Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








АНАХНУ КАН ("Мы тут").

Незалежная яўрэйская газета. Выдаецца ў Мінску на беларускай і іншых мовах.

Нумар 1. ЛЮТЫ 2002 / ШВАТ 5762

АД РЭДАКЦЫІ.

     Месяц таму выйшаў пробны нумар нашай газеты, які атрымаў сякі-такі розгалас у Беларусі і за мяжой. Мы ўдзячныя ўсім, хто адгукнуўся і, так ці іначай, зрабіў нам рэкламу. Прадстаўляем на суд чытачоў нумар першы.
     Мы па-ранейшаму абапіраемся на прынцыпы свабоды і праўдзівасці. Камусьці гэта, мабыць, не падабаецца - аднак мы й не планавалі ўсім падабацца. Галоўнае - мець твар і выконваць пэўную сацыяльную функцыю. Як сведчаць водгукі на пробны нумар, мы тую функцыю больш-менш выконваем. Будзем і надалей зачапляць вострыя тэмы, на якія існуючыя яўрэйскія выданні або зусім ня пішуць (праблемы Курапатаў), або падаюць інфармацыю праз ружовыя шкельцы.
     Сумнаватым атрымаўся гэты выпуск - і Курапаты, і Зембін. А што рабіць, калі разбурэнне следуе за разбурэннем. Здавалася б, пачатак новага тысячагоддзя - ня той час, калі цемрашальства мусіць трыюмфаваць. Ды па-ранейшаму стаяць нашыя калодзежы запляваныя…
     Час беларускім яўрэям усвядоміць сябе сілай. Хай не палітычнай, але - чымсці неадъемным ад зямлі Беларусі. Без павагі да сябе, натуральна, ня будзе й павагі з боку іншых. Хоць яўрэйскага насельніцтва ў краіне ўсё менее а менее, і з 28 тысячаў яўрэяў тры гады таму добра калі 25 засталося. "Паміраць збірайся, а жыта сей" - нават калі нас чакае ўсеагульны зыход, у чым, зрэшты, пэўнасці няма, мы яшчэ год 10 будзем тут ("анахну кан"!). Мы ня лепей за астатніх жыхароў, але і ня горай. Нам патрэбныя школы, музеі, прэса, мажліва, прадстаўнікі ва ўладзе. Пакуль што бракуе ўсяго. Нават у Літве, дзе яўрэяў зусім жменька, ёсць яўрэйскі музей, а ў Беларусі - няма. Дык трэба стварыць, балазе матэрыялаў - процьма. У якасці экспанатаў можна было б прэзентаваць нават некаторых "яўрэйскіх лідэраў" (жарт).
     Нулявы нумар мы рыхтавалі ў час суворай гарадской сцюжы. Першы выходзіць, па беларускім каляндары, яшчэ зімой, у лютым, а па яўрэйскім - у напалову веснавым месяцы шват. Таму віншуем чытачоў з вясной. А раптам "АК" і ёсць той ластаўкай, якая прынясе вясну на нашу "яўрэйскую вуліцу"?

ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ

     Паважаныя чытачы! Паверце - ня ў нашых інтарэсах ператвараць "Анахну кан" у "тэатр аднаго акцёра". Дасылайце нам свае допісы, артыкулы, вершы - хоць на беларускай, хоць на рускай, хоць на яўрэйскіх мовах, абы добрай якасці. Разам мы зробім "АК" цікавейшай!
     Матэрыял пра барбарскае разбурэнне будынка мінскай сінагогі на Дзімітрава, 3, змешчаны ў пробным нумары газеты, выклікаў супярэчлівыя меркаванні чытачоў. "Трэ? было абаронцам сінагогі не на пікет ісці, а падаваць у суд, рабіць іншыя абгрунтаваныя юрыдычныя захады, таксама звязацца з расійскім тэлебачаннем, з Паўлам Шараметам…" - лічыць Ф. Б. А другі мінчанін, У. К., параіў наладзіць сустрэчу кіраўнікоў яўрэйскіх арганізацый у Камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасцей, каб супольна дабіцца аднаўлення сінагогі. Мы, канешне, абедзвюма рукамі "за". Пытанне тут адно: ці пагадзяцца нашыя шаноўныя кіраўнікі хаця б сесці разам за стол перамоваў? У верасні 2001 г. дзеля гэтага мы сабралі больш за 100 подпісаў жыхароў Мінска, а толку аніякага. Ну ня хочуць мірыцца Іван Іваныч з Іванам Нікі… даруйце, Леанід Мендзелевіч з Юрiем Міхайлавічам. Як кажуць у Вушачах, на радзіме народнага паэта Барадуліна, "хоць усрацца, а не падацца".
     Наша мінская чытачка Сіма Марголіна зычыць газеце шырокай аўдыторыі ды высокага аўтарытэту, але заўважае: "К сожалению, не успев родиться, газета уже носит откровенно оппозиционный характер по отношению к уже выходящим еврейским газетам, да не только газетам, ко всему и вся… Не отпугивайте будущих читателей. Поменьше агрессивности".
     Дзякуй за параду, Сіма Міхайлаўна. Адно што не варагуем мы ні з тутэйшымі яўрэйскімі выданнямі, ні з "лідэрамі". Мы - не апазіцыя, мы - пазіцыя. Калі тыя ж Левін, Дорн або Парыж пажадаюць выказаць свае думкі па спрэчных пытаннях на старонках "Анахну кан" - ласкава запрашаем.

НАВІНКІ

     У панядзелак, 14 студзеня 2002 г., не пашчасціла прэзідэнту Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх абъяднанняў і абшчын Левіну Л. М. "При всем честном народе" (сабралося чалавек сорак) ён вымушаны быў выканаць рашэнне суда і абвергнуць ілжывыя звесткі пра Гутмана Я. Б., аднаго са сваіх калегаў па яўрэйскім руху. Іудзейскае традыцыйнае заканадаўства забараняе "лашон га-ра" - хлусню і плёткі, беларускае сучаснае - таксама. Раней сп. Гутман праз суд дамогся штрафаў і афіцыйных прабачэнняў ад шэрагу іншых брыдкасловаў з канторы тав. Левіна.
     15 студзеня міністр замежных справаў Украіны А. Зленка на канферэнцыі ў Досе (дзяржава Катар) прапанаваў Кіеў у якасці месца для сустрэч ізраільцянаў і палестынцаў. Хто толькі іх ужо не мірыў - і Нарвегія, і Японія… Можа, цяперака і Беларусі паспрабаваць?
     Як нам пацвердзіла Іна Герасімава, адказная супрацоўніца Амерыканскага яўрэйскага аб?яднанага размеркавальнага камітэта ("Джойнт") у Рэспубліцы Беларусь, ейная арганізацыя ў 2002 годзе скараціла фінансаванне праграм у Беларусі на 50 %. Гэткае рэзкае скарачэнне спадарыня Герасімава тлумачыць пагаршэннем міжнароднага становішча, якое прымушае амерыканскіх спонсараў дапамагаць перадусім Ізраілю, а не яўрэям у краінах СНД.
     31.01.02 у памяшканні Беларускага фонда міру адбылася прэс-канферэнцыя: "Сінагога на Дзімітрава, 3 у Мінску - мінуўшчына, сучаснасць, будучыня". "Унікальным па нахабству" назваў разбурэнне сінагогі сп. Дзянісаў, беларускі гісторык і архівіст. На жаль, маса запрошаных дзяржаўных чыноўнікаў сустрэчу праігнаравала.
Ліст у рэдакцыю

     Уважаемая редакция газеты "Анахну кан"!
     Семь лет я был читателем библиотеки при МОЕКе им. И. Харика. Сейчас она закрыта. Более полугода книги пылятся в подвале. Стоит ли напоминать, что евреи - народ Книги? А тут речь идет об уникальном собрании книг на идиш, отражающих нашу историю. Многие фолианты являются раритетами (ранние издания Шолом-Алейхема; тексты Священных Писаний). Думаю, что пора решать судьбу этих книг, потому что холодный подвал их портит. Я хочу спросить, кому они теперь принадлежат: руководству МОЕКа или всем евреям Беларуси? Ведь книги были подарены библиотеке, чтобы ими могли пользоваться люди? Можно ли возродить библиотеку в прежнем виде? Что делать с книгами, которые являются культурно-исторической ценностью? Летом 2001 г. мы, читатели, предлагали на базе библиотеки создать Музей Еврейской книги. Но это предложение не было поддержано руководством МОЕКа. Складывается впечатление, что судьба книг (наша судьба) никого не волнует?!
Александр Элентух, Минск..


