ураджэнка мястэчка Талачына (1903-2000).
Калісьці па кансультацыю наконт напісання нейкага слова на ідыш я звяртаўся да Софі Львоўны Рохкінд. Каму ж было давяраць больш, чым ёй: яна ж склала (разам з Г. Шклярам) першы ідыш-рускі слоўнік, якім карысталіся яўрэі ўсяго свету. Яна заўжды давала хуткі адказ, але адна справа, калі патэлефанаваць ёй, так бы мовіць, па справе, а зусім іншая - адведаць яе ў хаце. Распавядзеш ёй што-небудзь смешнае - і ў якім бы гуморы яна ні была, пасмяецца гэтак добра, ад душы, што хоцькі-няхоцькі і сам рассмяешся. У найбольш цяжкія часіны з ёй было весела. Усе яе сябры ведалі, што ніякага гасцінцу ня варта ёй несці, бо ня возьме, трэба толькі падрыхтаваць нейкую смяшынку. Будучы хворай і адзінокай, Рохкінд старанна працавала, каб стварыць зборнік яўрэйскіх прыказак і прымавак. Адчуваючы, што ня здолее захаваць і апублікаваць багаты матэрыял, яна аддала яго маладому чалавеку, і я спадзяюся, што ён завершыць яе справу. У апошнія гады жыцця яна зусім аслепла ды аглухла, аднак наведнікаў усё ж неяк пазнавала і радавалася іхнім візітам. Добрым чалавекам была, і царства ёй нябеснае. Яна гэта заслужыла.
РЫГОР РЭЛЕС.
* * *
110 год таму ў Бабруйску нарадзілася выдатная лінгвістка Рахель МАХЛІНА (1892-1976). У 1937-1954 гг. - у савецкіх турмах і лагерах. З 1969 г. - у Ізраілі.
=============================================================================================================================================      В деревне ЧЕРНЕВКА Борисовского района Минской области предполагается создание мемориала евреям -жертвам нацизма. Просим откликнуться всех, кто жил в Черневке до войны, а также родственников погибших.
========================================================================================
Адрас для лістоў: Беларусь, Мінск, 220068, а/c 75. (Belarus, Minsk-68, P.O. Box 75). Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванняў аўтараў, друкаваць артыкулы дзеля палемікі. Рукапісы не вяртаюцца. Надрукавана 01.05.2002. Тыраж 291 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск - У. П. Рубінчык (rubinchik@lycos.com). Усе правы на матэрыялы "Анахну кан" захоўваюцца за аўтарамі. Неафіцыйная старонка "Анахну кан" у Інтэрнэце - на сайце "Гісторыя беларускіх яўрэяў", http://beljewhist.virtualave.net/akan.html. Газета распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах.
=========================================================================================



Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il