     Ад рэдакцыі. Мы адрасуем пытанні, узнятыя ў лісце, афіцыйнай прадстаўніцы "Джойнта" ў Беларусі А. Розен і Я. Басіну, які дэ-факта выконвае функцыі старшыні Мінскага аб?яднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка (МОЕК).
Курапаты: яўрэйскі аспект


     У Беларусі пра Курапаты ведае кожны. Пра гэтае месца ня ведаць нельга.
     Расследаванні, праведзеныя беларускімі археолагамі і Пракуратарай, высновы ўрадавай камісіі ў канцы 1980-х - пачатку 1990-х гг., сведчаць, што ў лясным масіве, які мяжуе з мінскім мікрараёнам "Зялёны Луг-7", ляжаць рэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Хто-ніхто з ідэалагічна ангажаваных гісторыкаў ня мог пагадзіцца з гэткім "ачарненнем савецкай рэчаіснасці". Спрабавалі давесці, што ў Курапатах ляжаць ахвяры нацыстаў - яўрэі з Мінскага гета. На гэта іх апаненты нібыта апраўдваліся: "Каб там ляжалі ахвяры Халакосту, ізраільская разведка б ужо даўно пра гэта ведала". Як быццам ізраільцяне - ісціна ў апошняй інстанцыі. Як быццам недастаткова было знойдзеных рэчавых доказаў, сведчанняў пра стрэлы ў 1937-1941 гг. У снежні 2001 г. беларуская пракуратура пацвердзіла высновы дзесяцігадовай даўніны.
     Вядомыя прозвішчы трох растраляных. Двое з іх - нашыя супляменнікі, Мардэхай Шулескес і Мойша Кранэр (Наша Ніва, 17.12.2001). Ад куль НКВДзістаў гінулі ўсе. Сяляне, рабочыя, гандляры, паэты, беларусы, палякі, рускія, яўрэі... Людзі. Многа тысячаў чалавек. Нават залішне казаць, што ахвярам Курапатаў патрэбны годны помнік, гэтаксама, як ахвярам Мінскага гета, Трасцянца… Аднак з-за складанасцей "пераходнага перыяду" ў 1990-я гг. у Курапатах зъявіліся толькі шыльды, якія не адлюстроўваюць маштабу трагедыі.
     7 жніўня 2001 г. А. Лукашэнка выдаў распараджэнне № 235 аб паскарэнні будаўніцтва Мінскай кальцавой дарогі. Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у верасні 2001 г. у Курапаты прыйшлі будаўнікі, якія пачалі пашыраць трасу па лесе, нават ня маючы зацверджанага праекта. Натуральна, большасцю нармальных людзей гэта было ўспрынята як акт вандалізму - прыкры яшчэ й таму, што яго ініцыятары казалі пра "эканамічную мэтазгоднасць" праекта пашырэння дарогі. Няўжо ж усё вымяраецца грашыма? І ці можна на могілках пабудаваць, напрыклад, казіно?
     Заўважым, што наступ на Курапаты і на старасвецкі будынак сінагогі ў цэнтры Мінска па вуліцы Дзімітрава, 3, ішоў адначасова. Беспадстаўнае выключэнне сінагогі са Спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей адбылося менавіта 7 жніўня. Разбурана яна была рыхтык тады, калі бульдозеры пляжылі Курапаты - у канцы верасня 2001 г. Выпадковасць або злосны намер? Невядома, але калі-небудзь гісторыкі абавязкова развяжуць гэты вузялок.
     Як праявілі сябе беларускія яўрэі? Што чакае Курапаты? Пра гэта разважаюць два чалавекі, якія - кожны па-свойму - супрацьстаялі жудаснай інэрцыі разбурэння восенню 2001 г.
     Севярынец Павал, 25 год - намеснік старшыні апазіцыйнай партыі Беларускага народнага фронту "Адраджэнне". Ён жа - кіраўнік незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" і член грамадскага журы, якое будзе адбіраць праект мемарыялу. Журы было ўтворанае ў канцы 2001 г. У яго ўвайшлі вядомыя беларускія мастакі, палітыкі.
     - Спадар Севярынец, чым асабіста для Вас зъяўляюцца Курапаты?
     - У першую чаргу - памяццю, сімвалам агульнанацыянальнай трагедыі. Агульнай, больш чым прыватнай, хоць у маёй сям?і таксама ёсць пацярпелыя ад рэпрэсій. Бабуля трапіла ў сталінскія лагеры. Нягледзячы на гэта, яна вярнулася адтуль адданай камуністкай. Можа, гэта якраз самае трагічнае.
     - Што зрабіў Малады фронт у Курапатах?
     - У верасні 2001 г. мы пачалі бестэрміновую акцыю, якая працягваецца ўжо чатыры месяцы. Маладафронтаўцы першыя ўсталявалі намёты, каб супрастаяць бульдозерам. Дагэтуль некалькі чалавек з Маладога фронту прыходзяць у намёты ды бароняць Курапаты разам з сябрамі "Зубра" і партыі Свабоды (незарэгістраваныя апазіцыйныя рухі - аўт.).
     - Ці дапамагалі абаронцам якім-небудзь чынам прадстаўнікі яўрэйскіх арганізацый?
     - Цяжка сказаць. У Курапатах зъяўляўся хіба Якаў Гутман - дастаткова часта, у вострыя моманты. Гэта было істотнай дапамогай.
     - Якім Вы бачыце помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій?
     - Ёсць некалькі праектаў: Івана Місюры, Маі Кляшторнай, мастакоўскі… Будзе асноўны памятны знак і агульны мемарыял: у прыватнасці, крыжы вакол Курапацкага леса. Мы іх шмат паставілі, і яны застануцца. Міліцыянты іх ужо не чапаюць.
     - Ці згодныя Вы, што мемарыял мусіць уключаць элементы, якія нагадвалі б пра яўрэйскія ахвяры?
     - Безумоўна. Мы ў журы ўвесь час гаворым, што мемарыяльны комплекс мусіць адпавядаць патрабаванням усіх канфесій. Пра яўрэйскія ахвяры, напрыклад, магла б нагадваць зорка Давіда… Але я ня чуў, каб нехта з яўрэйскіх дзеячоў прапаноўваў свае варыянты праекту.
     Якаў Гутман, 56 год - адзіны з яўрэяў, хто ў верасні 2001 г. падпісаў калектыўны ліст беларускай грамадскасці ў абарону Курапатаў.
     - Спадар Гутман, чым для Вас асабіста зъяўляюцца Курапаты?
     - Перш за ўсё - месцам пахаванняў людзей. Але Курапаты - ня проста могілкі. Тут ляжаць тыя, каго знішчыў рэжым. Таму гэтае месца заслугоўвае і патрабуе дадатковай павагі.
     - Што Вы зрабілі для абароны Курапатаў?
     - Досыць мала. Мне аказалі гонар, прапанаваўшы падпісаць зварот грамадскай ініцыятывы "За ўратаванне мемарыялу Курапаты", з якога "афіцыйна" пачалася кампанія абароны. Я браў удзел у некалькіх пасяджэннях гэтай ініцыятывы, "круглых сталах", тройчы прыязджаў у Курапаты, пасядзеў там у намёце.
     - Як Вы ацэньваеце дзейнасць абаронцаў?
     - Станоўча. Прынамсі, тыя хлопцы, якія клаліся пад бульдозеры, зрабілі ўсё, што маглі. Яны прыпынілі будаўніцтва дарогі, далі магчымасць археолагам даследаваць прыдарожную паласу, а грамадскім дзеячам - дамовіцца з уладамі аб упарадкаванні тэрыторыі Курапатаў. Улады пайшлі на саступкі, і гэта галоўнае.
     - Чаму, на Ваш погляд, кіраўнікі яўрэйскіх арганізацый Беларусі і рэлігійныя лідэры фактычна праігнаравалі праблему Курапатаў?
     - А чаму яны фактычна праігнаравалі разбурэнне сінагогі на Дзімітрава? Большая частка гэтых людзей глядзіць у рот уладам. А ўлады да апошняга часу вагаліся - прызнаваць, што ў Курапатах ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій, альбо не.
     - Якім, на Вашу думку, павінен быць помнік ахвярам?
     - У мяне няма праекта. Гэта павінны вырашаць спецыялісты. Аднак калі мемарыял, укрывай Б-г, будзе супярэчыць іудзейскім традыцыям, я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, дзеля яго ўдасканалення. Звярнуся да рабінаў, каб тыя выказаліся, неяк паўплывалі на выбар помніка.
* * * * *

     Дзякуючы абаронцам, што днявалі і начавалі ў халодным лесе, Курапаты, у адрозненне ад сінагогі на Дзімітрава, восенню 2001 г. не былі знішчаныя цалкам. Тым ня менш, пашырэнне дарогі працягваецца. Яно мусіць быць скончанае ў лістападзе 2002 г.
     Мой дзед, Вульф Залманавіч Рубінчык, прайшоў усю вайну і памёр у 1951 г. ад ранаў. Ён быў пахаваны на яўрэйскіх могілках у Мінску. У 1965 г. гэтыя могілкі, праз намаганні тагачасных гарадскіх уладаў, былі знесеныя. Нехта з мінскіх яўрэяў спрабаваў пратэставаць, але марна. Такі быў час… На абарону Курапатаў выйшлі, збольшага, амаль дзеці (сярэдні ўзрост маладафронтаўцаў - 18 год), гатовыя легчы пад бульдозер за сваіх продкаў. Значыць, нешта ў Беларусі зрушылася за трыццаць з лішнім год. Значыцца, яна ўжо ня будзе "Советской Белоруссией".
Вольф Рубінчык.


Ад рэдакцыі. Цяпер часіны таксама складаныя. І тых дзяўчат і юнакоў, якія, нягледзячы на ўціск, дзяжурылі і дзяжураць у Курапатах, мы, беларускія яўрэі, мусім толькі вітаць. Скажам ім вялізны дзякуй, бо яны бароняць спакой і нашых продкаў. Няма сумневу, што помнік у Курапатах паўстане. Якім ён будзе? На жаль, кіраўнікі яўрэйскіх арганізацый або маўчаць на гэты конт, або, як Л. Левін, цешацца банальнасцямі кшталту "Не абавязкова вельмі грандыёзным па плошчы ці па структуры, але абавязкова грандыёзным па ідэі і мастацкім увасабленні" (Культура, 19.01.2002). Калі хтосьці з нашых чытачоў мае канкрэтныя прапановы, як увекавечыць памяць яўрэяў, загінуўшых ад сталінскіх рэпрэсій, - напішыце ў "Анахну кан".

Бяздушша ёсць бяспамяцтва працяг.
На знесеных кладах садок разбілі.
Прахожы, вы прыселі на магіле.
Не мулка вам сядзіцца на касцях?


Фелікс Баторын, 1995
ЯШЧЭ АДНА СТРАТА


    Зембін… Старажытнае мястэчка, у самой назве якога чуецца нешта яўрэйскае. Зараз гэта - вёска ў 70 кіламетрах ад Мінска. Тут усяго стагоддзе таму жыло больш за тысячу нашых супляменнікаў. І менавіта тут у сям?і шаўца нарадзіўся паэт Ізі Харык, вершы якога збіралі ў 1920-1930-я гг. усхваляваныя натоўпы слухачоў. Загінуў паэт 29 кастрычніка 1937 г. разам з дзевятнаццацю іншымі беларускімі і яўрэйскімі літаратарамі ці то ў Курапатах, ці ў іншым ачагу сталінскага пекла.
    Сляды двух дзетак Харыка згубіліся ў дзетдамах НКВД. Дзякуй Богу, засталася жыць і зараз жыве ў Мінску жонка паэта Дзіна, якая адседзела ў лагерох блізу 20 год толькі таму, што не данесла на свайго каханага. Засталіся згадкі ў энцыклапедыях, засталіся ўспаміны й вершы. На радасць аматарам паэзіі пасля рэабілітацыі Харыка пачалі выходзіць яго кнігі - хоць часам перакладчыцкія выбрыкі навявалі сум на знаўцаў ідыш. У канцы 1980-х гг., з пачаткам яўрэйскага адраджэння ў Беларусі, першае свецкае культурнае таварыства яўрэяў было, са згоды ўдавы, названа імём Харыка. Але дзе зараз тое абъяднанне - Мінскае абъяднанне яўрэйскай культуры, або, калі па-руску, МОЕК? Незайздросны лёс чакаў яго, як і многія іншыя пачынанні. Даволі хутка яно ператварылася ў добрую кармушку для купкі прывілеяваных і самазадаволеных "прафесійных яўрэяў" бальшавіцкага гатунку. Такое нашае жыццё.
    Але ж кармушка кармушкай, а нейкія крокі наперад трэ было рабіць у кожным выпадку. У Зембіне доўгія гады пуставаў драўляны дом, дзе Харык нарадзіўся і дзе прайшло яго маленства. Варта было "прафесійным яўрэям" хаця б дамовіцца з чыноўнікамі Барысаўскага райвыканкаму, каб выдзяляліся грошы на падтрыманне дому Харыка ў нармальным стане. Але ж не - ад 1988 г. ніхто рэальна не парупіўся. Сп. Май Данцыг, прэзідэнт МОЕКа імя Харыка ў 1988-2001 гг., мастацкі "аўтарытэт", якога Лукашэнка ўзнагародзіў званнем народнага ў 1995 г. ды згадаў у сваім выступе перад дзеячамі культуры ў студзені 2001 г., аддаў перавагу змаганню за офіс МОЕКа на Інтэрнацыянальнай, 6. Ні сваёй канторы сп. Данцыг не ўратаваў (выселілі яе гарадскія ўлады ў чэрвені 2001 г. за няплату арэнды), ні агульнай нашай спадчыны ў Зембіне. Можа, папросту ня ведаў пра яе? Ведаў. І нават пэўны інтарэс праявіў: некалькі год таму сцягаўся ў Зембін разам са сваёй намесніцай па МОЕКу, Алай Левінай, але ніякага кантракту з мясцовымі ўладамі не заключыў. Да шырокай грамадскасці не звярнуўся, грошы на рамонт дома збіраць не заклікаў. Абыякавасць - страшэнная сіла…
    Тая самая глыбінная абыякавасць праточваецца і праз інтэрвію, якое даваў беларускай газеце былы генеральны дырэктар Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх абъяднанняў і абшчын - СБЯГА - у час святкавання 100-годдзя паэта вясною 1998 г.. Вось што казаў Барыс Азерскі: "Я, так здарылася, не быў у мястэчку Зембін і ня ведаю, якім чынам домік Харыка перашкаджае рэканструкцыі горада…" (Культура, 04.04.1998). Яно й відаць, што не быў - калі тая вёска Зембін паспела стаць "горадам"? Штопраўда, сп. Азерскі мог спаслацца на словы яшчэ двух "вялікіх знаўцаў" яўрэйскай гісторыі Беларусі, Якава Басіна ды Эмануіла Іофе. Першы, віцэ-прэзідэнт СБЯГА, панёс быў лухту пра "горад Зембін" у папулярнай мінскай газеце (Имя, 01.03.1996), другі, старшыня навуковай камісіі Саюза, не каментуючы, растыражаваў тую лухту ў сваёй ня менш папулярнай кніжцы "Страницы истории евреев Беларуси" (Мінск, 1996, с. 207). Калі адказныя асобы буйнейшай яўрэйскай хеўры - СБЯГА - ня ведаюць толкам, дзе знаходзіцца каштоўны абъект, ці выпадае казаць пра эфектыўную яго ахову?
    Мясцовыя жыхары кожным разам скардзіліся: "Няма грошай на рамонт дома". Пэўна, насамрэч не было. Грошы можна было пашукаць у выхадцаў з Зембіна, што знайшлі прытулак у ЗША, Ізраілі. Каб нашыя "прафесійныя яўрэі" паварушыліся… Выступаюць жа паўсюдна ад нашага імя.
    Аляксандр Разенблюм, яўрэйскі актывіст з Барысава, прасіў у ратаванні дома Харыка дапамогі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ліст Разенблюма, гэтаксама як мой зварот да мецэнатаў праз газету "Берега" ў ліпені 2001 г., застаўся без адказу. У рэшце рэшт, спраўдзіўся сумны прагноз чатырохгадовай даўніны: "хутчэй за ўсё, дом будзе разабраны на дровы" (Еврейский камертон, 12.12.1997). Восенню 2001 г. дома Ізі Харыка ня стала. Амаль адначасова была разбурана мінская сінагога на Дзімітрава, 3, пра якую пісала "АК" у пробным нумары. Да таго ж у верасні 2001 г. хтосьці знявечыў драўляную браму славутага "дома з мязузай" па вул. Ракаўскай. Усе экскурсіі "па яўрэйскіх мясцінах Мінска" праходзілі праз гэтае месца. Тут заставалася характэрнае паглыбленне ад футарала мязузы - світка са словамі Торы. Цяпер кавалак дрэва з паглыбленнем начыста выпілаваны.
    Папраўдзе, гэтая восень для яўрэяў Беларусі стала чорнай. Падобна да таго, што нехта старанна вынішчаў згадкі пра іх прысутнасць у беларускай гісторыі. Каб мы былі адзінай абшчынай - захавалі б усё. А яўрэі Беларусі - збольшага "ні мяшчане, ні сяляне", кажучы словамі паэта Фелікса Баторына. Адпаведнае да нас і стаўленне.
    Заўсёды варта спадзявацца на лепшае. Вось збяруцца разам кіраўнікі буйнейшых яўрэйскіх суполак, наведаюць вёску Зембін, дамовяцца з кіраўнікамі Барысаўскага раёна, каб тыя аднавілі дом Ізі Харыка, даглядалі помнік ахвярам Катастрофы (18 жніўня 1941 г. нацысты забілі на ўскрайку вёскі 927 яўрэяў) ды ўпарадкавалі тамтэйшыя яўрэйскія могілкі, а там, глядзіш, і сінагога на Дзімітрава-тры будзе адбудаваная, і МОЕК вернецца на сваю "гістарычную радзіму". Зрэшты, ці не занадта давяраем мы "лідэрам"? "Уласныя вочы пільней за ўсім сочаць" - мо нам, беларускім яўрэям, самім лепей пільнаваць памяткі нашай даўніны?
В. Р.

*****

    Да 100-годдзя з дня нараджэння Ізі Харыка Саюз яўрэйскіх абшчын, па замове Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі, падрыхтаваў перавыданне кнігі твораў яўрэйска-беларускага паэта. Кніга "Отсель кричу в грядущие года…" выйшла напачатку 1998 г. мізэрным накладам у 500 асобнікаў. Былы старшыня Камітэта А. Білык ганарыўся тым выданнем аж у 2000 г.: паводле сп. Білыка, яно сведчыць пра клопат дзяржавы аб нацыянальных меншасцях (Берега, люты 2000). Сведчыць… Мо лепей ня ведаць, як яно рыхтавалася? Па кнізе 1958 г., поўнай хібаў. Вось жа, пераклады паэмаў "Мінскія балоты" і "На чужым вяселлі" на рускую мову ў той час былі зробленыя абы-як і не перадалі хараства арыгіналаў. Паводле словаў сучасніка Харыка і вялікага аматара ягонай творчасці, найстарэйшага яўрэйскага паэта Гірша Рэлеса, ён патлумачыў ужо знаёмаму нам Б. Азерскаму, што ў гэткім выглядзе друкаваць лепшыя паэмы Харыка нельга, а ў адказ пачуў: "Мне даручылі, і буду друкаваць як ёсць". Сп. Азерскі - архітэктар, ніякага дачынення да літаратуры ня мае. Які з яго знаўца жыццёвага шляху Харыка - мы ўжо бачылі. Чаму ж "галоўны яўрэй Беларусі" сп. Левін даручыў падрыхтоўку зборніка менавіта яму? Загадка.
    Верагодна, кнігу трэ? было выдаць тэрмінова, каб паспець праглынуць смачны дзяржаўны кавалак. Аднак жа ведалі людзі, на кім капітал зарабіць - на Харыку.
    Ад рэдакцыі. "Звышкампетэнтны" сп. Азерскі ўжо даўно не працуе генеральным дырэктарам СБЯГА, аднак М. Данцыг - дагэтуль віцэ-прэзідэнт Саюза "ўсіх яўрэяў". Мы гатовыя даць яму слова ў наступным нумары "АК".
    Ізі Харыку прысвячалі свае вершы шматлікія беларускія ды яўрэйскзя паэты. Раз няма ўжо дома, дзе паэт нарадзіўся, гэтыя творы застануцца своеасаблівым помнікам Харыку. Адзін з вершаў падкупіў нас сваёй шчырасцю. Яго аўтар, былы масквіч, зараз жыве ў ЗША, але бацькі яго - тутэйшыя, з Клецку і Цімкавічаў.

Михаил Садовский

Ты мне Изи Харика читала -
Сколько раз читал его потом!
Словно ты со мной его листала -
Вот стоит на полке этот том.

И любая нежная страница
Голосом твоим оживлена,
Для меня навеки в ней хранится
Маминого голоса страна.

Говорят, влюбленный не однажды
Автор это все читал тебе,
И осталось в них томленье жажды
И его раздумья о судьбе.

Чуть начну читать - всегда бывает,
Слышу голос твой - его строку
Прошлое волшебно оживает,
Будущее сбито на скаку.

Эту книжку в тяжкую минуту
От костра пятидесятых спас,
Спрятал я под шарф ее, закутал,
И тепло хранит она сейчас.

В жизни ничего не пропадает -
Даже голос и тепло сердец,
Слышу, как больная и седая
Харика читаешь под конец.

Бобе Лее. Ярославль: Нюанс, 1993. http://www.zavalenka.com.

Творчасць Фелікса Хаймовіча (Баторына) - зъява ў сучаснай Беларусі экстраардынарная, недастаткова ацэненая. Ён, цудоўны ўрач-гінеколаг - бадай адзіны ў свеце паэт, які піша і на ідыш, і на беларускай мове. Беларускую ведаў з дзяцінства, ідыш вывучыў у сталым узросце. Пра сябе кажа: "яўрэй з беларускай душой". Душа абавязкова прысутнічае ў ягоных вершах - і лірычных, і філасофскіх. Друкуем адзін з найбольш вядомых твораў, які сп. Хаймовіч нярэдка чытае са сцэны, радкі якога просяцца на музыку. Нездарма ў яўрэйскай мове (ідышы) слова "лід" азначае і верш, і песню.

ЁШКЕ ФОРТ АВЕК*

Жыў калісьці Ёселе
     ды ў мястэчку Хоціне.
Дзеткам шыў пантофлікі,
     а кабетам - боцікі.
Рыбу меў да шабаса
     і мацу да Пейсаха,
І спагаднай хвіляю
     напяваў ён песеньку:
"Ой-ёй! Ёшке форт авэк!"
А гады міналіся
     сталінска-забойныя
Чорныя ваенныя,
     затхлыя застойныя.
На зямлі зжабрачанай
     я жыву падкідышам.
І даўно не чую я
     песенек на ідышы.
"Ой-ёй! Ёшке форт авэк!"
Хітрыя і простыя,
     крыху вірлавокія,
Ад?язджаюць Ёселі
     ды ў краі далёкія.
Хай не ўсё наладзіцца,
     але маюць рацыю.
Мо і Яські з?ехалі б -
     ды куды падацца ім?
     "Ой-ёй! Ёшке форт авэк!"

*Ёшка адъязджае прэч (ідыш).

Гэты ды іншыя пекныя вершы - а таксама аўтапераклады з ідыш - увайшлі ў новую кнігу паэзіі Фелікса Баторына ("Паглядам акідваю шлях" Мінск, Мастацкая літаратура, 2001. - 207 с.) Кніга аздоблена мастаком Шапялевічам. Тыраж яе абмежаваны - спяшайцеся набыць!
ПОШУК
Кто знал Исаака Пекера? Родился он в 1900 г. в городе Балта под Одессой. Пропал без вести в 1944 году на территории Витебской области. Напишите о нем в редакцию "АК" или по адресу e-mail: gdalia10@yahoo.com
Адрас для лістоў: Беларусь, Мінск, 220068, а/c 75. (Belarus, Minsk-68, P.O. Box 75). Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванняў аўтараў, друкаваць артыкулы дзеля палемікі. Рукапісы не вяртаюцца. Надрукавана 05.02.2002. Тыраж 201 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск - У. П. Рубінчык (rubinchik@lycos.com). Усе правы захоўваюцца за аўтарамі. Пры перадруку просьба спасылацца на "Анахну кан".





Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il